Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі з прызыўнікоў робяць крымінальнікаў


Гомельскі гарадзкі ваенкамат абвінавачвае ва ўхіленьні ад вайсковай службы чарговага прызыўніка. Гэтым разам Яўгена Якавенку — актывіста стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».

Напярэдадні ў Гомелі спэцназаўцы затрымалі Яўгена Якавенку на вуліцы і гвалтам даставілі ў гарадзкі ваенкамат. У камісарыяце юнака абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ўхіляецца ад вайсковай службы.

Аднак яшчэ тыдзень таму 25-гадовы малады чалавек падаў у ваенкамат заяву з просьбай, каб яму дазволілі прайсьці альтэрнатыўную службу. Як лічыць сам Яўген, якраз пасьля гэтай заявы пачаўся перасьлед з выкарыстаньнем фізычнай сілы.

На дзеяньні спэцназаўцаў Яўген падаў скаргу ў Савецкі аддзел унутраных спраў. Ён лічыць, што дзеяньні спэцназаўцаў падпадаюць пад крымінальны артыкул «выкраданьне чалавека».

Камэнтуе сытуацыю каардынатар кампаніі «Альтэрнатыўная (грамадзянская) служба» Міхась Пашкевіч:

Міхась Пашкевіч
«Я лічу, што ў адносінах да Яўгена Якавенкі ўчынены гвалт. Ён жа сьвядома і загадзя падаў заяву на альтэрнатыўную службу. І пакуль ён не атрымаў адказу, а мусіць быць дадзены пісьмовы адказ, то ў прынцыпе ніякіх дзеяньняў у прызыве юнака на службу не павінна адбывацца. Тым больш што толькі прызыўная камісія, а не ваенкамат, можа ўчыняць неабходныя дзеяньні».

Гомельскі грамадзкі актывіст Кастусь Жукоўскі ўдакладняе, што Яўген Якавенка — трэці па ліку прызыўнік у Гомелі, які зазнае жорсткі перасьлед за просьбу замяніць тэрміновую службу альтэрнатыўнай.

«У Гомелі цяпер шмат маладых людзей, якія ня супраць аддаць абавязак Радзіме, але ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй яны хочуць мець права на альтэрнатыўную службу. Аднак ні ваенкаматы, ні прызыўныя камісіі, ні дэпутаты, ні чыноўнікі, якія адказваюць за гэта, ня рупяцца, каб прыняць закон пра альтэрнатыўную службу. І цягнецца гэта ўжо, мусіць, дзевятнаццаць гадоў».

Права на альтэрнатыўную службу маладыя гамельчукі хочуць выкарыстаць з розных прычынаў. Да прыкладу, вернік абшчыны «Сьведкі Еговы» Зьміцер Смык таксама прасіўся прайсьці альтэрнатыўную службу. Але яго абвінавацілі, зноў-такі, ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Суд вынес яму штраф памерам тры з паловай мільёны рублёў, які ён абскарджвае цяпер у старшыні абласнога суду:

Зьміцер Смык
«Ня бачу наагул лёгікі ў гэтым рашэньні суду. Дзякаваць Богу, у нашай краіне дазволена службу ў войску замяніць альтэрнатывай. Тут як бы й ні пры чым нават мае рэлігійныя перакананьні. Гэта маё права, і я хачу яго скарыстаць. Што яшчэ трэба, каб дзяржава мне яго забясьпечыла?»

Паводле заявы Мінабароны Беларусі, на сёньня позвы з ваенкаматаў ігнаруюць больш як 5 000 юнакоў прызыўнога ўзросту. Каардынатар кампаніі «Альтэрнатыўная (грамадзянская) служба» Міхась Пашкевіч лічыць, што Беларусі патрэбен адпаведны закон. Дарэчы, першы праект гэтага закону быў распрацаваны яшчэ ў 1991 годзе, і зараз, як кажа Міхась Пашкевіч, узнаўляюцца высілкі па наданьні дакумэнту юрыдычнай сілы:

«Зараз будуць падключаны спэцыялісты Эўрапейскага суду па правах чалавека і Камітэту ААН па правах чалавека. Лічу, што ў нас будзе вельмі моцна прапрацаваная юрыдычная сытуацыя, і больш за гэта — з дапамогай нашых партнэраў мы плянуем склікаць у траўні грунтоўную канфэрэнцыю пра пэрспэктывы альтэрнатыўнай службы ў Беларусі».

Таксама Міхась Пашкевіч паведаміў сёньня «Свабодзе», што на 29 студзеня прызначана судовае паседжаньне Менскага раённага суда па справе ўхіленьня ад вайсковай службы верніка габрэйска-мэсіянскай суполкі Івана Міхайлава.

Іван Міхайлаў тры тыдні чакае суду за ўхіленьне ад вайсковай службы ў камэры Жодзінскага сьледчага ізалятара. 31 сьнежня справу перадалі ў суд. Іван спадзяваўся на службу ў рэзэрве і казаў, што рэлігійныя перакананьні не дазваляюць яму служыць у войску. Цяпер яму пагражае паўгода арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG