Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы гамяльчук стане рабінам-баксёрам


Пра гэта пасьля заканчэньня вучобы ў габрэйскім інстытуце Iyyun заявіў 29-гадовы Юры Форман, ураджэнец Беларусі, першы ізраільскі чэмпіён сьвету па боксе ў вагавай катэгорыі WBA (да 69,85 кг), які жыве і трэніруецца ў ЗША.

У інтэрвію журналістам ён сказаў, што хоча зьехаць у Ізраіль, працаваць у сынагозе і абараняць свой чэмпіёнскі тытул у якасьці рабіна-баксёра.

«Я вельмі ганаруся тым, што я габрэйскі баксёр, — кажа Юры. — Можа, мой тытул крыху дапаможа зьмяніць уяўленьне пра мой народ».

Шлях да чэмпіёнства, паводле слоў Юрыя, пачаўся на радзіме, у Беларусі. Яму было гадоў сем, калі некалькі старэйшых па ўзросьце школьнікаў пабілі яго ў душавой басэйну. Дадому ён прыйшоў у сьлязах, і на наступны дзень маці адвяла яго ў сэкцыю боксу. Першы трэнэр Формана паабяцаў хлопчыку, што такое больш не паўторыцца.

Калі Юру споўнілася 11 гадоў, яго сям’я пакінула Гомель і эмігравала ў Ізраіль. Форманы пасяліліся ў Хайфе, і тут хлопчыка спрабавалі абразіць ужо з-за яго беларускага паходжаньня. Ён вярнуўся да трэніровак, і хутка высьветлілася, што супернікаў сярод баксёраў-аматараў у яго няма.

У 1999 Юры Форман перабраўся ў ЗША, у нью-ёрскі Бруклін. Ён марыў стаць чэмпіёнам сярод прафэсіяналаў. Мара маладога чалавека ажыцьцявілася летась у лістападзе, калі на чэмпіянаце сьвету ў Лас-Вэгасе ён перамог пуэртарыканскую зорку Даніэля Сантаса.

«Я хацеў даказаць сьвету, што габрэі могуць змагацца і што, нягледзячы на тое, што іх білі і зьбівалі, яны могуць змагацца», — кажа Форман.

Паводле 29-гадовага баксёра, яго вера і заняткі такім жорсткім відам спорту ніколькі не супярэчаць Торы. Сваю мэту ў спорце Форман бачыць не ў нанясеньні ўдараў праціўніку, а ў перамозе над ім. Юры сьцьвярджае, што бокс і юдаізм дапаўняюць адзін адно.

«Калі я іду ў спартыўную залю, я трэнірую сваё фізычнае „я“, а калі я займаюся з рабінам, то трэнірую свае духоўныя мускулы. Чалавек павінен імкнуцца да большага ўдасканаленьня. Як у веры, так і на рынгу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG