Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здольная Беларусь дапамагчы Гаіці?


З 1986 году, пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Беларусь атрымала ад краінаў сьвету гуманітарнай дапамогі на сотні мільёнаў даляраў. А каму дапамагала сама Беларусь пасьля прыродных і тэхнагенных катастрофаў?


14 студзеня ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі “Свабодзе” паведамілі, што пакуль не атрымалі ніякіх загадаў аб аказаньні тэрміновай дапамогі Гаіці ў сувязі зь землятрусам 12 студзеня.

“Мы — выканаўцы. Мэханізм такі: прымаецца адпаведная пастанова ўраду, у якой мы часьцей за ўсё вызначаемся як адзін з выканаўцаў. Калі будзе пастанова, тады і будзем яе выконваць. Але ў мяне пакуль ніякай інфармацыі”, — сказаў “Свабодзе” прэсавы сакратар міністэрства Віталь Навіцкі і параіў зьвярнуцца ва ўрад.

Кіраўнік прэсавай службы Савету міністраў Беларусі Аляксандар Цімашэнка паведаміў, што яму нічога невядома пра падрыхтоўку пастановы ўраду Беларусі аб аказаньні тэрміновай гуманітарнай дапамогі насельніцтву Гаіці.


дапамога ў усяго сьвету


Нагадаем, землятрус сілай 7 і 5,9 балаў па шкале Рыхтэра адбыўся на Гаіці 12 студзеня. У выніку амаль цалкам разбурана сталіца краіны Порт-о-Прэнс. Паводле папярэдніх зьвестак, маглі загінуць больш за 100 тысяч чалавек. Больш за мільён жыхароў краіны страцілі жытло. Жыхары Гаіці кажуць, што найперш ім патрэбная дапамога мэдыкаў, выратавальнікаў, не хапае ежы, вады, мэдыкамэнтаў, цёплай вопраткі і намётаў.

Захады неадкладнай дапамогі Гаіці ўжо робяць ЗША, Бразылія, Кітай, Вэнэсуэла, Эўразьвяз. Дапамогу на выспу ў Карыбскім моры завозяць самалёты з усяго сьвету. Ці можа Беларусь тэрмінова накіраваць у Гаіці самалёт з дапамогай? У МНС Беларусі кажуць, што там няма сваёй авіятэхнікі для такіх далёкіх рэйсаў, але выйсьце знайсьці магчыма:

“Варыянты ёсьць. У нас ёсьць досьвед аказаньня гуманітарнай дапамогі сумесна з МНС Расеі, калі на іх транспарце завозілі гуманітарку. А таксама варыянт — выкарыстаць авіятэхніку кампаніі “Трансавіяэкспарт”, гэта наша кампанія”, — сказаў Віталь Навіцкі з МНС.


гісторыя беларускай дапамогі


Ці часта Беларусь аказвае дапамогу іншым краінам сьвету, калі ў іх здараюцца прыродныя катастрофы ці іншыя надзвычайныя сытуацыі? У МНС нагадалі зусім нядаўнія прыклады: як летась дапамагалі суседняй Украіне ў змаганьні з эпідэміяй сьвінога грыпу, Таджыкістану — пасьля землятрусу, а ў 2008 годзе аказвалі гуманітарную дапамогу жыхарам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, пацярпелым ад вайны паміж Расеяй і Грузіяй.

Калі складана арганізаваць далёкія рэйсы самалётамі, беларускі МНС можа дапамагчы грашыма, каб набыць усё, што трэба, на месцы, згадаў былы міністар надзвычайных сытуацый Валер Астапаў. Гэтак, паводле Валера Астапава, у 2001-м годзе МНС перадаў 15 тысяч даляраў дапамогі для пацярпелых ад паводкі ў Індыі і 10 тысяч даляраў — у Віетнам. Могуць істотна дапамагчы і беларускія адмыслоўцы.

“У тым жа 2001 годзе аказвалі дапамогу Ўкраіне і Малдове. У іх ад вялікага лёду і сьнегу шмат дзе абарваліся лініі электраперадач. Слупы нават туды вазілі, добра дапамаглі. На 50 тысяч даляраў выканалі рознай працы ўва Ўкраіне і на 80,5 мільёнаў рублёў — у Малдове. Нашы адмыслоўцы выяжджалі туды ўсё аднаўляць, а МНС арганізоўваў дапамогу”.

Усяго, паводле генэрал-лейтэнанта Валера Астапава, з 1999 году Беларусь дапамагала больш як 30 краінам сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG