Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Каваленкі: Ён будзе “валютай”

абноўлена

Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

Віцебскія паплечнікі і аднадумцы камэнтуюць нечаканае вызваленьне Сяргея Каваленкі са сьледчага ізалятара.


Віцебскі сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка стаў бадай што самай вядомай у Віцебску асобай: апоўдні 7-га студзеня на вачох у соцень гараджан ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы, усталяванай на плошчы Перамогі.

Актывіста затрымалі і абвясьцілі, што супраць яго распачата крымінальная справа за злоснае хуліганства. Паводле пастановы пракуратуры, з 10-га студзеня ён быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на тэрмін да 2-х месяцаў, але ўвечары 12 студзеня яго нечакана вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч таксама ўсьцешаны тым, што Сяргей Каваленка цяпер на волі:

Сяргей Парсюкевіч
“Гэта выдатна, гэта супэр, што Сяргей на волі! Ну, а пра прычыны гэтага можна толькі здагадвацца. Да рыкладу, вось перамовы ў Маскве па нафце і газу цяжка йдуць… Лукашэнка, напэўна, не наважыўся на тое, каб у краіне займець яшчэ аднаго палітвязьня. Яму гэта не патрэбна, напэўна.”

Сяргей Парсюкевіч былы супрацоўнік міліцыі, і ён кажа, што крымінальная справа супраць Каваленкі гэта бязглуздзіца. Бо ў такім выпадку міліцыянтам няма чым патлумачыць, зь якімі злачыннымі мэтамі ён залез на ёлку – да пракладу для таго, каб папсаваць цацкі ці гірлянды.

Праваабаронца Павал Левінаў таксама лічыць, што крымінальнае абвінавачаньне супраць Сяргея Каваленкі проста “рассыпаецца”:

Павал Левінаў
“Вызваленьне Сяргея Каваленкі – гэта ўрэшце разумнае рашэньне. Толькі ня ведаю ўжо, чыё. Бо калі затрыманьне да трох гадзінаў яшчэ, мажліва, мела сэнс, то на большы тэрмін яго затрымліваць – гэта толькі ад таго, што ў кагосьці зьявіўся вялікі страх. Уяўляю, як мясцовыя і ня толькі мясцовыя ўлады спалохаліся гэтага бел-чырвон-белага сьцяга на галоўнай ёлцы! Ну , а што да вызваленьня… Лічу, што ўлады зразумелі, якую зрабілі памылку: да гэтага ўчынку была прыцягнута вялікая ўвага грамадзкасьці, і ўнутры краіны, і ў замежжы. І каб прыгасіць цікаўнасьць, было прынята такое рашэньне”.

Тацяна Севярынец, сябра аргкамітэту дзеля падтрымкі Сяргея Каваленкі, пэўная, што працу новага грамадзкага ўтварэньня спыняць ня варта:

Тацяна Севярынец
“Я спадзяюся, што цяпер на пасяджэньне аргкамітэту прыйдзе сам Сяргей, мы яго павіншуем, павітаем…Мы дужа радыя, што ён з намі, але наперадзе суд. І невядома, што там задумана – як будзе вырашаны ягоны лёс. Таму мы мусім быць гатовыя да ўсяго – каб ні ён сам, не ягоная сям”я не заставаліся без падтрымкі, адны.”


Віцебскі каардынатар раху “За Свабоду” Хрыстафор Жаляпаў кажа, што віцебскія дэмакратычныя сілы вітаюць вызваленьне актывіста:

Хрыстафор Жаляпаў
“Канешне, я рады за яго, за ягоную сям’ю, за ягонага сынка. Гэта самае галоўнае – чалавек на волі, і мы апошнімі днямі свае высілкі накіроўвалі менавіта на гэта. Што было той прычынай, якая вымусіла ўлады яго вызваліць? Першае, што прыходзіць на думку – гэта праявы салідарнасьці і вялікі інфармацыйны розгалас. Новы палітвязень – гэта, канешне, не н карысьць уладам і таму дыялёгу, які, яны кажуць, спрабуюць з Эўразьвязам весьці.”

Хрыстафор Жаляпаў зьяўляецца адным з сябрам аргкамітэту дзеля падтрымкі Сяргея Каваленкі і ягонай сям”і, створанага ў Віцебску адразу па затрыманьні актывіста.

Старэйшая віцебская апазыцыянэрка Алена Залесская таксама адна з першых далучылася да працы аргкамітэту. Ейнае меркаваньне пра вызваленьне Каваленкі такое:
ён будзе “валютай” – мяркую, што “на ім” цяпер будуць выбудоўваць свае адносіны з Эўразьвязам. ...

“Я лічу, што ён будзе “валютай” – мяркую, што “на ім” цяпер будуць выбудоўваць свае адносіны з Эўразьвязам. Вы ж разумееце, што выпусьціць яго без санкцыі Лукашэнкі – гэта нерэальна. І цяпер ім будуць спэкуляваць, доўга будуць цягнуць ягоную справу і гэтак далей, і гэтак далей“.

Сябар КХП БНФ Ян Таўпыга лічыць, што значную ролю для вызваленьня Сергея Каваленкі адыграла падтрымка беларусаў з замежжа:
зусім ня значыць, што яго выпусьцілі, і ўсё дрэннае скончылася ...

“Вельмі добра стаўлюся да таго, што выпусьцілі Сяргея Каваленку. Думаю, гэта адбылося дзякуючы пікетам, зваротам да міжнароднай супольнасьці, заявам старшыні КХП БНФ Зянона Пазьняка, Рады БНР, старшыні Беларускага Эўрапейскага Згуртаваньня Зьмітра Піменава. Рэжым зразумеў, што новыя палітвязьні яму непатрэбныя. Але гэта ня значыць, што рэпрэсіі скончыліся. І перад выбарамі рэпрэсыйная машына будзе працаваць больш і больш. Так што зусім ня значыць, што яго выпусьцілі, і ўсё дрэннае скончылася.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG