Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымфонія царквы і дзяржавы: ці магчымае такое суладзьдзе?


Новая перадача сэрыі “Вольная студыя. Эфір 10 студзеня


Жыровіцкі Сьвята-Ўсьпенскі манастыр – сэрца праваслаўнай Беларусі. На рэлігійныя сьвяты сюды прыяжджаюць тысячы вернікаў з усёй краіны, а ў будні ў манастыры амаль штодня бываюць сьвецкія экскурсіі. Экскурсантам шанцуе, калі пра гісторыю сьвятыні яны чуюць з вуснаў брата Мікалая, які да пострыгу меў імя Алег Бембель. У гэтыя калядныя дні мы сустрэліся зь інакам Мікалаем у Менску, дзе ён зрэдку бывае па выдавецкіх справах.

Міхась Скобла
Міхась Скобла: “Брат Мікалай, як у Жыровічах звычайна адзначаецца Раство Хрыстовае?”


Інак Мікалай: “Звычайна служба пачынаецца перад дванаццацьцю гадзінамі ночы, а ранішняя літургія – у нуль гадзінаў трыццаць хвілінаў. Богаслужэньне ідзе ўсю ноч прыкладна да пачатку пятай гадзіны, потым адбываецца прычасьце, завяршаецца літургія, і манастырская брація ідзе ў трапезную – разгаўляцца”.

Скобла: “Сёньня Раство Хрыстовае – дзяржаўнае сьвята, пра яго можна прачытаць у дзяржаўных СМІ, БТ вядзе наўпроставыя трансьляцыі з храмаў. Атрымліваецца, што дзяржава ўзяла на сябе пэўныя місіянэрскія функцыі?”

Інак Мікалай: “Кожны хрысьціянін абавязаны быць місіянэрам, асабліва ў сёньняшнім нэа-паганскім сьвеце, калі беснаваньне – ужо адкрытае, яно татальна глябалізавалася і праз “інтэрцмока” павуціньнем абвіло літаральна кожную душу. Таму кожны хрысьціянін, паўтаруся, абавязаны быць місіянэрам і выкарыстоўваць для гэтага ўсе даступныя сродкі масавай інфармацыі. І таго ж “інтэрцмока” няможна аддаваць духу ліхому”.

Скобла: “А “інтэрцмок” – гэта хто?”

Інак Мікалай: “Яго ў народзе яшчэ завуць “інтэрсэкс”... Я маю на ўвазе інтэрнэт”.

Скобла: “А як часта вы бываеце ў інтэрнэце? Там жа ня толькі – сэкс, там і Слова Божае можна адшукаць”.

Інак Мікалай: “Навучэнцы нашай духоўнай сэмінарыі маюць цудоўную кампутарную клясу, выхад у інтэрнэт, яны павінны быць у курсе ўсёй сучаснай інфармацыі. А я такія народныя слоўцы тут прывёў таму, што карыстацца інтэрнэтам трэба з малітвай, з разуменьнем выбіраць зьвесткі з акіяну інфармацыі. Часам непадрыхтаваная моладзь трапляе ў павуціньне гэтых інтэрбеснаваньняў, і многа трагедый зьвязана з тым, што яна там тоне і ня можа выйсьці з гэтай багны”.

Скобла: “У часы дзяржаўнага атэізму беларуская інтэлігенцыя выступала супраць руйнаваньня храмаў. Чаму ж сёньня, калі дзяржавай нішчацца нацыянальныя каштоўнасьці, найперш беларуская мова, царква маўчыць?”

Інак Мікалай: “На жаль, у першую чаргу інтэлігенцыя ў ХХ стагодзьдзі ўпала ў богаборныя спакушэньні, адступленьне ад запаведзяў Божых пачалося найперш у інтэлігенцкім асяродку. Вось за такія мяцежныя настроі інтэлігенцыі ў першую чаргу Гасподзь і папусьціў акупацыю іншаверных іншапляменьнікаў, якая і вылілася ў шасьцідзесяцімільённы галакост сьвятарускага народу. А калі ўжо акупацыя адбылася, тут усе і зразумелі, якой спакусе паддаліся, як зразумеў тое паэт Аляксандар Блок. Шмат хто музыку рэвалюцыі хацеў паслухаць – вось і паслухалі... Але ўжо позна было, і шлях мучаніцтва за гэты грэх прайшлі – мільёны. 60 мільёнаў лягло касьцьмі ў першыя два-тры дзясяткі гадоў гэтай антыхрыставай акупацыі Сьвятой Русі. З гэтай страшнай катастрофы, намі ж самімі і накліканай, мы толькі цяпер памаленьку выходзім. І дай Бог, каб нам ізноў ня ўпасьці ў падобную ж рэвалюцыйную спакусу”.

Скобла: “Царква выступае супраць абортаў, алькагалізацыі насельніцтва... Але чаму не гучыць голас царквы ў абарону беларускай мовы?”

Інак Мікалай: “Голас царквы вельмі выразна гучыць найперш у дзейнасьці Біблейскай камісіі. Выданьне Эвангельляў на чатырох мовах паралельна (у тым ліку – на сучаснай беларускай) – гэта і ёсьць пазыцыя царквы па пытаньнях нацыянальнай культуры. Акрамя таго, бласлаўлёныя літургіі па-беларуску праходзяць у многіх храмах. І я зь вялікім сумам назіраю, што па пальцах можна пералічыць нашых літаратараў, нашу творчую інтэлігенцыю, якія наведваюць гэтыя літургіі. Тыя ж самыя бабулькі, якія хадзілі на царкоўнаславянскія літургіі, ходзяць і на беларускія. Тое, што залежала ад царквы, зроблена, цяпер ад нашай творчай інтэлігенцыі залежыць значна болей. Яна павінна зрабіць крок насустрач, запоўніць гэтыя храмы, дзе праводзяцца літургіі на сучаснай беларускай мове. У той жа час я хачу вось што падкрэсьліць. Царкоўнаславянская мова, якая сем стагодзьдзяў фактычна была і літургічнай, і літаратурнай, і дзяржаўнай мовай ВКЛ, хоць і з элемэнтамі мясцовай гаворкі, гэтая мова, на якой моляцца сорак пакаленьняў беларусаў, пачынаючы ад нашай першай манахіні Анастасіі (у сьвеце Рагнеды, жонкі роўнаапостальнага князя Ізяслава), – гэтая мова такі ж самы наш нацыянальны скарб, як і новабеларуская мова. Так што пытаньне нацыянальнай мовы значна шырэй, чым пытаньне новабеларускай мовы”.

Скобла: “У сваёй творчасьці (як паэт Зьніч) вы заклікаеце да яднаньня царквы і дзяржавы. Але ж у іх – розныя мэты, якое тут можа быць яднаньне?”

Інак Мікалай: “Сымфонія царквы і дзяржавы магчымая. У канстытуцыі Сьвятой Русі амаль тысячу гадоў былі запаведзі Божыя і царкоўныя каноны. І калі ўсе людзі, усе пакаленьні, усе слаі грамадзтва сапраўды трымаліся сэрцам гэтай сымфоніі, то гэтая Боганатхнёная дзяржава перажывала найвялікшы росквіт. Але дух ліхі, як люты зьвер, падступаўся і спакушаў. Гэта можна прасачыць па гістарычных падзеньнях, якімі Гасподзь уразумляў людзей, калі адбываўся адыход ад сьвятой канстытуцыі, ад Божых запаведзяў і канонаў царквы. Вось як трэба разумець сымфонію царквы і дзяржавы. Найперш яна гучыць у сэрцах – ад простых людзей і да высокіх дзяржаўных чыноў. Калі будзем уцаркаўлёныя, і не формальна, а сэрцам, то будзе гучаць сымфонія. А як толькі адбудзецца расцаркаўленьне сэрцаў, – будуць гучаць дысанансы, і сымфонія ператворыцца ў какафонію. Падобнае ня раз было ў нашай тысячагадовай хрысьціянскай гісторыі, і мы гэта ўжо ў ХХ стагодзьдзі на сваёй скуры, на сваіх сэрцах і лёсах адчулі”.

Скобла: “Як трывога, дык да Бога – вядомая прыказка. А як навучыцца прыходзіць да Бога ў радасьці?”

Інак Мікалай: “Пакуль гром ня грымне, мужык не перахрысьціцца – ёсьць і такая прыказка, правераная вякамі. І, на жаль, гэтая інэрцыя вякоў яшчэ над намі стаіць. Але трэба кожнаму памятаць неаднойчы гаворанае сьвятымі айцамі: у кожную хвілю кожнай душы і кожнаму племені Гасподзь стварае найлепшыя ўмовы для ўратаваньня. І калі гэта памятаць, то будзем дзякаваць Богу за ўсё: за горкае і за салодкае. Хай у нашым жыцьці будзе такая нацэленасьць: дзякаваць Богу найперш за горкія лекі, а потым – за салодкія. Тады такое ўладкаваньне сэрца дасьць мудрае, таксама праверанае вякамі ўспрыманьне жыцьця”.

Скобла: “Тры гады таму ў старажытнай Сынкавіцкай царкве на Зэльвеншчыне прайшло сьвята хрысьціянскай паэзіі, якое меркавалася зрабіць традыцыйным. Аднак з-за пэўнай насьцярожанасьці царкоўных колаў наступнага сьвята не адбылося. Царква не прыдатная для сьвецкай паэзіі?”

Інак Мікалай: “Сынкавіцкі храм чакае нашых рыфмароў, і толькі ад нас залежыць, калі паўторыцца гэтае сьвята. Так што давайце памолімся, зьбярэмся і зладзім сьвята паэзіі. Царква тут ня будзе чыніць аніякага клопату”.

Скобла: “А можа, варта зрабіць сьвята хрысьціянскай паэзіі перасоўным і міжканфэсійным? Няхай яно вандруе з гораду ў горад, ад царквы да касьцёла?”

Інак Мікалай: “Грукайце, і адчыніцца вам. Давайце складзем праграму, папросім Уладыку, я думаю, блаславеньне будзе”.

Скобла: “Наступнае сьвята хрысьціянскай паэзіі магло б адбыцца сёлета ў Зэльвенскай царкве, прымеркаванае да 100-годзьдзя Ларысы Геніюш – вялікай паэткі і хрысьціянкі. Вы гаварылі пра сымфонію царквы і дзяржавы. Вось у адносінах да Геніюш царква і дзяржава чамусьці выступаюць з розных пазыцый. Царква яе шануе, а дзяржава – да гэтай пары не рэабілітавала”.

Інак Мікалай: “Дасьць Бог, гэтае пытаньне ў хуткім часе будзе станоўча вырашанае. Мае сэрца і досьвед падказваюць мне, што ў хуткім часе гэтая плямка будзе змытая з нашай гісторыі і з нашага сумленьня. Як і ўсе нашыя грахі пры шчырым пакаяньні змываюцца, так і яна будзе змыта, у тым ліку і ў форме пэўных дзяржаўных актаў”.

Скобла: “У чым вам бачыцца зарука беларускай вечнасьці?”

Інак Мікалай: “Гасподзь стварыў усе плямёны без вынятку як унікальную цэласнасьць. Таксама як і кожнае чалавечае сэрца, кожная чалавечая душа – гэта ўнікальнае, непаўторнае, адзінае ва ўсім Сусьвеце Божае стварэньне. І зарука беларускай вечнасьці ў тым, што Гасподзь стварыў кожную душу і кожнае племя – на векі вечныя”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG