Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы аб умовах пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь зноў не далі выніку

абноўлена

Падчас чарговага раўнду перамоваў пра ўмовы паставак нафты з Расеі ў Беларусь, праведзенага 6-7 студзеня ў Маскве, беларускі і расейскі бакі ня здолелі дасягнуць кампрамісу па прынцыповых пытаньнях.


"Падчас перамоваў прадстаўнікамі беларускага боку прапанаваліся аргумэнтаваныя кампрамісныя варыянты па ўсіх пазыцыях, што абмяркоўваліся. Аднак было відавочна, што расейскія перамоўшчыкі не былі гатовыя прымаць якія-небудзь прынцыповыя рашэньні, кіруючыся выключна раней атрыманымі ўказаньнямі па перамоўнай пазыцыі", – паведаміла карэспандэнту БЕЛТА крыніца, блізкая да перамоваў.

У выніку бакамі было прынятае рашэньне ўзяць паўзу ў перамовах для правядзеньня дадатковых кансультацыяў. Пры гэтым беларускі бок па-ранейшаму выяўляе гатовасьць да працягу перамоваў да дасягнення ўзаемапрымальнага выніку, але выключна ў рамках дзейснай прававой базы беларуска-расейскіх адносінаў.

Як мы паведамлялі раней, 7 студзеня у Маскве працягваліся перамовы аб умовах пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь. Паводле прэсавага сакратара беларускага ўраду Аляксандра Цімашэнкі, перамовы вяла дэлегацыя ў ранейшым складзе намесьніка міністра эканомікі Анатоля Філонава і кіраўніка канцэрну “Белнафтахім” Валеры Казакевіча.

Першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка, упаўнаважаны да падпісаньня дакумэнтаў, знаходзіўся на працоўным месцы ў Менску і быў гатовы ў любы момант выляцець у Маскву. Нагадаем, 6 студзеня беларускія афіцыйныя мэдыі распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што па віне расейскага кіраўніцтва перамовы сарваліся і бакі вярнуліся на пазыцыі пачатку года. Ці адбілася гэта неяк на працы нафтаправоду? Прадстаўнік “Гомельтранснафты “Дружба” сказаў карэспандэнту “Свабоды”:

“Дружба” працуе ў ранейшым рэжыме. Усё як было, так і ёсьць. У штатным раскладзе”.

Ці можа Расея спыніць пастаўкі нафты? Паводле кіраўніка цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, пакуль амаль на два тыдні беларускі бок мае запасы.

Яраслаў Раманчук
“А потым, калі будуць плаціць, будуць адгружаць, ня будзе плаціць - ня будуць адгружаць. Гэта камэрцыйная справа. І калі такі рэжым прымусіць Лукашэнку выйсьці з Мытнага саюзу, тады Расея даб’ецца нейкага прагрэсу. Калі ж Лукашэнка пры дапамозе сваіх лябістаў прымусіць Пуціна і Сечына на гэты раз да сваёй пазыцыі, тады трэба будзе падзякаваць Лукашэнку за яшчэ адну перамогу над крамлёўскім двухгаловым арлом”.

Паводле эканаміста Барыса Жалібы, вельмі скупая інфармацыя пра хаду перамоваў у Маскве сьведчыць пра тое, што яны ідуць вельмі напружана. Ён лічыць, што расейскі бок памяняў ранейшыя дамоўленасьці і гэтым “падклаў сьвіньню беларусам”.

Барыс Жаліба
“Канечне, гэта неспадзяванка для беларусаў, што Расея раптам памяняла сваю пазыцыю. Нейкая авансы перад Новым годам давала, а цяпер усё адкінулася назад. Магчыма, нават яшчэ на горшыя зыходныя ўмовы. Тут Расея перагнула палку, бо цягам некалькіх гадоў была дамоўленасьць, што Беларусь, як саюзьнік, купляе нафту з льготным мыта, з прэфэрэнцыямі, недзе ў 35%. І тут раптам да 100%. Канечне, тут ёсьць нешта за кадрам. Расея ў чарговы раз паказвае сваю моц, паказвае ўраду і прэзыдэнту, што краіна ў залежнасьці ад яе энэрганосьбітаў. Гэта ўсё ж закіды эмацыйныя, такая ідзе гульня нэрваў”.

Камэнтуючы безвыніковасьць перамоваў у Маскве спадар Раманчук адзначыў, што кожны бок выкарыстоўвае магчымасьць, каб прапіярыць сваю пазыцыю.

“Калі чалавек гуляе ў хакей, калі такая праблема, то, відавочна, няма адказу, разгубленасьць. Няма падстаў, каб Расея нешта памяняла, калі самы галоўны палітык Беларусі, па сутнасьці, адмаўляецца весьці перамовы па гэтаму стратэгічнаму накірунку. Гэта пытаньне палітычнае і яго вырашаюць людзі, адказныя за палітыку. Гэту кашу заварыў Лукашэнка, бо ён зрабіў стаўку на Мытны саюз, які не запрацаваў з 1-га студзеня ў тым варыянце, як плянаваў Лукашэнка. І, відавочна, не запрацуе, што падкрэсьліваў і Сечын, і Пуцін, кажучы, што нафта і газ не падпадаюць пад гэту дамову. Таму гэта выключна яго адказнасьць і ён павінен весьці перамовы. Тут пытаньне на 5 мільярдаў даляраў, а ён гуляе ў хакей. Гэта, безумоўна, неадэкватная рэакцыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG