Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турапэратары ў шоку


Нацыянальны аэрапорт «Мінск»
Нацыянальны аэрапорт «Мінск»
МЗС Беларусі патлумачыла трохразовае падвышэньне коштаў афармленьня візаў замежнікам у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» «уніфікацыяй тарыфаў». У прыватнасьці, ад пачатку студзеня з 60 да 180 эўра падвышаны візавы збор у аэрапорце для грамадзянаў краінаў, дзе ёсьць беларускія консульскія ўстановы. Прадстаўнікі турыстычных кампаній лічаць, што такія захады супярэчаць абвешчанай палітыцы беларускіх уладаў на разьвіцьцё ўязнога турызму, а таксама ставяць пад сумнеў магчымасьць зьніжэньня візавых коштаў для грамадзянаў Беларусі.

Супрацоўніца адной зь менскіх турфірмаў Аліна Набокава кажа, што прынятае пад Новы год рашэньне сталася для турыстычнай супольнасьці громам пасярод яснага неба. Паводле яе слоў, шмат якія апэратары, да якіх даводзіцца плян прыняцьця іншаземцаў, будуць пастаўленыя ў вельмі жорсткія рамкі:

«Рашэньне было прынятае ўвечары 30 сьнежня, то бок навагодні сюрпрыз для ўсіх атрымаўся. Цяпер тлумачаць, што нібыта 4 гады рыхтавалі і вырашылі зрабіць такім чынам... Вядома, замежнікам было вельмі зручна: у аэрапорт прыляцеў, адкрыў турыстычную візу — і паехаў далей. А цяпер візы прывялі да адзінага тарыфу — 180 эўра ў аэрапорце для краінаў, дзе ёсьць беларуская амбасада, і 90 эўра — для тых, дзе дыппрадстаўніцтва няма».

У адмысловым тлумачэньні зьнешнепалітычнага ведамства гаворыцца: у сусьветнай практыцы выпадкі афармленьня візаў у аэрапортах надзвычай рэдкія. У беларускім выпадку гэта выклікана, у першую чаргу, неабходнасьцю аказаньня візавых паслугаў грамадзянам краінаў, дзе няма консульскіх устаноў Беларусі. Калі ўлічыць, што разгортваньне адпаведнай інфраструктуры — справа ня танная, то і канчатковы кошт павінен адпавядаць выдаткам. Паказальна, што яшчэ ня так даўно беларускія ўлады такую практыку падавалі як жаданьне мабілізаваць найбольшую колькасьць замежнікаў, якія змогуць проста і адносна танна трапіць у Беларусь, абмінаючы доўгія консульскія працэдуры.

Кіраўнік вядучага турыстычнага парталу Беларусі Holiday.by Андрэй Барашка лічыць такога кшталту крок не зусім апраўданым, бо і без таго няпростыя візавыя стасункі Беларусі з астатнім сьветам рызыкуюць яшчэ больш ускладніцца:

«У дадзеным выпадку самае дзесьці неакуратнае — пасьпешлівасьць аднабаковага рашэньня. Ва ўсім сьвеце візавыя пытаньні — гэта прынцып двухбаковасьці. Дый уся дыпляматыя пабудаваная на гэтым прынцыпе, ня толькі візавыя пытаньні. Прынцып парытэту, прычым як двухбаковага, так і шматбаковага, у візавым пытаньні апошнім часам быў проста відавочны.
У гэтым выпадку цалкам рэальна атрымаць рэакцыю ў адказ.
Але ў гэтым выпадку цалкам рэальна атрымаць рэакцыю ў адказ. Ад Эўразьвязу, ад ЗША, зь якімі зусім ня простыя стасункі ў сэнсе атрыманьня візаў. Ды, уласна кажучы, нават у адносінах з Блізкім Усходам. Іншымі словамі, гэта можа адбіцца ня толькі на ўязной плыні замежнікаў, але і на магчымым ускладненьні атрыманьня візаў нашымі грамадзянамі ў іншыя дзяржавы».

Пра такую ж небясьпеку кажа і турыстычны мэнэджэр Аліна Набокава.

Яна лічыць, што пасьля захадаў МЗС Беларусі высілкі эўраструктураў на зьніжэньне памеру візавага збору для беларусаў могуць выявіцца марнымі:

«Я ўвогуле ў гэтай сытуацыі бачу дзьве небясьпекі. Найперш — баюся, што цяпер не панізяць кошт візаў для беларусаў. Па-другое, за такія грошы дакладна сюды ніхто не паедзе. І так ні сэрвісу, ні інфраструктуры, а тут яшчэ і візы па такіх коштах. Вось, прыкладам, людзі ляцяць у гарачыя краіны, якія па-сапраўднаму турызм разьвіваюць. Візы на месцы ў аэрапорце ляпаюць, яны капейкі каштуюць. Прыляцеў, без усялякіх праблемаў табе ў пашпарт марку наклеілі, і турыст паехаў грошы траціць. А ў нас што? Ні гатэляў, ні сэрвісу, нічога».

Адмысловец у турыстычнай галіне Андрэй Барашка кажа, што Беларусь паступова выбіваецца ў лідэры па візавых расцэнках. І гэта ў той час, калі цывілізаваныя краіны намагаюцца зрабіць усё дзеля таго, каб пазбавіцца ад падобных перажыткаў мінулага:

«Так, хутчэй за ўсё, мы пачынаем захопліваць лідэрства ў сэнсе кошту візы для іншаземцаў, якія ўяжджаюць у краіну. Калі па памяці, то для амэрыканцаў у нас віза ўвогуле дзесьці 275 даляраў, але я штосьці не магу ўзгадаць нейкай іншай краіны з такім памерам візавага збору. Дарэчы, наколькі я ведаю насамрэч, не па чутках, Міністэрства спорту і турызму ад такога кроку ў немалой азадачанасьці. Таму што зараз вядзецца распрацоўка праграмы разьвіцьця галіны на наступныя 5 гадоў, куды закладаліся пэўныя паказьнікі з улікам мінулагодняга ўзроўню коштаў, у тым ліку на візы. Таму, думаю, палеміка паміж міністэрствамі нейкім чынам будзе мець працяг».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG