Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адраджэньне каляднай батлейкі


Батлейка — гэта старажытны лялечны тэатар. Ва Ўкраіне тэатар лялек меў назву «вэртэп»; у Польшчы — «шопка». У Беларусі, акрамя найбольш распаўсюджанай назвы — «батлейка», гэты тэатар яшчэ называлі «вяртэп», «віфляем», «жлоб» ці «яселькі».

Батлейка ў Беларусі адраджаецца. Сёньня ў залі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адбыўся конкурс калядных спэктакляў-батлеек.

Пра традыцыі каляднай батлейкі даведваліся таксама карэспандэнты «Свабоды» ў іншых рэгіёнах.


ВІЦЕБСК


Дзевяць дзіцячых калектываў удзельнічалі ў фэсьце «Батлейка»


У Віцебску сёньня прадстаўлялі не традыцыйныя лялечныя спэктаклі з дапамогай адмысловай скрыні — «батлейкі», а пастаноўкі з удзелам самадзейных актораў, якія рыхтавалі ў касьцёлах Віцебшчыны да сёлетняга сьвята Божага нараджэньня.

Пра падрыхтоўку такога спэктакля распавядае ксёндз Міхал Ермашкевіч зь віцебскай парафіі Сьвятой Барбары:

«Шмат дзяцей у гэтым удзельнічае: ёсьць малодшыя, ёсьць старэйшыя — каму ўжо 14 год, а каму й 6-ці няма. Бацькі дужа задаволеныя іхным удзелам, дый яны таксама — бо інакш бы ўдзелу ня бралі. Дзеці ж
Гэтыя дзіцячыя спэктаклі вучаць людзей дабру
такія стварэньні — калі хочуць чагосьці, дык робяць, а не — дык не. А бацькі прыхільна ставяцца, бо хочуць, каб дзеці іхныя нечаму добраму навучыліся — а спэктаклі гэтыя якраз і вучаць добраму».

Сюжэты пра Божае нараджэньне ў пастаноўках усіх дзевяці калектываў былі ў чымсьці дужа падобныя — бо распавядалася гісторыя пра зьяўленьне на сьвет маленькага Езуса ў сьціплай бэтлеемскай стайні падчас праўленьня цара Ірада. Аднак ці ня ў кожнай пастаноўцы назіралася імкненьне неяк «абсучасьніць» біблейскую гісторыю.

Так, дзеці зь віцебскай парафіі Сьвятога Антонія паказалі гледачам, як Дзева Марыя наведвае Беларусь, захапляецца тутэйшымі лясамі і азёрамі. З гэтае нагоды ў «батлейцы» зьяўляюцца нетрадыцыйныя пэрсанажы: дзяўчынка — Возера і хлопчык — Лес, якія паказваюць Дзеве Марыі беларускія краявіды. Напрыканцы ўсе тутэйшыя жыхары перавыхоўваюцца — навяртаюцца да Бога, спыняюць сямейныя сваркі і пачынаюць шчыра любіць адно аднаго.

Нетрадыцыйныя пэрсанажы — Возера і Лес


За падзеямі ўважліва сачылі некалькі соцень гледачоў — многія віцебскія дзеткі прыйшлі з бацькамі, а з Пастаўскага, Мёрскага і Глыбоцкага раёнаў удзельнікі прыехалі са сьвятарамі і законнымі сёстрамі. Калядныя сьпевы і артысты, і рэжысэры , і пастаноўшчыкі з розных рэгіёнаў сьпявалі ўсе разам.



МАГІЛЁЎ


Першыя батлейкі ў рэгіёне зьявіліся яшчэ ў 16-м стагодзьдзі


Зь лялечнымі пастаноўкамі батлейкі жыхароў і гасьцей Магілёва знаёміць цяпер тутэйшы мастацкі музэй імя Масьленьнікава. Батлейку тут вырабілі ў 2007-м. Яна — копія сапраўднай магілёўскай батлейкі, якая цяпер захоўваецца ў Дзяржаўным музэі этнаграфіі Санкт-Пецярбургу.

Вядома, што на Магілёўшчыне батлейкі зьявіліся ў 16-м стагодзьдзі. Цяпер у Магілёве толькі дзьве іх копіі. На арыгіналы дзівяцца расейцы. У той далёкі час батлеечная культура ў іх не прыжылася. Ім хапала свайго лялечнага тэатру — балагану.

Нашая батлейка — гэта частка агульнаэўрапейскай культуры.
«Нашая батлейка — гэта частка агульнаэўрапейскай культуры. Агульнага эўрапейскага каляднага тэатру», — зазначыла адразу ж супрацоўніца музэю Алена Мартынава.

Падняпроўская батлейка адрозьнівалася ад іншых беларускіх варыянтаў найперш сваёй будовай. Яна была двухпавярховай з трыма ярусамі — небам, зямлёй і пеклам. Лялечная трупа з традыцыйных пэрсанажаў біблейскага сюжэту поўнілася й камэдыйнымі героямі зь мясцовага жыцьця:

«Магілёўскі вэртэп — у ім лялькі фактурныя, зробленыя з тканіны, а твары размаляваныя фарбай. Было да сарака розных пэрсанажаў. Антон з Антосіхай, габрэй з габрэйкай, доктар з паненкай, паніч ганарлівы, цыган з кабылай. Яшчэ баба з даўбнёй, якая на сьвята рабіла й душу сваю загубіла».

У падняпроўскай батлейцы расейскі салдат выконваў загады цара Ірада


Адметным пэрсанажам пякельнага сьвету падняпроўскай батлейкі быў расейскі салдат. Ён выконваў загады цара Ірада. З расейскімі вайскоўцамі падняпроўцы ў часы росквіту батлеечнай культуры ў краі былі добра знаёмыя.

Батлейка стаіць у маленькім музэйным пакоіку. Алена Мартынава цьвердзіць, што ад серады да нядзелі тут багата дзятвы. Батлейка для іх — незнаёмы сьвет:

«Калі мы адчыняем дзьверцы й дзеці чуюць калядныя канты, як услаўляюць нараджэньне Хрыстова, і анёлы зьвяртаюцца да зямных людзей, і Ісуса, і Сьвятога сямейства, — канечне, гэта кранае іх душу. Для малых гэта вельмі важна».

Алена Мартынава зь лялькай Сьмерці.
Два сьветы Падняпроўскай батлейкі.
Зямны сьвет…
…і пякельны сьвет зь лялькай расейскага салдата.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Дзейную батлейку стварылі пры грэка-каталіцкай парафіі


У Горадні існуе дзейная батлейка, якую стварылі пры грэка-каталіцкай парафіі, дзе сьвятаром — айцец Андрэй Крот. У цяперашні калядны час удзельнікі ладзяць выступы для дзяцей.

Гарадзенская батлейка мае дабрачынны характар. Пра гэта распавядае адна з удзельніц — Кася Крот:

«Мы паказваем нашую батлейку ў Горадні трэці год. Спачатку мы рабілі гэта ў парафіі для нашых дзяцей. Затым мы выступалі на беларускай ялінцы і ў чацьвертай школе. І цяпер узьнікла ідэя шырэй нашую батлейку паказаць, таму вырашылі рабіць спэктакль для дзяцей-інвалідаў, для сіротаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі. І гэта — добрая нагода пазнаёміць іх зь беларускімі традыцыямі сьвяткаваньня Калядаў. Па-другое, проста адсьвяткаваць зь імі Каляды, Раство, Новы год. Мы рыхтуем падаруначкі для іх, сьвяточную праграму, гульні, песенькі, і галоўнае — у цэнтры — гэта наша батлейка, калядная драма «Цар Ірад».

Сцэна з спэктакля «Дарога ў Бэтлеем». Аўтар п’есы — Сяргей Кавалёў.
Батлейка з калекцыі лялечнага тэатра.

Кася Крот распавядае, што яны маюць батлеечную скрыню, лялек — сёлета іх крыху паднавілі, і маюць сцэнар, каб паказаць спэктакль на пятнаццаць- дваццаць хвілінаў. Батлейка набыла новае дыханьне дзякуючы стварэньню валянтэрскай групы:

Кася Крот: «Тры месяцы, як у нас пачала дзейнічаць валянтэрская група. У асноўным гэта моладзь ад васямнаццаці да трыццаці год. Мы склалі графік, маем сем выступаў на тыдзень гэты».

«Батлейка лялечная, таму актораў, якія агучваюць лялек, іх ня бачна. Ёсьць і сьвяты Мікалай, такі сапраўдны строй біскупскі ў яго. Астатнія акторы па-за кадрам застаюцца. Гэта — адна са спраў нашага валянтэрскага руху, тое, з чаго мы пачалі. Далей мы будзем працягваць кантакты з гэтымі дзецьмі. Але проста мы пачалі цяпер у калядны час. А на чале стаіць айцец Андрэй, бо гэты рух дзейнічае пры грэка-каталіцкай парафіі».

На Гарадзеншчыну яшчэ вернуцца і ранейшыя батлейкі


Клясычныя сюжэты батлейкі пра змаганьне дабра зь ліхам сёньня для беларусаў ізноў надзённыя. Гэта дазваляе спадзявацца, што на Гарадзеншчыну вернуцца знакамітыя тут раней творчыя калектывы.

Даведка «Свабоды»:
У Беларусі існавала некалькі тыпаў будовы батлейкі: аднаярусная, двух’ярусная, ценевая ды іншыя. Самай распаўсюджанай была двух’ярусная. Сустракаліся батлейкі, якія зьнешне нагадвалі царкву. Але ў большасьці выпадкаў батлейкі былі падобныя да двухстворчатай шафы, у выглядзе дамка альбо царквы, з купалападобным дахам з крыжам.
У мірскім каледжы, дзе рыхтуюць рэстаўратараў, ёсьць музэй батлейкі, але сам тэатар часова ня дзейнічае. Намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Алена Сінькевіч кажа, што працуе ўсяго толькі год, і, паколькі было шмат складанасьцяў, яшчэ ня здолела разам з навучэнцамі наладзіць працу батлейкі.

Мірская батлейка была добра вядомая ня толькі ў нашай вобласьці і краіне. Навучэнцы разам з сваім кіраўніком бывалі і за межамі Беларусі, прывозілі за свае выступы ўзнагароды і дыплёмы.

Са слоў спадарыні Сінькевіч, бюджэтную стаўку рэжысэра сёлета аднавілі, і ўжо ў новым годзе ў вучэльню зь Менску будзе наяжджаць спэцыяліст, які зоймецца адраджэньнем тэатру:

«На Каляды ў нас не атрымалася нічога зрабіць, бо зараз у каледжы няма трэцяга курсу. У сувязі зь пераходам навучаньня на 11-гадовае ў нас адзін год не было набору, і перарвалася пераемнасьць навучэнцаў. Але летась мы зрабілі пасьвячэньне ў першакурсьнікі сіламі трох ранейшых батлеек».

Са слоў спадарыні Сінькевіч, многія з тых, хто займаўся ў студыі «Батлейка», сталі студэнтамі менскага Ўнівэрсытэту культуры і з задавальненьнем адгукнуліся на запрашэньне наладзіць спэктакль для першакурсьнікаў у роднай вучэльні.

Дзеці хвалююцца: «А ці хутка адновіцца наша «Альтанка»?


У Залесьсі, нашых Паўночных Афінах, дзе пісаў музыку славуты Міхал Клеафас Агінскі, цягам шэрагу гадоў дзейнічала батлейка пад кіраўніцтвам настаўніка мясцовай школы Сяргея Верамейчыка.

Апошні спэктакль яны адыгралі яшчэ ў 2004 годзе — далей настаўніку не працягнулі кантракт у школе. І цяпер палову ягонай вясковай хаты займаюць лялькі, музычныя інструмэнты і розная іншая аздоба для тэатральных пастановак. Дарэчы, дзеля гэтай хаты апантаны творчасьцю гаспадар некалі пакінуў сталічную кватэру.

Сяргей Верамейчык, ставаральнік батлейкі ў Залесьсі, якая цяпер ня дзейнічае.

Верамейчык:
Опэру пра Агінскага залеская «Альтанка» ставіла нават у Італіі.
«Нічога ня дзейнічае, бо мне не даюць магчымасьці працаваць у школе. А мясцовыя дзеці і іх бацькі ня будуць хадзіць і займацца дахаты да чалавека, якія ня мае статусу настаўніка. Калі я працаваў у школе, то выкладаў маляваньне і вёў гурток «Апалонік», адтуль і набіраў дзетак у «Альтанку».

Усяго ў Залесьсі было чатыры склады «Альтанкі», і, са слоў Сяргея Верамейчыка, тэатар даваў прадстаўленьні ня толькі ў Залесьсі, але і ў Смаргоні і ў Вільні. Ставілі «Цара Ірада», а таксама опэру пра Агінскага, якую нават вазілі ў Італію.

Дагэтуль, са слоў спадара Верамейчыка, дзеці пытаюцца ў яго: ці адновіцца батлейка? А я запытаўся — ці ня хочацца яму самому на Каляды засьпяваць нейкія сьвяточныя песьні разам зь лялькамі, сярод якіх ён жыве?

Верамейчык: «Зразумела, што такі настрой ёсьць яшчэ. Але гэта трэба сьпяваць зь дзецьмі. Я магу недзе ў гасьцях засьпяваць калядкі, але сам сабе, стоячы перад люстэркам — не. Каб не наводзіць скруху, не сьпяваю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG