Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная супольнасьць – няўдачнік-2009


Дэманстрацыі пратэсту ў Капэнгагене
Дэманстрацыі пратэсту ў Капэнгагене

2009 год – апошні год гэтага дзесяцігодзьдзя – мае шанец застацца ў гісторыі часам расчараваньня ў лібэральным міжнародным парадку. І амэрыканскае "дабро з кулакамі", і эўрапейская, кантыянская канцэпцыя справядлівага і ўнівэрсальнага права дзяржаваў адступаюць перад сучаснымі выклікамі. Чаму міжнародная супольнасьць стала найвялікшай няўдачніцай дзесяцігодзьдзя?


Эканамічная дэпрэсія разам з палітычнай нестабільнасьцю ўяўляюць сьмяротны кактэйль. Эканаміст Джон Мэйнард Кейнс яшчэ ў 1930-я гады абверг клясычную догму аб непагрэшнасьці лібэральнага ўпарадкаваньня сьвету. Тым ня меней, менавіта гэтае "пітво" разбурае апошнія аптымістычныя надзеі, якія заставаліся пасьля краху двухпалярнай мадэлі сьвету часоў халоднай вайны.

Выявілася, што добрыя намеры мала чаго вартыя бяз моцнага лідэрства, здольнага забясьпечыць выкананьне прыгожых прынцыпаў. З роляй такога лідэра, як лічаць многія аналітыкі, ня справіліся ані Злучаныя Штаты, ні Эўрапейскі Зьвяз. Тым часам нарастае ўплыў іхных канкурэнтаў, ад Расеі і Кітаю да Ірану.

Прычына паразы Злучаных Штатаў ва ўсталяваньні ўсясьветнага парадку -- старая, як сама гісторыя. Вызваленьне, прынесенае звонку, нягледзячы на добрыя намеры яго носьбітаў, непазьбежна прыводзіць да незадаволенасьці ды адпору з боку тых, каму яно адрасуецца. Гэты прынцып аднолькава дзейнічае і ў Эўропе, і ў Іраку, і ва Аўганістане.

Стратэгія Брусэлю, накіраваная на добраахвотную трансфармацыю, на першы погляд, выглядае больш пэрспэктыўна. Пасьля падпісаньня Лісабонскай дамовы, якая дала блёку прэзыдэнта і міністра замежных справаў, зьнешняя палітыка Эўразьвязу можа пажаць падобны палітычны ўраджай ад паўнамаштабнага выкарыстаньня рэсурсаў сваіх сяброў, як гэта было пасьпяхова зроблена ў эканоміцы. У інтэрвію нашаму радыё эўракамісарка ў зьнешніх сувязях Бэніта Фэрэра Вальднэр, якая з Новага году саступіць месца новаабранаму міністру замежных спраў, назвала гэты момант вельмі спрыяльным для блёку, каб павялічыць свой уплыў.

“Мы павінны выкарыстаць гэтую тэндэнцыю, якая насамрэч ёсьць выдатнай і патрэбнай тэндэнцыяй. Я абсалютна перакананая , што калі Эўропа хоча падняцца і шчыльна супрацоўнічаць зь іншымі вялікімі ўсясьветнымі гульцамі, трэба быць нашмат мацнейшай і выглядаць значна больш моцнай.”

Але ў тым, што робіць эўрапейскую палітыку прывабнай, хаваецца кардынальная праблема. Шматбаковасьць і талерантнасьць у прыняцьці важных рашэньняў на агульную карысьць пакідае гэтага гульца фактычна без зубоў.

І калі падчас халоднай вайны і адразу пасьля яе завяршэньня Эўразьвяз у крытычных выпадках зьвяртаўся да НАТО, а фактычна да Злучаных Штатаў, пры неабходнасьці дадаць да перніка і пугу, дык цяпер рэаліі мяняюцца. Грамадзкая думка ў Злучаных Штатах пачынае выяўляць прыкметы стомы роляй сваёй краіны, калі Вашынгтон гатовы ахвяраваць амэрыканскімі салдатамі для дасягненьня агульных мэтаў пры вельмі абмежаванай падтрымцы з боку сваіх гэтак званых "братоў па ідэалах".

У выпадку замены палітыкі дзейнай адміністрацыі на ізаляцыянізм, роля НАТО як гаранта бясьпекі ў рэгіёне можа ператварыцца ў падабенства да малаэфэктыўных структураў ААН або АБСЭ, зь якімі у свой час міжнародная супольнасьць таксама зьвязвала пэўныя надзеі.

Кліматычныя зьмены, якія ўжо ў наступныя дзесяцігодзьдзі пагражаюць зьнішчэньнем некаторых астраўных краінаў, вымагаюць іншых дзеяньняў міжнароднай супольнасьці.

У гэтым сэнсе праваленыя перамовы ў Капэнгагене даюць ня толькі падставы да адчаю. Адрозна ад шматлікіх прыкладаў у гісторыі гэтым разам міжнародная супольнасьць паставілася да вострай праблемы надзвычай сур'ёзна тады, калі для яе вырашэньня застаецца яшчэ пэўны час. І калі з праваленых у дацкай сталіцы перамоваў міжнародная супольнасьць зробіць пэўныя высновы, якія дадуць плён у выглядзе глябальнай скаардынаванай ініцыятывы для пераадоленьня пагрозы кліматычнага катаклізму, ня выключана, што гэта і стане мэханізмам для вырашэньня іншых глябальных праблемаў. Мэханізмам, які шукаецца з часоў завяршэньня халоднай вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG