Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць пасьля публікацыі ў “раёнцы”


У газэце «Наша Талачыншчына» жыхарку вёскі Зьвянячы назвалі схільнай да алькагалізму. Праз колькі дзён шматдзетная маці памерла ад разрыву аорты.

Коханаўскі актывіст кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка лічыць, што менавіта публікацыя ў раёнцы магла справакаваць падвышэньне ціску ў 40-гадовай спадарыні, якая раней на здароўе ня скардзілася.

Алькаголем жанчына таксама не злоўжывала. Удваіх з мужам яна выхоўвала траіх дзяцей-інвалідаў. Менавіта гэтая акалічнасьць прывяла ў хату шматдзетнай сям’і ўдзельнікаў рэйду з інспэкцыі па справах непаўналетніх.

Мікалай Петрушэнка распавёў, што сустракаўся з удзельнікам рэйду, старшым лейтэнантам міліцыі Русланам Шастаковым. Той кажа, што разам з супрацоўнікамі міліцыі сям’ю наведвалі і работнікі райвыканкаму. Зьвесткі пра рэйд перадалі для друкаваньня ў газэту «Наша Талачыншчына», і нейкім чынам здарылася так, што шматдзетную маці на старонках «раёнкі» назвалі схільнай да алькагалізму.

У рэдакцыі кажуць, што непраўдзівая інфармацыя трапіла на старонкі выданьня па віне інспэкцыі па справах непаўналетніх. Талачынскі РАУС зьбіраецца падаць у газэту абвяржэньне апублікаванай інфармацыі. Тым часам жанчыну пахавалі, а трое дзяцей-інвалідаў засталіся бяз маці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG