Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улады Беларусі захоўваюць “жалезную заслону” зь Літвой”


Паводле эўрадэпутата ад Літвы Юстаса Палецкіса, беларускія ўлады “зацягваюць падпісаньне пагадненьня зь Літвой аб спрошчаным перамяшчэньні жыхароў прымежных раёнаў”. Што пра гэта кажуць афіцыйныя асобы ў Беларусі?

Менскі журналіст Анатоль Гуляеў шмат разоў на год наведвае Літву, дзе жыве ягоная 90-гадовая маці. Хаця тая мае афіцыйнага апекуна, якому літоўскі ўрад плаціць за догляд каля 400 даляраў, сынавай увагі ёй ніхто не заменіць. Праблема для Анатоля — віза ў Літву, якая каштуе 60 эўра і якую трэба штогод атрымліваць нанава. Паводле журналіста, тысячы беларусаў зьведалі тыя ж праблемы:

“Шмат у каго такая сытуацыя, шмат у каго. Калі едзеш у аўтобусе ці ў цягніку, дык наслухаесься гісторый пра тое, як складана атрымаць візу. Мне вось давядзецца езьдзіць яшчэ часьцей. Як пазвоніш, як даведаесься, што маці захварэла, дык апякун апекуном, але падхопліваесься і едзеш туды”.

Праект пагадненьня паміж Літвой і Беларусьсю аб спрошчаным перамяшчэньні празь мяжу жыхароў прымежных раёнаў прадугледжвае, што віза для іх будзе каштаваць 20 эўра і выдавацца на 5 гадоў. Паводле афіцыйных дадзеных, на прымежнай да Беларусі тэрыторыі Літвы пражывае да 800 тысяч чалавек. Каля 600 тысяч беларускіх грамадзян таксама могуць скарыстаць спрошчаны рэжым перасоўваньня празь мяжу. Але пагадненьне ніяк не падпішуць. Паводле дадзеных, чакалася, што дамову падпішуць падчас візыту ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі 16 верасьня, але гэтага не адбылося. Паводле літоўскага боку, Менск папрасіў час для заканчэньня ўнутраных працэдур.

Шмат хто зь людзей, якія часта езьдзяць зь Беларусі ў Літву ці наадварот, кажуць, што ўрады гэтых краінаў ня хочуць адмаўляцца ад прыбыткаў, якія прыносяць дарагія візы. Мянчук Анатоль Гуляеў на гэта заўважае, што літоўскі бок ня супраць спрошчанага перасоўваньня, а вось беларускі яго тармозіць сапраўды наўмысна. Журналіст лічыць, што беларускія ўлады ня хочуць, каб іх грамадзяне бачылі тыя посьпехі, якіх дасягнула Літва ў выніку палітычных і эканамічных рэформаў:

“Справа ня ў грошах. Можа, толькі крыху ў грошах, але не зусім. Справа ў тым, каб асабліва не выпускаць сваіх грамадзянаў за мяжу. Дзе ўжо нічога ня зробіш, як з Украінай ці Расеяй, там пускаюць. Але калі можна нешта зрабіць і не пускаць, дык не пускаюць”.

Карэспандэнт “Свабоды” зьвярнуўся ў МЗС Беларусі з просьбай пракамэнтаваць словы літоўскага сябры Эўрапарлямэнту Юстаса Палецкіса пра тое, што “беларускія ўлады зацягваюць падпісаньне пагадненьня зь Літвой аб спрошчаным перасоўваньні празь мяжу жыхароў прымежных раёнаў”. Аднак да канца дня атрымаць такі камэнтар не ўдалося.

Аналягічнае пагадненьне мяркуецца падпісаць і паміж Беларусьсю і Польшчай. На пачатку лістапада амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін заявіў, што пагадненьне можа быць падпісана “ў найбліжэйшыя месяцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG