Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз прафінансуе чарнобыльскі праект у Беларусі


Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра, Юры Аксамітны, Алена Богдан.
Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра, Юры Аксамітны, Алена Богдан.

Эўрапейскі зьвяз супольна зь Дзіцячым фондам ААН (UNICEF) пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Беларусі распачынаюць супольны праект «Дзеці Чарнобыля». З гэтай нагоды ўдзельнікі праекту правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой паведамілі падрабязнасьці трохбаковага супрацоўніцтва.

Эўрапейскі праект «Дзеці Чарнобыля» разьлічаны на два гады і мае на мэце палепшыць якасьць мэдычнага абслугоўваньня перадусім маладога насельніцтва, якое жыве на тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. І гэта толькі адзін са шматлікіх складнікаў дапамогі Беларусі з боку Эўразьвязу, паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі і ва Ўкраіне Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра:

«Ня варта адасабляць гэты праект ад агульнага працэсу супрацоўніцтва і аказаньня дапамогі Рэспубліцы Беларусь з боку Эўразьвязу, паколькі ў рамках ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС дапамога аказвалася ўсе гады. І пасьля заканчэньня праекту праз два гады гэтае супрацоўніцтва не перапыніцца. Гэта толькі частка агульнай карціны».

Праект «Дзеці Чарнобыля» цалкам прафінансуе Эўразьвяз. Ён будзе рэалізоўвацца на базе 15 шпіталяў і дамоў дзіцяці ў Магілёўскай, Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях. Гэта будуць навучальныя праграмы, закуп мэдычнага абсталяваньня і тэхнікі на суму 650 тысяч даляраў. Аднак фінансавая частка — ня самы галоўны складнік праекту, кажа яшчэ адзін з удзельнікаў, прадстаўнік Дзіцячага фонду (UNICEF) Юры Аксамітны:

«Справа нават ня ў той колькасьці рэсурсаў, якія накіроўваюцца, і нават не ў эфэктыўнасьці дзяржаўнай падтрымкі. А ў тым, каб сем’і, самі людзі больш ведалі, што такое здаровы лад жыцьця. Каб яны больш ведалі, як яны могуць самі дапамагчы сабе».

Падчас прэсавай канфэрэнцыі таксама паўстала пытаньне, як на эўрапейскую дапамогу ўплываюць грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі. У прыватнасьці, адлічэньне з БДУ маладафронтаўкі Тацяны Шапуцькі. З гэтай нагоды Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра паведаміў:

«На апошнім паседжаньні міністраў замежных спраў Эўразьвязу па праграме „Ўсходняга партнэрства“ ўвага да гэтай сытуацыі была прыцягнутая міністрам замежных спраў Швэцыі, які зараз узначальвае гэты камітэт, і мы ўпэўненыя, што гэты факт з Тацьянай Шапуцькай будзе ўлічаны пры разглядзе становішча ў краіне».

Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра падкрэсьліў, што Эўразьвяз уважліва сочыць за разьвіцьцём грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, але гуманітарныя праекты ніколі не былі зьвязаныя з палітычнымі працэсамі. Таму падобныя праекты будуць рэалізоўвацца незалежна ад узроўню палітычных адносінаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG