Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеры супраць «Белгазеты»


Будзімір
Будзімір

Па выніках гэтага тыдня я ўпершыню магу сказаць, што ганаруся беларускай блогасфэрай. Дасюль яна здавалася мне цалкам атамізаванай, няздольнай да салідарных дзеяньняў. Ня надта цікаўнай да сацыяльных і маральна-этычных праблемаў, увогуле досыць прахалоднай у адносінах да сур’ёзных пытаньняў. Больш схільнай да кепікаў ды неабавязковых, дробных размоваў. Хутчэй гульліва-цынічнай, чым спачувальнай і чулай.

Раптам выявілася, што гэта прынамсі не заўсёдны ейны стан, а, можа, усяго толькі павярхоўна-наносны. Раскатурхаў беларускую блогасфэру, прымусіўшы яе праявіць свае найлепшыя якасьці, журналіст «Белгазэты» Максім Івашчанка — артыкулам пад назвай «Шыза-паці». Прысьвечаным выставе мастакоў — пацыентаў псыханэўралягічнага інтэрнату № 3 (Навінкі). Падзеі, звыклай для іншых эўрапейскіх краінаў, але ўнікальнай для беларускай сталіцы. Падрыхтаванай валянтэрамі з творчай майстэрні «Дом», якія за кошт уласных сродкаў ужо пяць гадоў займаюцца арт-тэрапіяй з пацыентамі інтэрнату.


Дар’я Яскевіч, кіраўнік творчай майстэрні, патлумачыла ў інтэрвію для «Эўрарадыё», чаму яна вырашыла ўзяцца за гэтую справу: «У дзяцінстве ў мяне быў сябра, Антоха, хлопчык з найцяжэйшымі парушэньнямі разьвіцьця. Дзякуй Богу за тое, што я расла разам зь ім і цяпер у мяне няма бар’еру паміж сабой і людзьмі з асаблівасьцямі. Але я ведаю, што ў іншых ён ёсьць. Яго трэба руйнаваць... Грамадзтва перадузята ставіцца да інакшых людзей. Нам яны непрыемныя. Гэта эўгеніка чыстай вады, якая сядзіць унутры нас. Але пры гэтым мы дастаткова культурныя людзі, каб зьмяняць сваё стаўленьне. Нам варта навучыцца разумець, што яны такія самыя, як і мы, а часта нават лепшыя за нас у некаторых пытаньнях. Я вельмі хачу, каб звычайныя людзі бачылі людзей з асаблівасьцямі разьвіцьця і ўрэшце разумелі, што гэта ня страшныя людзі. Гэта ня вырадкі!.. Патрэбна дэманстраваць мадэлі нармальных паводзінаў у адносінах да іх — і толькі тады гэта зробіцца добрым тонам... Творчая майстэрня дапамагае гэтым людзям стаць камусьці патрэбным. Асабліва выставы, таму што яны разумеюць, што іхныя працы, а значыць — і яны самі, камусьці патрэбныя. Усё гэта для людзей з асаблівасьцямі ёсьць пацьверджаньне існаваньня саміх сябе».


Аднак спадар Івашчанка не патурбаваўся ўнікнуць у гэткія тонкія матэрыі.


«У мерапрыемстве, якое для нармальнага журналіста паслужыла б стымулам для размовы пра ДАБРЫНЮ, чалавечнасьць, абавязак здаровых людзей быць міласэрнымі ў дачыненьні да тых, каму ў гэтым жыцьці не пашанцавала, Максім знайшоў толькі нагоду пасьмяяцца над чужым горам» — піша sir_michael.


Артыкул стомлена-злы: чалавек завітаў на тое, што, падобна, палічыў яшчэ адной арт-вечарынай, і, паколькі яго там недастаткова пазабавілі, выдаў раздражнёны тэкст, дзе некарэктна і няслушна ледзьве ня ўсё, ад загалоўку да зьдзеклівага апісаньня выступаў пацыентаў інтэрнату — абурана заўважае lukashyk, які таксама прысутнічаў на імпрэзе.


З артыкула бачна, што на выставе малады журналіст сапраўды роспачна нудзіўся. Бракавала драйву. Верагодна, яму ўяўлялася, што ў пацыентах псыханэўралягічнага інтэрнату абавязкова павінна быць што-небудзь гэткае — з псыхадэлінкай. Ён, здаецца, чакаў, што яго пацешаць палотнамі a la Сальвадор Далі, якія раскрываюць змрочныя глыбіні падсьвядомасьці. Таму быў страшэнна расчараваны, убачыўшы «звычайныя карціны для чалавека, які ніколі ня ўмеў маляваць». З адмыслова крывой усьмешкай аўтар згадвае малюнак з «самотным пінгвінам ды ільдзінай СССеР». Якія там «стоены адчай, боль, безвыходнасьць і жаданьне быць пачутым» могуць быць у самотным пінгвіне на ільдзіне СССеР, цьху. Хутчэй за ўсё, усіх гэтых рэчаў увогуле не існуе ў бестурботным жыцьці маладога журналіста. Ён хіба мог бы прызнаць іх, калі б яны былі запакаваныя ў прымальныя, модныя формы. Але арганізатары не расстараліся, не падалі сваіх падапечных пад належным соўсам. Таму малады чалавек вынес вэрдыкт, напісаўшы, што выстава твораў пацыентаў псыханэўралягічнага інтэрнату № 3 папоўніла «гнятлівы шэраг рознага кшталту беларускіх нудлівых мастацкіх мерапрыемстваў».


«Я маю гонар быць асабіста знаёмым з Дашай. Я з глыбокай пашанай стаўлюся да гэтага чалавека. Я лічу яе справу Справай. Але гэта ня самае галоўнае. У сьнежні мінулага году я браў удзел у калядным канцэрце ў інтэрнаце. Я асабіста знаёмы з аўтарамі выстаўленых працаў. Той канцэрт стаў адной з найбольш яскравых падзеяў у маім жыцьці. Неверагодна складаная, эмацыйна гранічна напружаная, але, у рэшце рэшт, цудоўная падзея. І той, хто не глядзеў гэтым людзям у вочы, той, хто не скакаў зь імі ў адным коле, не ўзаемнічаў зь імі — той ніколі не зразумее. Не зразумее, як празь непаразуменьне, недавер, сарамлівасьць і баязьлівасьць менавіта праз гэтых людзей у наш сьвет па кроплі пранікае Радасьць. І як зьзяе Чысьціня. А я ўсё гэта жыў. І жыву дасюль». — распавядае t_x_e.


«Бяда ў тым, што цынічным людзям зь „Белгазэты“ цяжка спусьціцца з бліскучых нябёсаў да жывых людзей, ім лепей пырхаць на аблачынках і паплёўваць на галовы жыхарам „Ніжняга Сьвету“... Абаронца здаровага густу Максім Івашчанка проста пагыгыкаў з карцін, якія намалявалі людзі з інтэрнату, зусім не жадаючы падумаць пра іх жыцьцё, лёс і памкненьні да творчасьці. Нуль журналісцкай этыкі, нуль дакладнасьці інфармацыі, поўная падмена сэнсаў» — адлупцаваў калегу па цэху krywal.


Сябра праўленьня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Яніна Мельнікава нагадала журналісту пра неабходнасьць асьцярожнага абыходжаньня са словам:


«Моц слова не паддаецца вымярэньню. Усім даўно вядома, што яно ажыўляе ня горш, чым найноўшыя лекі, і забівае лягчэй, чым найноўшая зброя. Асабліва калі слова — публічнае. У гэтым выпадку яго моц можна сьмела памножыць у некалькі соцень разоў. Пра неабходнасьць асьцярожнага абыходжаньня са словам будучых журналістаў павінны вучыць зь першага курсу журфаку. А можа, і яшчэ раней: з таго дня, калі навучылі пісаць... Але якім бы вялікім ні быў твой досьвед, вучыцца працаваць са словам давядзецца штодня. Бо нават адна памылка, адзіны недасканала напісаны сказ можа паўплываць на чыйсьці лёс, стацца для кагосьці плямай на рэпутацыі і нават асабістай бядой... Гісторыя, што здарылася днямі, прымушае яшчэ і яшчэ раз узгадаць, якой моцнай „зброяй“ валодаюць журналісты, і задумацца над тым, як звычайнае графаманства ў спалучэньні зь некампэтэнтнасьцю можа стацца дыскрымінацыяй сацыяльна неабароненых людзей».


Бяда здарылася. Артыкул прачытала кіраўніцтва псыханэўралягічнага інтэрнату № 3. І, ці то спужаўшыся за «сапсаваны імідж», ці то скарыстаўшы яго як зачэпку, адправіла Дар’ю Яскевіч у адпачынак за свой кошт. Прыгразіўшы ёй звальненьнем і ліквідацыяй майстэрні.


Паводле словаў Дар’і, віноўнік пагрозы, якая навісла над майстэрняй — Максім Івашчанка пры асабістай сустрэчы спаслаўся на «агульны скандальны профіль выданьня». А галоўны рэдактар «Белгазэты» праз тэлефон проста... аблаяў яе матам і параіў зьвяртацца ў суд. Пра што Дар’я пісала ў сваім блогу. Цяпер выдаленым, бо нейкі «добразычліўца» адправіў факсам некаторыя запісы і камэнтары адтуль кіраўніцтву інтэрната. Пэўна, яна спужалася, што кіраўніцтва можа скарыстаць яе блог як апошні аргумэнт у канфлікце.


«Мне цікава, чаму ўся гэтая лявіна народнага гневу скіраваная менавіта на жалю варты па ўсіх сваіх якасьцях артыкул, а не на чыноўнікаў, якія зачыняюць майстэрню?» — пытаецца auldnick«Аўтара артыкула, калі ён меў глупства даць нагоду, зацкаваць проста. Практычнай карысьці ад гэтага ніякай, затое ўдзельнікі цкаваньня маюць выдатную мажлівасьць прадэманстраваць свае выбітныя маральныя якасьці, не прыкладаючы празьмерных высілкаў».


Дапусьцім, «зацкаваць» Максіма Івашчанку не атрымалася. Крамень, а не чалавек! Ён не пасыпаў галавы попелам, не пакаяўся, не паспрабаваў выправіць сваю памылку. Працягвае пісаць зьедлівыя зацемкі як нічога ніякага.


Улада чыноўнікаў вельмі абмежаваная. Прынамсі, на розумы яна не распаўсюджваецца. Тым часам як журналіст узьдзейнічае менавіта на іх. У тым ліку — на розумы чыноўнікаў. Як ні круці, але маральную базу пад дзеяньні кіраўніцтва інтэрнату падвёў менавіта Максім Івашчанка. Ня кажучы ўжо пра ўсіх астатніх чытачоў, для якіх ён рассунуў этычныя межы. Дазволіўшы не саромецца зьняважліва, з пагардай ставіцца да слабых і безабаронных людзей. Гэты звычайны фаШЫЗм для «цынічнага прадстаўніка сярэдняй клясы» (mikola_a) у выкананьні «пыхлівых, самазакаханых хлопчыкаў-мажораў» (czy) больш небясьпечны за любое чынавенскае самадурства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG