Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Луканін: Суды працягваюць выконваць загады зьверху


Набажэнства ў будынку царквы «Новае жыцьцё»
Набажэнства ў будынку царквы «Новае жыцьцё»

Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў вернікам суполкі «Новае жыцьцё», якія намагаліся адмяніць судовае рашэньне аб перадачы іхнага будынка на балянс гарадзкіх уладаў, паводле якога яны абавязаны вызваліць памяшканьне.

Цяпер вернікаў могуць выселіць з будынку царквы ў любы дзень. Яны заявілі, што будынак не аддадуць.

Юрыст царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін лічыць, што судзьдзя загадзя ведаў, якое рашэньне будзе прынята ў спрэчцы вернікаў і ўлады. Судзьдзя Сьцяпан Турмовіч зачытаў толькі рашэньне, не патлумачыўшы прычынаў адмовы.

Падчас працэсу ў вернікаў была магчымасьць распавесьці, як разьвіваліся падзеі і якая сытуацыя склалася вакол царквы. Але судзьдзя прапанаваў засяродзіцца толькі на судовай справе.

Сяргей Луканін: «Калі судзьдзя застаўся ў кабінэце для вынясеньня судовага рашэньня, у нас не было іншых думак, апроч той, што суд прыме рашэньне не на карысьць нашай царквы.

Відавочна, што суды працягваюць выконваць тыя загады, якія ім даюць зьверху. Пазыцыя ўладаў наконт нашай царквы не зьмянілася. Суды працягваюць прымаць незаконныя рашэньні супраць вернікаў.

На жаль, у нашай краіне ня толькі наша царква, але пратэстанцкія суполкі ўвогуле знаходзяцца пад моцным ціскам з боку ўладаў. Яны апынуліся пад пагрозай ліквідацыі».

Вячаслаў Ганчарэнка і Сяргей Луканін, архіўнае фота.
Пастар «Новага жыцьця» Вячаслаў Ганчарэнка падзяляе думку юрыста аб тым, што судовае рашэньне цалкам упісваецца ў палітыку ўладаў у дачыненьні да пратэстанцкіх рэлігійных суполак.

«Судовае рашэньне ёсьць прыкладам таго, што ў нашай краіне існуе сур’ёзная праблема са свабодай рэлігіі. Улада перашкаджае рэлігійнай дзейнасьці, што тычыцца дакладна нашай царквы.

Час ад часу ўзьнікаюць праблемы ў іншых пастараў, якія ня могуць зарэгістраваць царкву ці пабудаваць храм. У большай ступені гэта тычыцца, канечне, пратэстантаў, бо рэлігійны закон больш закранае пратэстанцкі рух».

Вернікі судзяцца з уладамі ад 2005 году, калі ў іх забралі зямельны надзел і будынак (былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску). Яны трымалі галадоўку пратэсту і вялі перамовы з уладамі. Вернікам прапанавалі грашовую кампэнсацыю за храм у памеры 37 мільёнаў рублёў. Усе суды адмовілі вернікам па ўсіх пазыцыях. Сёньняшняе паседжаньне было 30-м па ліку.

Цяпер вернікам застаецца зьвяртацца ў наглядныя інстанцыі. Але пасьля сёньняшняга суду іх могуць выселіць з будынка царквы ў любы момант. На сходзе вернікі прынялі рашэньне не аддаваць будынак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG