Шыльда свабоды
Урочышча Курапаты Менскага раёну
Тут з 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году цягам 250 дзён адбывалася кругласутачная народная вахта ў абарону пахаваньняў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ад разбурэньня пры будаўніцтве дарогі. У часе вахты адбыліся жорсткія сутычкі зь міліцыяй. Пралілася кроў.
Тут з 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году цягам 250 дзён адбывалася кругласутачная народная вахта ў абарону пахаваньняў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ад разбурэньня пры будаўніцтве дарогі. У часе вахты адбыліся жорсткія сутычкі зь міліцыяй. Пралілася кроў.
Але гэты гвалт не зламаў людзей, — кажа былы лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец:
“Пасьля разгону і бурэньня намёту быў проста адчай. Але некалькі чалавек, сабраўшыся ў лесе, вырашылі стаяць да канца — аднаўляць намёт, аднаўляць варту, аднаўляць крыжы. І ўсю ноч мы пілавалі і зьбівалі гэтыя крыжы. І якім жа шокам для амапаўцаў і будаўнікоў было зьяўленьне новых крыжоў за гэтую ноч!..”
На наступны дзень народу сабралася яшчэ болей. Людзі ўсталёўвалі новыя крыжы, бульдозэры іх руйнавалі. Курапаты былі ачэпленыя спэцназам. Успамінае актывіст Партыі БНФ-КХП Уладзімер Юхо, які бараніў крыж, пастаўлены ім у памяць свайго рэпрэсаванага дзеда:
“Крыж з расьпяцьцем Хрыста быў ампаўцамі і людзьмі ў цывільным зьнесены няведама куды. Тады было зьнішчана больш за сто крыжоў. На другі дзень, 9 лістапада, я быў зноў у Курапатах і ўсталяваў яшчэ адзін крыж і не даваў яго засыпаць. Ён так пад палатном і застаўся”.
Больш за паўсотні чалавек былі аштрафаваныя, некалькіх арыштавалі. Дзясяткі былі зьбітыя.
Кругласутачная вахта ў Курапатах працягвалася з 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Кожны дзень з Курапатаў гучалі рэпартажы Радыё Свабода, сабраныя пазьней у кнізе “Дарога праз Курапаты”. У абароне бралі ўдзел сотні чалавек — і вэтэраны апазыцыйнага руху, і зусім юныя “маладафронтаўцы”, “зубры”. Нямала было і дзяўчат, жанчын. У намёце яны сустрэлі і новы 2002 год.
Менавіта ў гэтыя 250 гераічных дзён і начэй Курапаты сталі народным мэмарыялам. Народ паставіў тут крыжы памяці па сотнях тысяч ахвяраў чырвонага тэрору. Народ абараніў магілы і крыжы ад новай улады, якая гэтым гвалтам пацьвердзіла сваю пераемнасьць са сталінізмам.