Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалы “прапісаліся” ў Курапатах


Чарговы акт вандалізму ўчынены ў Курапатах. Невядомыя зламалі некалькі крыжоў, у тым ліку крыж-капліцу з копіяй абраза Маці Божай Курапацкай.

Падчас апошняга вандальскага нападу на Курапаты пашкоджаная копія абраза Маці Божай Курапацкай “Усіх нявінна расстраляных”, усталяваная ва ўрочышчы да 15-годзьдзя першага шэсьця й мітынгу ў Курапатах. Смуткуючая Маці Божая трымае ў руках беларускі ручнік на фоне курапацкіх крыжоў і соснаў. У мінулую суботу крыж зламалі і пахілілі. Раней пашкодзілі і саму ікону. Яе аўтар — мастак Аляксей Марачкін — пакуль ня ведае, якая шкода нанесена абразу, і ня можа сказаць, якая праца дзеля яго аднаўленьня запатрабуецца.

У сьнежні 2005 году на абразе невядомыя вандалы намалявалі свастыку. Тады ж былі апаганеныя і іншыя курапацкія памятныя знакі. 5 кастрычніка 2007 года А.Марачкін абнавіў каплічку. Арыгінал абраза Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных знаходзіцца ў Чырвоным касьцёле..
Сілавыя структуры аказваюць толькі ціск — замест таго, каб заняцца абаронай гэтага сьвятога для любога беларуса месца

Выпадкі апаганьваньня мэмарыяльных знакаў ва ўрочышчы Курапаты здараюцца часта. Аднак да актыўнага пошуку вандалаў справа звычайна не даходзіць. Толькі адзін раз актывістам КХП БНФ удалося за руку злавіць 2 непаўналетніх вандалаў, была заведзеная крымінальная справа, але рэальна іх не пакаралі. Кіраўнік мэмарыяльнага аддзяленьня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык канстатуе, што ўлады не зацікаўленыя ў папулярызацыі праўды пра Курапаты:

“Можна выказаць толькі абурэньне дзеяньнямі вандалаў. На жаль, вандалізм у Курапатах — гэта тэма, якая ўвесь час гучыць. Я думаю, гэта зьвязана менавіта з тым, што сёньняшнія ўлады нават мінімальна не жадаюць, каб там падтрымліваўся парадак. Бо мы штомесяц праводзім акцыі ў Курапатах і, на жаль, калі казаць пра сілавыя структуры, яны аказваюць толькі ціск — замест таго каб заняцца абаронай гэтага сьвятога для любога беларуса месца”.

Сёлета на Дзяды прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия” надрукавала артыкул “Курапаты: мір пад соснамі”. У матэрыяле ці не ўпершыню афіцыйна прызнаецца: у Курапацкім лесе расстрэльвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Паводле галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча, “прыйшоў час моцна і ясна сказаць: Курапаты — гэта могілкі агульнанацыянальнага маштабу”. Прызнаньне адбылося больш як праз 20 гадоў пасьля публікацыі артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці”. Аднак, як кажа выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, насамрэч за словамі няма ніякіх практычных дзеяньняў:

“Заўжды трэба ведаць першапрычыну таго, што адбываецца. Вядомая банальная рэч, што няма сэнсу змагацца з наступствамі нейкай зьявы, калі не пазбавіцца ад першапрычыны. На Беларусі існуе палітычны лад, які па сваёй прыродзе антыбеларускі. Усе тыя чыньнікі, якія за беларускасьць, — яны мэтадычна і пасьлядоўна нішчацца. Тое самае, што мова, што культура, што беларуская гісторыя і беларуская традыцыя, беларуская вайсковая слава — што заўгодна. Так і помнікі трагедыі беларусаў. Таму натуральна, што гэта альбо засыпаецца, як у Лошыцы, жвірам, альбо пастаянна падвяргаецца вандальскім атакам дзеля таго, каб фактычна дэманстраваць усім астатнім сапраўднае стаўленьне да нашай гісторыі. Калі хто яшчэ не да канца разумее, як у нас ставяцца да Курапатаў”.

Курапаты зьяўляюцца месцам зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў, урочышча ўнесенае ў Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Тут пахаваныя, паводле розных ацэнак, ад 30 да 200 тысяч ахвяраў сталінізму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG