Выступаючы на саміце, украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў, што “эўраінтэграцыйныя памкненьні Ўкраіны нязьменныя, не зважаючы на існуючыя праблемы”. Паводле Юшчанкі, Украіна ўсьведамляе, што для дасягненьня гэтай мэты яна мае прайсьці шлях рэформаў у розных сфэрах, у прыватнасьці ў заканадаўстве, сельскай гаспадарцы і энэргетычнай галіне.
У сваёй прамове Юшчанка назваў прычыны, якія, на яго думку, перашкодзілі падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам на сёньняшнім саміце: працэс фармаваньня Эўразьвязу, нэгатыўныя наступствы ўсясьветнага фінансавага крызісу і пэўны скептыцызм адносна пашырэньня ЭЗ. Кажучы пра ўнутраныя прычыны таго, што пагадненьня з Украінаю пакуль што не падпісваюць, Юшчанка прыгадаў, што ўрад Украіны ня выканаў абавязаньняў, узятых у рамках супрацоўніцтва зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, а Вярхоўная Рада не ўхваліла шэрагу неабходных законаў.
Старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу, выступаючы ў Кіеве, у сваю чаргу заклікаў Украіну вярнуцца да супрацы зь Міжнародным валютным фондам для забесьпячэньня эканамічнай і палітычнай стабільнасьці ў краіне.
Паводле Барозу, Эўрапейскі Зьвяз спадзяецца на дэмакратычнае правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Палітык падкрэсьліў, што ўжо стала звычным, што выбары ва Ўкраіне праводзяцца ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.
“Вельмі важна для краіны і яе будучай стабільнасьці, каб гэта паўтарылася ў студзені”, – заўважыў Барозу.
Падрабязьней пра саміт Украіна – Эўразьвяз чытайце ТУТ