Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Шапуцька: Леанід Козік абяцаў дэманстрацыю ў маю абарону


Тацяна Шапуцька
Тацяна Шапуцька

Прэсавую сакратарку «Маладога фронту» Тацяну Шапуцьку адлічылі з Белдзяржунівэрсытэту. Ёй уручылі паведамленьне, што яна адлічана «за парушэньне статутнай дысцыпліны». Тацяна Шапуцька лічыць, што прычынай адлічэньня стаў яе удзел у Форуме грамадзянскай супольнасьці краінаў "Усходняга партнэрства".

Тацяна Шапуцька вучыцца на другім курсе юрыдычнага факультэту БДУ. Яе пасьпяховасьць ў сярэднім 8 з паловай балаў.

16 і 17 лістапада дзяўчына прадстаўляла «Малады фронт» у Брусэлі на паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў Усходняга партнэрства. Тым часам яна даведалася, што 19 лістапада яе выклікалі на адмысловае паседжаньне ў дэканат.

Тацяна распавяла пра гэта прадстаўніку Эўракамісіі Эўгеніюшу Смоляру, а той паведаміў пра магчымае адлічэньне Шапуцькі старшыні афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Леаніду Козіку.

У адказ той заявіў, што ў выпадку адлічэньня Тацяны сам асабіста выйдзе на дэманстрацыю пратэсту ў цэнтры беларускай сталіцы.

Тацяна Шапуцька паведаміла, што аднагрупнікі яе падтрымліваюць.

«Я размаўляла зь некаторымі выкладчыкамі, якія казалі, што гэта было рашэньне не дэкана і ня рэктара, а пэўных дзяржаўных структур. Ні для каго няма сумневу ў тым, што стала сапраўднай прычынай майго адлічэньня.

Напярэдадні майго адлічэньня намесьнік дэкану казаў, што мной зацікавіліся адпаведныя дзяржаўныя структуры. Зараз буду абмяркоўваць са сваімі аднагрупнікамі і кіраўніком прафсаюзу што можна зрабіць.

Я проста так адступаць не зьбіраюся. Мае аднагрупнікі мяне падтрымліваюць. Я чула ад іх толькі добрыя словы.

Раней Леанід Козік казаў, што гатовы арганізаваць дэманстрацыю ў цэнтры Менску ў маю абарону. Бліжэйшым часам я запытаю ў сп. Козіка, якім чынам наша арганізацыя зможа яму дапамагчы ў арганізацыі гэтай дэманстрацыі».

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч паведаміў:

Зьміцер Дашкевіч
«Безумоўна, мы будзем бараніць Тацяну ўсімі сродкамі. Ёсьць прэцэдэнты, калі змаглі дамагчыся праўды і аднавіць на вучобе студэнтаў. Гэтая сытуацыя абуральная, тым больш, што кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў абяцаў арганізаваць маніфэстацыю ў яе падтрымку.

Прычынай стала яе актыўная грамадзкая дзейнасьць. Удзел у форуме Ўсходняга партнэрства стаў апошняй кропляй. Натуральна, у нармальнай краіне такімі студэнтамі, як Таня Шапуцька ганарыўся б любы рэктарат».

Тэлефоны Леаніда Козіка не адказваюць і таму маладафронтаўцы пакуль не змаглі дамовіцца зь кіраўнікам Фэдэрацыі прафсаюзаў наконт правядзеньня маніфэстацыі ў абарону правоў маладафронтаўкі ў цэнтры Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG