Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камуністаў – назад?


Міністэрства юстыцыі Беларусі патрабуе ад апазыцыйнай ПКБ дадатковых тлумачэньняў адносна перайменаваньня ў Беларускую партыю аб'яднаных левых “Справядлівы сьвет”.

Адкрытым пытаньне рэгістрацыі застаецца таксама для заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.

Рашэньне аб перайменаваньні Партыі камуністаў Беларускай было прынятае 25 кастрычніка падчас правядзеньня XIV пазачарговага зьезду. 23 лістапада ў Міністэрства юстыцыі былі пададзеныя адпаведныя дакумэнты. У адказ Мін’юст выставіў некалькі сустрэчных пытаньняў, паведамляе сакратар ЦК партыі Алена Скрыган:

Алена Скрыган
“Яны задаюць такія пытаньні: чаму вы назваліся аб’яднанай партыяй, чаму называецеся камуністамі, хто будзе зьбіраць партыйныя ўзносы і гэтак далей. Вядома, чаму яны хочуць — яны хочуць не зарэгістраваць нашу партыю. Мін’юст жа сам нічога не вырашае — мы ведаем гэта. Які сыгнал яны атрымаюць, гэтак і дзейнічаюць. Калі б у іх быў сыгнал зарэгістраваць зьмены і новую партыю, то яны б гэтых пытаньняў і не задавалі”.

Намесьніца кіраўніка Ўправы грамадзкіх аб’яднаньняў Мін’юсту Алена Кірычэнка дадатковыя патрабаваньні да Партыі камуністаў пракамэнтавала гэтак:

“Калі Міністэрства юстыцыі запатрабавала нейкую інфармацыю, то, значыць, былі на тое нейкія падставы”.

Як паведаміла Алена Кірычэнка, пасьля 9 сьнежня Міністэрства юстыцыі дасьць адказ адносна рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Адначасна Мін’юст будзе разглядаць заявы заснавальнікаў партыі адносна перасьледу органамі ўлады актывістаў у розных рэгіёнах Беларусі. Адзін з сустаршыняў аргкамітэту Віталь Рымашэўскі называе ціск на заснавальнікаў БХД рэпрэсіямі супраць свабоды волевыяўленьня:

Віталь Рымашэўскі
“Кожны тыдзень паступаюць новыя зьвесткі пра ціск на заснавальнікаў БХД. Можна канстатаваць, што задзейнічаны КДБ і іншыя ўладныя структуры. Да прыкладу, чалавека, для якога вельмі важная праца, выклікаюць да начальства і патрабуюць, каб ён адклікаў подпіс. У выніку мы ўжо маем пяць адмоў. Натуральна, што мы чакаем адмовы ў рэгістрацыі. Можна канстатаваць, што ўлады Беларусі робяць захады да павелічэньня таталітарызму ў краіне”.

Нагадаю, што гэта другая спроба заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі зарэгістраваць сваю партыю. Некалькі разоў Міністэрства юстыцыі таксама адмаўляла ў рэгістрацыі Маладому фронту. А за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі былі распачатыя каля 50 крымінальных спраў і 12 маладафронтаўцаў былі асуджаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG