Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўская папера не запатрабаваная на рынку


Нядаўна пабудаваны Шклоўскі завод газэтнай паперы ня можа збыць 2100 тон сваёй прадукцыі. У тым, што газэтная папера незапатрабаваная, кіраўніцтва прадпрыемства вінаваціць беларускіх выдаўцоў, бо тыя закупілі яе ў Расеі. Каб разладаваць склады, цану на паперу зьнізілі на пяць працэнтаў.

Дагэтуль афіцыйныя крыніцы падавалі сытуацыю на шклоўскім прадпрыемстве толькі ў пазытыўным сьвятле. Гаварылася пра тое, што тамтэйшая папера якасная й недарагая. На завод вазілі прадстаўнікоў рэдакцыяў дзяржаўных газэт і пераконвалі іх у неабходнасьці набываць менавіта паперу тутэйшай вытворчасьці.
многія рэдакцыі забясьпечаныя расейскай паперай ...

“Улічваючы тое, што многія рэдакцыі забясьпечаныя расейскай паперай, робіцца ўсё неабходнае, каб павялічыць экспартныя пастаўкі. Дзесьці працэнтаў на пяць мы пойдзем на зьніжэньне цаны, для таго, каб утрымацца на рынку. Можа, такія складанасьці будуць у нас да канца сьнежня, да сярэдзіны студзеня”, — цытуюць афіцыйныя крыніцы намесьніка дырэктара прадпрыемства Алега Падабеда.

Праблемы з продажам прадукцыі кіраўніцтва прызнала неўзабаве пасьля абяцаньня Аляксандра Лукашэнкі разабрацца з выдаткоўваньнем бюджэтных сродкаў на гэтым прадпрыемстве. 13 лістапада ён паабяцаў асабіста прыехаць на завод і пабачыць вынікі яго працы.

2100 тон непрададзенай прадукцыі — гэта дваццаць дзён працы прадпрыемства. Яно пакуль працуе на 60 працэнтаў ад сваёй магутнасьці. На поўніцу завод абяцаюць запусьціць у сьнежні, і тады будуць вырабляць ужо 3000 тон паперы штомесяц.

Беларускі Дом друку выкарыстоўвае шклоўскую паперу. Там запэўніваюць, што якасьць іх задавальняе. Што да цаны, то супрацоўнік Дому друку зазначае:

“Яна ж патаньнела нібыта ад учорашняга дня. Цяпер без НДС каштуе тона мільён пяцьсот зь лішнім”.

Іосіф Сярэдзіч
Паслугамі Дому друку карыстаецца газэта “Народная воля”. На якой паперы яе тут друкуюць, галоўны рэдактар Ёсіф Сярэдзіч пэўна сказаць ня можа:

“Мы па дамове друкуемся на іх паперы. Можа, і на шклоўскай. Я іншым разам гляджу, што бывае лепшай якасьці папера, а бывае зусім кепскай”.

Пагаршэньне якасьці газэтнай паперы адзначае й рэдактар “Бабруйскага кур’ера” Анатоль Санаценка:

“Яна стала жаўцець. Бывае, што яна непрыемна пахне. Я ня ведаю, адкуль гэтая газэта прывозіцца, бо мы друкуемся на паперы, якую дае друкарня. Мне, канечне, як выдаўцу хацелася б бачыць паперу лепшай якасьці. Каб была белая, а ня жоўтая, як абгортачная папера”.

У кастрычніку 2007 году ўрад Беларусі выдзеліў заводу бюджэтную пазыку на 2 мільёны даляраў для фармаваньня прадпрыемствам уласных абаротных сродкаў. Вярнуць іх завод мусіць цягам двух гадоў, пачынаючы ад 2014 году. Чакаецца, што шклоўская папера задаволіць патрэбы ўсяго беларускага рынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG