Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цуды Зялёнага Бору


Пакуль жыхары плянэты вызначаюць сем цудаў сьвету, пакуль грамадзяне Беларусі думаюць, што ёсьць цудамі іх краіны, жыхары пасёлку Зялёны Бор вызначыліся зь сямю цудамі свайго пасёлку. Акцыя, безумоўна, дасьціпная. Прыдумаць якую мог сапраўдны патрыёт. Бо Зялёны Бор узьнік толькі ў 1948 годзе. У сапраўдным зялёным бары пад Смалявічамі. Гэта тыповы ўзор правінцыйнай сталінскай архітэктуры з клясычным Домам культуры і цэнтральнай вуліцай двухпавярховых камяніцаў. Якія тут могуць быць цуды!

Ініцыятар акцыі, дырэктар зялёнаборскага Дома культуры Валерый Гусеў, саракагадовы ўраджэнец пасёлку — сапраўдны патрыёт Зялёнага Бору. Дзякуючы менавіта такім людзям, як Валерый, дзеці, можа, упершыню задумваюцца над сэнсам слова “патрыятызм”.

Па пасёлку расставілі урны для галасаваньня, куды жыхары пасёлку ўкідалі свае намінацыі на мясцовыя цуды. У сьпіс архітэктурнай спадчыны Зялёнага Бору жыхары ўнесьлі такія цуды, як “воданапорная вежа”, “плот каля сараяў”, “павільён аўтобуснага прыпынку”. Зрэшты, слова спадару Гусеву.



Валерый: “Там трошкі было непрыстойных. Нехта некаму зайздросьціў. Ёсьць у нас людзі, якія любяць чарку ўзяць і потым ходзяць па пасёлку, бадзяюцца. Іх таксама ўпісвалі ў намінанты”.

Карэспандэнт: “Упісвалі канкрэтных людзей?”

Валерый: “Канечне. Канкрэтных людзей”.

Карэспандэнт: “Яны такія жывапісныя?”

Валерый: “Калярытныя. Вельмі калярытныя”.

Мяне зацікавіў пункт “будынак сталовай з прыбудовамі”.



Валерый: “Яна была пабудаваная недзе ў 50-х гадах. І стаіць у самым цэнтры нашага пасёлку. Від вельмі непрыглядны. Вельмі даўно не рамантавалі, дах цячэ. Але ж, разам з тым, гэта архітэктурная адметнасьць нашага пасёлку. Таму што толькі год таму мы справілі 60-годзьдзе Зялёнага Бору”.

Сапраўды, калі іншых, больш шляхетных руінаў няма, дык і руіны сталовай будуць выглядаць таямнічым чорным замкам.


Я б першае месца аддаў самому Дому культуры. Цёплы, ахайны, з цудоўнай утульнай заляю, зь мяккімі фатэлямі і маленькай сцэнай. І сцэна гэтая не прастойвае. Тут часам адбываюцца сапраўдныя аншлягі на паэтычных вечарынах. Слова бібліятэкарцы Тацяне.



Тацяна: “Столькі гадоў я марыла пабачыць яго ў Зялёным Бары. І я паставіла сабе мэту заклікаць Дранько-Майсюка ў Зялёны Бор. Тэлефанавала шмат разоў. Кажу: „Так і так, я вас бачыла. Хачу, каб пабачылі і іншыя“. Ён згадзіўся. І адбылася сустрэча 21 лютага, у Дзень роднай мовы. Ён прыехаў да нас зь сябрам, Акуліным. Калі яны завіталі, уражаньні былі — слоў не хапае. Прыйшла ўся школа, былі жыхары пасёлка. Была вялікая рэкляма. Вершы нам казалі, Акулін сьпяваў цудоўныя песьні”.

Карэспандэнт: “А якія водгукі былі ў дзяцей?”

Тацяна: “Дзецям падабалася шчырасьць, зь якой яны размаўлялі. Старэйшыя дзеці моўчкі назіралі. А дзеці меншага ўзросту, яны шчыра — “які дзядзька добры, які харошы дзядзька…”

Якая нуда глядзець на паўпустыя трыбуны менскага “Дынама”. Сталічныя майстры могуць сьмела пазайздросьціць зеленаборскай футбольнай камандзе “Штотц-Аграсэрвіс”. Каманда аматараў, якая выступае ў чэмпіянаце Менскай вобласьці, зьбірае дома поўныя трыбуны. Яна па праву лічыцца адным зь сямі цудаў Зялёнага Бору. Слова капітану каманды Андрэю Іванову.



Андрэй: “Трэніроўкі, зборы — абавязкова. І перад чэмпіянатам мы згулялі шэсьць таварыскіх матчаў”.

Карэспандэнт: “А ці ёсьць публіка?”

Андрэй: “Прыехалі судзьдзі прымаць поле. І сказалі: „Мы ня маем права ў вас поле забраць, нават калі яно будзе кепскае“. З-за заўзятараў. Зьбіраўся ўвесь пасёлак. Прыходзілі глядзець на сваіх дзяцей, на сваіх знаёмых”.

Карэспандэнт: “Усё па-даросламу. І скандоўкі…”

Андрэй: “Канечне. Абавязкова. Барабаны. Два барабаны зламалі. Атрыбутыка, дудкі. Ярыя заўзятары, чалавек шэсьць, яны з намі па ўсёй вобласьці каталіся. На ўсе выезды. Калі забівалі гол, было чуваць вельмі далёка”.

Але ня толькі футболам жыве Зялёны Бор. Тут праводзіцца чэмпіянат па рускім більярдзе. І нязьменны чэмпіён пасёлку — Генадзь Масальскі. Каржакаваты моцны мужчына з тварам патомнага інтэлігента. Яму ёсьць калі павышаць сваё більярднае майстэрства. Спадар Генадзь — былы фэрмэр, які ня змог выжыць у прапанаваных уладай умовах. Ён расказвае, хвацка заганяючы шары ў люзу.


Генадзь: “Як толькі пайшла гэтая эпапэя фэрмэрская. Свабода! Бацька — бярыце, усё зробім для вас. (Шар.) Ну, я ўзяў сабе дзесяць гектараў, я люблю зямлю. Стаў фэрмэрам. Раздабыў МТЗ-80. Сьвіньняў было 20 сьвінаматак. І пачаў працаваць. Зараз я нікому ня дам парады… Як успамінаю, што там было, дык нейкі жах у маёй галаве. (Шар.) Гарадзкія ўсе адпачываюць летам на рэчцы, балалайкі, гітары. А я цэлае лета — бульбу пасадзіць, бульбу абабраць, ад жукоў сабраць. Грэчку яшчэ вырошчваў. У селяніна цэлы дзень летам праца. А ў раён прыеду — ты самы горшы, зерне самае дрэннае, ніжэйшай якасьці, сьвіньні ў цябе катэгорыі самай ніжэйшай”. (Шар.)

Карэспандэнт: “Гэта быў сплянаваны наезд?”

Генадзь: “Безумоўна. „Бацька“ ня прама сказаў па тэлебачаньні, што фэрмэра трэба душыць. Былі намёкі, што калгасы стаяць вышэй за фэрмэра, фэрмэры — гэта другаснае. А што кіраўнікі ў раёне? Яны дурныя мазгі маюць? Яны адразу зразумелі — ага! Намёк мы зразумелі. І ўсё”. (Шар.)

Калісьці ў Смалявіцкім раёне налічвалася 60 фэрмэраў. Зараз чалавек пяць.

Назваць Зялёны Бор забітым і забытым месцам не выпадае. Бо тут ёсьць дзе рабіць. Працуе торфаздабыча. Працуе прадпрыемства, якое вырабляе латкі для яек. Тут вырабляюць смажаныя семкі і чыпсы. Але пэнсіянэркі, зь якімі я разгаварыўся ў адным з двароў, паведамілі мне пра свой боль. Зялёны Бор — адзін з пунктаў, куды высяляюць менскіх няплатнікаў за камунальныя паслугі. І, як правіла, гэта публіка пітушчая і ласая на чужое дабро.


Старая: “Цяпер у нас у сараях ніхто не трымае гаспадарку. Таму што кралі. Гароды таксама ўсе закінулі. Бо які сэнс, калі ўсё роўна выкапаюць? Скаціны няма”.

Карэспандэнт: “Усё, што маглі, ужо пакралі”.

Старая: “Так”.

Іншая старая з гневам паказала мне на высачэзныя пні пасярод двара.


Старая: “Бачыце, што творыцца ў нас на двары? Хіба гэта парадак? Пілілі, пілілі. Нам страшна глядзець на гэтыя дрэвы. Як мы помнім, калі была вайна, немцаў вешалі на такіх дрэвах. Немцы вешалі нас. Жыхароў. Глядзіце, якія ў нас сараі стаяць непрыбраныя. Гэта жах. І ніхто ніякіх мер не прымае”.

Я ўжо быў падрыхтаваўся слухаць пра адсутнасьць парадку ў кватэрах з часоў нямецкай акупацыі, але ў размову ўмяшаўся бадзёры пэнсіянэр. Які закляйміў крытыкай камунальную службу.

Мужык: “Халадзіна. Няма ні печкі, нічога. Па 12 цяпла. Пішы хоць Бушу. Ну, Буша зьнялі, дык зараз гэты, можа, паўзьдзейнічаў бы”.

Карэспандэнт: “Дык нашага ж прэзыдэнта ня Буш завуць, па-мойму”.

Мужык: “Да яго даедзеш, да Лукашэнкі. Колькі спробаў рабіў. Не дапускаюць. Дык апошнія навіны гляджу ў ватнай коўдры”.

Шчыра кажучы, я ўпершыню сутыкнуўся з такой непасрэднай праявай абамаманіі. Перад якой адступаюць да болю знаёмыя вусы і гучны голас.

Цудамі Зялёнага Бору жыхары пасёлку назвалі валун у парку, лебядзей на возеры, мэталічнага лася на ўезьдзе ў пасёлак і нядаўна пабудаваную царкву. Але ж цуд — гэта ня толькі аб’ект. Але і ўчынак. Пасёлак стаіць сярод прыгожых лясоў. Гэта значыць, сярод месцаў адпачынку менчукоў. Пасьля якіх у лесе застаюцца горы сьмецьця. І кожны год Валерый Гусеў робіць цуд. А як інакш назваць конкурс сярод дзятвы і моладзі, хто больш зьбярэ сьмецьця зь лесу. Пры дапамозе БРСМ некалькі брыгадаў у цэнтры пасёлка выкладаюць дарожкі з плястыкавых бутэлек. У каго даўжэйшая, той і перамог. Прыз — CD-плэер.

Валерый: “Гэта ўсё было зроблена ў цэнтры пасёлку для таго, каб больш людзей пабачыла, якія жахі ў нас робяцца ў навакольлі. І, можа, у каго-небудзь ня будзе потым жаданьня кінуць гэтую бутэльку”.

Карэспандэнт: “Вы іх проста выклалі…”

Валерый: “Выклалі, і ўмова была такая: у каго гэтая дарожка будзе даўжэйшаю, той і атрымае галоўны прыз. Ёсьць у нас шматдзетная сям’я Брыксіных. Яны паказалі проста цуд. Бацька разам зь дзецьмі некалькі рэйсаў рабіў. Бутэлька ў мяшку важыць вельмі мала. Ён іх неяк зьвязваў, і гэта была такая арба. І гэта так прыкольна было бачыць. І мы сабралі дванаццаць тысяч бутэлек. Нехта назваў нашу акцыю, па-расейску кажучы, “Верни мусор обратно в поселок”.

Барацьбу Валерыя і зялёнаборцаў са сьмецьцем можна параўнаць з подзьвігам Геракла ў Аўгіевых стайнях. А можна — з працаю Сызыфа. Бо, на жаль, сьмецьця ў навакольным бары менш не становіцца. Але ж гэта не нагода, каб апускаць рукі? І, можа, аднойчы ў Зялёным Бары здарыцца восьмы цуд…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG