Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: інтэрнэт-прастора багацее


Дынаміка карыстаньня інтэрнэтам (%)
Дынаміка карыстаньня інтэрнэтам (%)

Сёньня ў Менску быў наладжаны круглы стол пра разьвіцьцё беларускага сэктару інтэрнэту — так званага байнэту. Якія пэрспэктывы нясуць сеціву новыя тэхналёгіі — у прыватнасьці, высокахуткасны інтэрнэт стандарту 3G? Ці рэальная перавага кансэрватыўнага “наземнага” інтэрнэту перад сучасным мабільным? Ці сапраўды інтэрнэт-рэсурсы не пацярпелі ад крызісу, атрымліваючы яшчэ большыя прыбыткі ад рэклямы?


Што ўвогуле сабой уяўляе беларускі сэктар інтэрнэту? Адкуль беларускія спажыўцы перадусім спампоўваюць патрэбную і цікавую інфармацыю? Па словах намесьніка генэральнага дырэктара беларускага парталу TUT.by Кірыла Валошына, у бальшыні сваёй інтэрнэт-прадукт запазычаны, бо адпачатку базуецца на сэрвэрах іншых дзяржаваў:

“Паводле дадзеных “Белтэлекаму”, 94% трафіку накіравана за мяжу, перадусім у Расею. Так званы цяжкі мультымэдыйны кантэнт з абсалютна лягічных прычын знаходзіцца ня ў нашай краіне, таму што Беларусь адносна ўсяго інтэрнэту ня вельмі вялікая, колькасьць карыстальнікаў таксама нязначная, таму асноўны кантэнт — парнаграфія, відэа любога характару, выявы, фільмы, музыка — пераважна знаходзіцца за межамі беларускага сэгмэнту. То бок, у кілябайтах інтарэс карыстальнікаў разьмеркаваны за мяжу. Калі казаць пра навіны, пра інфармацыю, зьвязаную з нашай радзімай, то, канечне, інтарэс карыстальнікаў палягае ў байнэце. Але той інфармацыі, якой тут няма, — зразумела, што яе людзі таксама шукаюць за мяжой”.

Кіраўнік унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы” Юрый Зісер, ён жа адзін з заснавальнікаў парталу TUT.by, акцэнтуе ўвагу на аб’ектыўным працэсе: інтэрнэт усё заўважней мяняе звыклую кампутарную дысьлякацыю на мабільную. З запускам высакахуткаснага інтэрнэту 3G інтэрнэт наблізіўся да карыстальніка на адлегласьць мабільнага тэлефона ў руцэ:

“Мабільная вэрсія пошты на TUT.by зьявілася яшчэ ў 2002 годзе. Навіны ўжо гадоў пяць можна чытаць праз мабільнік. І зараз на мабільнай вэрсіі TUT.by ёсьць бальшыня папулярных сэрвісаў: навіны, форумы, абмеркаваньне артыкулаў, надвор’е, курсы валют, зьніжкі. Працуем, каб туды трапіў і плацёжны сэрвіс plati.tut.by. Канечне, мы ўлічваем, што зьявіліся магчымасьці на рэтрансьляцыю аўдыё, відэа, і таксама будзем гэта актыўна разьвіваць. Увогуле зьявілася шмат мультымэдыйных навінаў, мы нават адмовіліся ад выкарыстаньня выразу Радыё TUT.by, TUT.by-TV. Зараз усё гэта — суцэльны TUT.by, бо карыстальніку павінна быць усё роўна, глядзіць ён звычайныя ці відэа-навіны. То бок ідзем у мультымэдыя, як і ўвесь сьвет. І дзякуй Богу, што ёсьць тэхналёгіі 3G, 4G, якія гэта дазваляюць зрабіць”.

За апошні час інтэрнэт-тэхналёгіі зьдзейсьнілі імклівы прарыў. Цяпер можна ня толькі чытаць навіны любімых сайтаў з мабільнага тэлефона, абменьвацца карцінкамі, спампоўваць музыку і нават кінафільмы, але і бачыць падчас тэлефоннай гутаркі суразмоўцу. Апэратар мабільнай сувязі Life:), які першы ў Беларусі пачаў укараняць тэхналёгію 3G, робіць рэальнай відэавыяву на экране мабільніка. Ці карыстаецца новая паслуга попытам? Гаворыць мэнэджэр кампаніі Life:) Юлія Васілян:

“Запуск любой дадатковай паслугі, асабліва такой відовішчнай, як відэазванок, выклікае ўздым у попыце на яе. Паслугай відэатэлефанаваньня ўжо карыстаецца досыць вялікая колькасьць людзей. Дастаткова сказаць, што мы плянавалі трафік, які рэальнае карыстаньне ўжо перавысіла. Што сталася для нас досыць нечаканым, гэта тое, што людзі вельмі актыўна тэлефануюць за мяжу. То бок, карыстальнікі паслугі, якая прадугледжвае йльготныя тарыфы на званкі за мяжу, актыўна выкарыстоўваюць відэазванкі”.

Нават у пэрыяд крызісу — фактычна адзінай мэдыя-галіной рэклямнай, якая як мінімум не абвалілася, а ў некаторых краінах вырасла — у тым ліку, мы думаем, што ў Беларусі таксама, — ёсьць інтэрнэт
Інтэрнэт-прастора зацягвае ўсё большую колькасьць людзей па ўсім сьвеце. Па сутнасьці, віртуальны сьвет для мільёнаў ужо даўно пераўтварыся ў цалкам рэальны, дзе можна ня толькі камунікаваць, але і зарабляць капіталы. Па словах Кірыла Валошына, інтэрнэт-галіна — адна зь нямногіх, якая ня толькі супрацьстаіць крызісу, але і зарабляе насуперак усясьветным тэндэнцыям:

“Хутчэй гэта сусьветная статыстыка, чым беларуская, але мы нічым моцна не адрозьніваемся. Нават у пэрыяд крызісу — фактычна адзінай мэдыя-галіной рэклямнай, якая як мінімум не абвалілася, а ў некаторых краінах вырасла — у тым ліку, мы думаем, што ў Беларусі таксама, — ёсьць інтэрнэт. Зразумела, што гэта зьвязана не канкрэтна з прыходам 3G, а з ростам аўдыторыі інтэрнэт-карыстальнікаў, са зьмяншэньнем часу тэлепраглядаў, з павелічэньнем знаходжаньня ў сеціве. І па меры таго, як увага ўсё больш разьмяркоўваецца ў бок інтэрнэту, чым у бок газэт, часопісаў, тэлевізара, тым большая зацікаўленасьць рэклямадаўцаў, тым большыя заробкі ў гэтай галіне”.

Імкліваму распаўсюджаньню новых тэхналёгій перашкаджае пазыцыя афіцыйнага інтэрнэт-правайдэра “Белтэлекам”, пад чыю дудку вымушаныя скакаць і астатнія гульцы рынку, жорстка прывязаныя да ўмоваў манапаліста. Паводле статыстыкі, інтэрнэт-паслугі ў Беларусі — адны з самых дарагіх у Эўропе, і тэндэнцыі да лібэралізацыі ў гэтай сфэры пакуль што не назіраецца.

По выніках дасьледаваньня наведваньняў больш як 8 тысяч беларускіх сайтаў карыстальнікамі зь Беларусі кіраўнік аналітычнага аддзелу кампаніі “Акавіта” Фёдар Караленка сёньня назваў колькасьць тутэйшых “мабільных інтэрнэтчыкаў”. Найбольш унікальных наведнікаў — зь сеткі апэратара Velcom (70 тысяч, або 45%). На другой пазыцыі — МТС (55 тысяч, 35,7%), на трэцяй — Life:) (21 тысяча, 14%). У канцы сьпісу “Акавіты” — DIALLOG (8 тысяч, 5,3%).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG