Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты растуць на салодкія харчы, садавіну і нават хлеб


У Беларусі зьніжаецца попыт на харчы, адзеньне і ласункі. Гэта адбываецца на тле істотнага падвышэньня коштаў на многія тавары. Падрабязна пра сытуацыю на рынках і ў дзяржаўным гандлі.



МАГІЛЁЎШЧЫНА


“У людзей няма грошай нават на клімавіцкую гарэлку”


На Магілёўшчыне падзеньне пакупніцкай здольнасьці насельніцтва ўскладніла працу гандляроў. Цяпер яны жывуць адным клопатам — як прадаць свае тавары ва ўмовах, калі ў людзей нестае грошай.

Адказу на такое пытаньне шукаюць нават на Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе. Афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што ў яго ёсьць праблемы з рэалізацыяй прадукцыі. На прадпрыемстве спадзяюцца, што разладаваць склады дапаможа надыход сьвятаў:

“Калі сьвяты вось гэтыя, рэалізацыя, канечне, павялічваецца. На навагоднія сьвяты. Сьнежань, студзень у нас нядрэнныя месяцы для рэалізацыі. Нават самыя лепшыя ў годзе. На дадзены момант у нас даволі вялікае зьніжэньне аб’ёмаў”, — паведаміла супрацоўніца адміністрацыі прадпрыемства.

“Чырвоны харчавік” саступае крызісу — зьніжае кошты


Зьмяняць цану ні ў большы, ні ў меншы бок на заводзе пакуль не плянуюць. Тым часам на слодычы бабруйскай фабрыкі “Чырвоны харчавік” цэны падаюць. Упершыню прадпрыемства вырашала камплектаваць навагоднія падарункі са сваёй прадукцыі:

“Кіляграм чакалядных цукерак каштуе адзінаццаць тысяч рублёў. Скінулі цэны ў параўнаньні зь мінулым годам на сямнаццаць працэнтаў са спадзевам на тое, што пакупнік у Беларусі ўбачыць, што нашы цукеркі высакаякасныя й недарагія”, — зазначылі ў плянавым аддзеле ”Чырвонага харчавіка”.

Што тычыцца іншых харчоў, то гандляры адзначаюць падзеньне цаны й на іх. Праўда, гэта заўважаюць ня ўсе пакупнікі. Як фармуецца цана, для іх застаецца загадкай. Вось адно зь меркаваньняў:

У прыватніка памідоры па 4500, у краме, дзе дзяржгандаль, — па 7000

Вось сходзіш — дзень адна цана, а заўтра ўжо другая цана. ...

“На мяса, напрыклад, на гародніну, ды на ўсё. Вось сходзіш — дзень адна цана, а заўтра ўжо другая цана. Усё даражэй, і нашмат. У мясных крамках цэны ну дужа непад’ёмныя і якасьць ня дужа добрая. Вось, дапусьцім, ляжыць мяса два дні, яго ж трэба зрабіць таньнейшым. А яны трымаюць тую ж цану. Які ў гэтым сэнс?”

Людзі часьцей наведваюць прыватных гандляроў, бо цэны ў іх больш гнуткія. Самі прыватнікі адзначаюць, што іх прыбыткі зьменшыліся, бо ў людзей няма грошай:

“Нацэнка ў нас ніжэйшая за дазволенае. Дапусьцім, што трэба 25 працэнтаў. Але ніхто столькі ня робіць, бо не прадамо — няма каму. Мы робім дваццаць альбо пятнаццаць. Можам прадаць за тое, што купілі, калі ня йдзе. Вось сёньня ў мяне памідоры 4500, а вось побач крама — у іх сёньня 7000”.

ВІЦЕБШЧЫНА


Прадпрымальнікі спрабуюць захаваць свой бізнэс не праз кошты, а праз колькасьць прададзенага


Пэнсіянэрка з Воршы спадарыня Галіна жыве зусім блізка ад гарадзкога кірмашу, таму мае мажлівасьць назіраць за дынамікай коштаў штодзённа.

Яна кажа, што бліжэй да Калядаў і Новага году звычайна даражэюць прадукты і садавіна, але пакуль гэтага няма:

“Такога ўзьлёту не было, не падаражэла, у сэнсе. Наадварот: як у мяне грошай заўжды мала, то я зьвярнула ўвагу, што вось вінаград быў па 5500 узбэцкі. Увесь іншы вінаград прапаноўвалі каля 8 тысяч. Я яшчэ вагалася: можа, купіць… А да сьвятаў, да Новага году ўсё даражэе, так заўжды бывае”.

Істотнае падаражэньне плянуецца 23-24-га сьнежня


Ірына Яскевіч
Ірына Яскевіч
, якая займаецца стварэньнем прадпрымальніцкага прафсаюзу “Разам”, кажа, што пакуль цэны не ўзьляцелі і ў Віцебску. Аднак перадсьвяточнага падвышэньня варта чакаць у апошнія дні сьнежня:

“Частка людзей нешта пачне набываць 23-га, 24-га сьнежня. І там ужо пойдзе “павальны” гандаль. Мяса вэнджанае, сыры, цукеркі, наборы кандытарскія…І кошты будуць прыкметна падвышаныя, таму што да сьвятаў будуць прапаноўваць даражэйшы тавар, нейкія далікатэсы. Зьявяцца цэны “ого, ажно 45 тысяч!”

Ірына Яскевіч прагназуе, што павысяцца кошты і на прамысловыя тавары, але попыт на іх будзе ня дужа вялікі:

“Падаражэюць дзіцячыя “бальна-сьняжыначныя” сукенкі, усе гэтыя строі “сьняжынак”, “зайчыкаў”… Гэта сэзонны тавар, яго прывязуць. Зноў пачнуць прадаваць мужчынскія гарнітуры — раптам хто набудзе да сьвята. Але масава ня будуць купляць, да прыкладу, іх або сьвяточныя жаночыя блюзкі. Павысіцца попыт на гэты тавар, але на 15%, ня болей. У людзей няма грошай, і ім не да гулянак!”

Прадпрымальнік з Наваполацку Валеры Шаўчэнка падтрымлівае гэтую думку:

“Справа ў тым, што грошай няма. Таму прадпрымальнікі спрабуюць браць ня коштамі, а колькасьцю. Зьніжаюць кошты, каб болей бралі ўсяго — падаткі ж нам адбіваць трэба і арэнду…”

Прадпрымальнікі Віцебшчыны кажуць, што ўзьняцца могуць хіба кошты на аптовых базах, і тады цэны на тавары ўзрастуць незалежна ад іх волі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Найдаражэй пражыць у маленькім горадзе


На Гарадзеншчыне кошты на рынках пачынаюць расьці, але найбольш неспрыяльная сытуацыя ў маленькіх гарадах.

На Цэнтральным рынку ў Горадні пакупнікі ўсё больш наракаюць на рост цэнаў. Кажуць, што тыя растуць пастаянна, а на сьвяты, маўляў, як звычайна, падымуцца ў некалькі разоў.

Вось спадарыня купляла мяса. Пытаюся ў яе пра кошты.

Спадарыня: “Дарагое мяса: 12 тысяч рублёў і вышэй. Нават сала — па 10 тысяч за кіляграм, а мяса — 15, 17, 18 тысяч. Вось такія кошты. А што, хочаце, каб так, як у Польшчы, было? Не, тут увесь час паціху, але ўсё даражэе ў самым літаральным сэнсе слова”.

Даражэюць нават пакункі для цукерак


Спадарыня турбуецца, што напярэдадні Калядаў і Новага году кошты наагул могуць стаць недасяжнымі. Яна прыводзіць такі прыклад.
падаражэлі нават упаковачныя скрыначкі для падарункаў ...

Спадарыня: “Ужо падаражэлі нават упаковачныя скрыначкі для падарункаў. Летась яны каштавалі 1300 рублёў, а сёлета ўжо — 2 000 рублёў. Гэта такія пакункі для цукерак”.

У раённым цэнтры Зэльва кошты высокія яшчэ да сьвятаў. Спадар Юры распавядае, што ў гарадку гандлем запраўляе райспажыўсаюз, а прыватнікаў амаль няма, таму няма і канкурэнцыі.

З-за гэтага, як кажа спадар Юры, кошты ў іх гарадку на ўсё вышэйшыя, чым у суседніх Баранавічах і Ваўкавыску. А да ўсяго там зусім іншы выбар.

Спадар: “Магу параўнаць крамы ў Зэльве і Баранавічах: у паўтара раза ў Баранавічах усё таньнейшае. У нас жа дагэтуль існуе “цягнік жыцьця”, як яго называюць, бо людзі езьдзяць у Ваўкавыск па харчы. Тут жа ў Зэльве нічога не купіць”.

Растуць кошты на салодкія харчы, садавіну і нават хлеб


А што тычыцца навагодніх закупаў, да прыкладу, ёлкі й цацак, то спадар Юры кажа, што людзі увогуле імкнуцца набываць такія рэчы нават не ў Ваўкавыску, а заказваюць, каб іх прывозілі з Польшчы.

Спадар: “А штучную ёлку прывязуць на заказ з Польшчы, і яна таньней табе абыдзецца ў паўтара раза, чым у Ваўкавыску. Там яна зараз каштуе каля ста тысяч, а я купляў у Беластоку за 55 злотых”.

У Слоніме таксама пакупнікі заўважылі падаражэньне, і перш за ўсё — садавіны і слодычаў.

Спадар: “Ну вось садавіна кшталту бананаў, апэльсінаў, то адназначна падрасьлі кошты. Дый чакаляд, да прыкладу “Альпен гольд”, каштаваў 2650, а зараз — 2900 рублёў”.

У Астраўцы, распавядае Іван Крук, цэны таксама на ўсё вышэйшыя, чым у Менску і Горадні, бо тавар завозяць адтуль, а канкурэнцыя, зь яго слоў, вельмі слабая.

Крук: “У нас нават на хлеб кошты накручваюць. Прадаюць менскі хлеб і бяруць за яго з улікам дастаўкі. Многія людзі абураныя такімі коштамі. Атрымліваецца, што ў нас практычна ўсё даражэйшае, чым у Менску, на тысячу альбо нават на некалькі тысяч рублёў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG