Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбен Беларусі Мытны зьвяз?


Наступным тыднем Беларусь, Расея, Казахстан рыхтуюцца афіцыйна стварыць Мытны зьвяз. Чаму Аляксандр Лукашэнка выказаў скептыцызм адносна ўмоваў удзелу ў ім Беларусі? Што гэта дае краіне? Як будуць уступаць чальцы Мытнага зьвязу ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю?

Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацьцяна Манёнак і эканаміст Леанід Злотнікаў.

Чаму Лукашэнка раптам апамятаўся?

Валер Карбалевіч: “На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка выказаўся скептычна наконт умоваў, на якіх Беларусь уступае ў Мытны зьвяз з Расеяй і Казахстанам. Чаму прэзыдэнт раптам прачнуўся, апамятаўся за 10 дзён да падпісаньня дакумэнтаў пра стварэньне гэтага Мытнага зьвязу? Ці гэта вынік узроўню дзяржаўнага кіраваньня ў Беларусі, кала прынцыповыя рашэньні прымаюцца ў апошні момант? Або гэта зроблена спэцыяльна, каб паставіць партнэраў у безвыходнае становішча і прымусіць да саступак?”

Тацьцяна Манёнак: “Гэта стратэгічны праект для РФ, які курыруе асабіста Пуцін. Наўрад ці Лукашэнка перашкодзіць яго рэалізацыі, бо кола ўжо запушчана. Для Беларусі найважней, каб новы Мытны зьвяз даў новыя ўмовы для доступу беларускай прадукцыі на расейскі рынак. Лукашэнка імкнуўся гэтымі заявамі падвысіць свае козыры ў торгу з Расеяй”.

Леанід Злотнікаў: “Крызіс прывёў да таго, што беларуская прамысловасьць яшчэ больш страціла сваю канкурэнтаздольнасьць. Уступленьне Беларусі ў Мытны зьвяз паставіць беларускія прадпрыемствы ў жорсткія ўмовы, і яны канкурэнцыі ня вытрымаюць”.
Леанід Злотнікаў

Беларусь цікавяць у Мытным зьвязе толькі цэны на нафту і газ?

Карбалевіч: “Галоўная думка, якую выказаў Лукашэнка на нарадзе, зводзіцца да наступнага: калі Расея не пагодзіцца адмяніць нафтавае мыта, зьнізіць цэны на газ, то навошта нам гэты Мытны зьвяз? Ці мае рацыю кіраўнік дзяржавы?”

Манёнак: “Статус Мытнага зьвязу не дае магчымасьці вырашыць пытаньне пра цэны на энэргарэсурсы. Расея ня супраць, каб з пачаткам рэалізацыі Мытнага зьвязу нафтавае мыта было адменена. Масква кажа беларускаму боку: падрыхтуйце мэханізм гарантаванага разьдзелу прыбыткаў ад продажу нафтапрадуктаў. Але Беларусь так і не змагла прапанаваць такі мэханізм. Таму прэм’еры дзвюх краінаў дамовіліся, што сёлетнія ўмовы што да мыта на нафту будуць працягнуты на паўгода, а магчыма, і на ўвесь наступны год. Магчыма, беларускаму боку цяперашняя сытуацыя выгаднейшая.

Беларусь настойвае, каб Расея прадавала газ па ўнутрырасейскіх коштах. Але гэта ілюзія. А вось адцягнуць пераход на эўрапейскія цэны на чатыры гады — магчыма. Бо гэтым годам па газе Расея зрабіла шмат саступак Беларусі”.

Злотнікаў: “У 1995 годзе, калі Беларусь і Расея стварылі Мытны зьвяз, пытаньне пра разьдзел прыбыткаў ад продажу нафтапрадуктаў было ўрэгулявана. Але Беларусь дамовы не выконвала, таму зьявілася з 2007 году нафтавае мыта. Наўрад ці Расея пойдзе на саступкі Беларусі ў газавым пытаньні”.

Мытны зьвяз і Сусьветная гандлёвая арганізацыя
Тацяна Манёнак

Карбалевіч: “Падчас саміту Расея—ЭЗ расейскі прэзыдэнт Мядзьведзеў чарговым разам адзначыў, што РФ будзе ўступаць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю (УГА) самастойна. А беларускія афіцыйныя асобы працягваюць цьвердзіць, што ў УГА мы будзем уступаць разам Мытным зьвязам. Падаецца, што вышэйшыя чыноўнікі заблыталіся самі і заблыталі ўсіх. Можа, Беларусь і Расея ня надта хочуць уступаць ва ЎГА, таму прыдумляюць нейкую дзіўную гульню?”

Манёнак: “Крызіс, падчас якога ўсе краіны ўзмацняюць пратэкцыянісцкія захады, не набліжае, а аддаляе ад УГА. Ёсьць небясьпека, што ў рамках Мытнага зьвязу краіны будуць яшчэ больш абараняць уласных вытворцаў ад вонкавай канкурэнцыі. Беларусь ня робіць сур’ёзных крокаў да ўступленьня ва ЎГА. Расея не пацягне за сабой Беларусь, калі ў самой Беларусі ня будзе значных рэформаў”.

Злотнікаў: “Хістаньні Расеі ў пытаньні ўступленьня ў УГА адлюстроўваюць хістаньні ўнутры расейскай эліты. Цяпер перамогу атрымоўвае група Мядзьведзева, якая выступае за ўступленьне ў УГА. Таму Расея будзе ўступаць ва ЎГА безь Беларусі. А гэта паставіць у складанае становішча ўсю беларускую эканоміку. Беларуская эканамічная мадэль несумяшчальная з УГА. У новым Мытным зьвязе будуць больш рынкавыя ўмовы”.

Манёнак: “Для мяне невідавочна, што стварэньне Мытнага зьвязу прысьпешыць уступленьне трох краінаў ва ЎГА”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG