Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 15 – 21 лістапада


Паводле справаздачы расейскага канцэрну “Газпром”, запазычанасьць з боку Беларусі за пастаўленае ў І паўгодзьдзі паліва склала блізу 166 мільёнаў даляраў.

У 2007 годзе кошт складаў усяго 100 даляраў за тысячу кубамэтраў, з 2008-га ён разьлічваецца штоквартальна. Паводле папярэдніх разьлікаў, у 2010 годзе сярэдні паказьнік будзе 170 даляраў. У “Белтрансгазе” устрымліваюцца ад камэнтароў пра рост запазычанасьці. З эканамічным аглядам тыдня -- Ігар Карней.

Згодна з пагадненьнем паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам”, у формуле кошту газу для Беларусі вызначаны паніжальны каэфіцыент на 2008—2010 гады. У першым паўгодзьдзі кошт газу быў 250 даляраў за тысячу кубамэтраў, а да канца 2009-га мусіць апусьціцца да 100 даляраў. Сярэднегадавы кошт складзе блізу 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Аднак нават ільготны рэжым непад’ёмны для беларускага боку. У справаздачы “Газпрома” паведамляецца: запазычанасьць Менску перад Масквой наблізілася да 166 мільёнаў даляраў. Праўда, як сказаў супрацоўнік дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі канцэрну Дзяніс Ігнацеў, ёсьць вусная дамова зь беларускім бокам аб кампэнсацыі доўга да канца году:

“Вам якога кшталту пацьверджаньне патрэбнае? Наколькі лічба запазычанасьці адпавядае рэальнасьці?”

Карэспандэнт: “Так, наколькі яна карэктная?”.

“Лічба карэктная. Гэта афіцыйная справаздача, яна ёсьць на нашым сайце, можаце на яе спасылацца”.

Эканаміст Станіслаў Гусак лічыць, што да канца году газавыя адносіны паміж Менскам і Масквой з эканамічнай плоскасьці традыцыйна пяройдуць у палітычную. Але, на думку экспэрта, ніякай палёгкі кіраўніцтву Беларусі чакаць ня варта, бо ў цяперашніх умовах экспартныя пастаўкі для Расеі — асноўная крыніца прыбыткаў у бюджэт:

Станіслаў Гусак
“Справа ў тым, што Расея таксама ня вечная. І Расея гэтаксама праводзіць зараз палітыку жорсткай эканоміі: навокал, дзе толькі можна ўжываць вугаль, паляць вугаль. І толькі там, дзе вугаль адаптаваць немагчыма, паляць нафту ці газ. Вырашана, што газ на 90% будуць пасылаць у Эўропу, бо эўрапейскія спажыўцы на гэты момант гатовыя плаціць за газ — то бок, толькі з газу можна атрымаць такія велізарныя грошы. І ўжо потым разглядаюцца прыбыткі за нафту, і ў самым канцы — за вугаль. Іншымі словамі, самі расейцы цяпер сябе па максымуме саджаюць на вугаль, а ўжо тое, што застанецца, будуць даваць нам”.

Хоць кошт газу для Беларусі вызначаны кантрактамі, беларускі бок ня супраць пазмагацца за зьніжкі. Так, прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў: на эўрапейскім рынку адзначаецца падзеньне коштаў на газ, тады як для Беларусі цана падвышалася цягам апошніх трох гадоў. Кіраўнік ураду зьдзіўлены: чаму для Беларусі ў 2010 годзе кошт газу мусіць расьці, калі ў Эўропе ён падае? Пры гэтым Сідорскі ўвязвае неабходнасьць перагляду дамоўленасьцяў з умовамі прыватызацыі “Газпромам” “Белтрансгазу”.

Між тым кіраўнік “Газпрома” Аляксей Мілер яшчэ ў кастрычніку зазначыў: цана на газ для Беларусі будзе падвышацца ў адпаведнасьці з кантрактам, які прадугледжвае паэтапны рост коштаў. І гэты кантракт беларускі бок мусіць выконваць у поўным аб’ёме.


Міністэрства фінансаў ЗША чарговы раз падоўжыла дзеяньне пастановы аб зьмякчэньні санкцыяў да двух прадпрыемстваў канцэрну “Белнафтахім” –“Лакафарба” і “Полацк-Шкловалакно” да 31 траўня 2010 года. Амэрыканскім грамадзянам зноў дазволена супрацоўніцтва з гэтымі беларускімі прадпрыемствамі. Разам з тым уласнасьць “Лакафарбы” і “Полацк-Шкловалакна” застаецца заблякаваная ў адпаведнасьці з урадавым распараджэньнем. Амэрыканцам забаронена пры пасярэдніцтве гэтых прадпрыемстваў купляць прадукцыю ў іншых суб’ектаў, унесеных у сьпіс прадпрыемстваў “Белнафтахіму”, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць санкцыі.

У лістападзе 2007 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да “Белнафтахім” у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. У сакавіку 2008-га, пасьля таго, як Менск адмовіўся вызваліць былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да ўсіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад “Белнафтахіму”.
5 верасьня 2008 году Мінфін ЗША на паўгода зьмякчыў эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да двух прадпрыемстваў канцэрну -- “Лакафарбы” і “Полацк-Шкловалакна”. У лютым 2009-га дзеяньне рашэньня было падоўжанае да 1 чэрвеня, пасьля – да 30 лістапада 2009 году.

Кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка, камэнтуючы гэтае рашэньне, адзначыў: яно адпавядае агульнаму пацяпленьню стасункаў Беларусі з Захадам. Аднак параўнальна з Эўропай, ЗША, мяркуючы па эканамічных сувязях, ставіліся больш жорстка да сытуацыі ў Беларусі:

Леанід Заіка
“ЗША практычна адмовіліся ад пакупкі беларускіх нафтапрадуктаў. Былі вельмі невялікія закупы калійных угнаеньняў. Параўнальна зь іншымі краінамі, дагэтуль Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША настолькі выразна інструктаваў і паставіў справу сярод бізнэсоўцаў, што выканаў усе свае намеры. Я параўноўваю з тымі мерамі, якія маглі прымаць эўрапейцы. Яны не прымалі эканамічна жорсткіх мераў, не абмежавалі гандаль зь Беларусьсю. А ЗША гэта рабілі яўна, выразна, і зусім зразумела”.

Паводле начальніка ўпраўленьня аддзелу маркетынгу “Полацк-Шкловалакна” Аляксандра Краско, рашэньня ЗША чакалі на прадпрыемстве:

“Гэта вельмі важнае рашэньне. Аб’ём продажаў на рынак ЗША ў нас складае каля 5%, гэта вялікі аб’ём. Вось на паўгода працягнулі і лічыце, што гэта 2,5% ад гадавога аб’ёму нашых продажаў у ЗША. Ужо каля трох кантэйнэраў адгружана на адрас нашых пакупнікоў і на склад у ЗША. Мы ўжо загружаем вытворчасьць на сьнежань, будзем плянаваць студзень пад патрэбы рынку ЗША. Таму гэта ня толькі скарачэньне астатку на складах, але і разьвіцьцё вытворчасьці. Аб’ём прадукцыі, якую мы вырабляем, і плянуем для адгрузкі на ЗША, на іншых рынках у поўным аб’ёме мы разьмясьціць ня можам. Бо гэта спэцыфічная прадукцыя, якая прызначана на гэты момант толькі для гэтага рынку. Да гэтага ўсё і ішло, каб эканоміку з палітыкай не мяшаць”.



Аўтарытэтнае амэрыканскае выданьне “The Financial Times” прысьвяціла адзін са сваіх артыкулаў беларускай эканоміцы: “Мноства нерэалізаваных грузавікоў на пляцоўках БелАЗу -- сымбаль стану беларускай эканомікі”, -- адзначае карэспандэнт газэты Ян Чынскі. -- Урад праз чатыры найбуйнейшыя банкі, падкантрольныя дзяржаве, пампуе грошы ў дзяржаўныя прадпрыемствы, зь якіх на ¾ складаецца эканоміка краіны”. Беларускі ўрад супакойвае грамадзянаў: у гэтым годзе аб’ём ВУП Беларусі не паменшыцца, а ўзровень беспрацоўя складае ўсяго 1%.

Сьцьвярджаецца, што доля праблемных актываў у банках складае ўсяго 4%. Аднак рэйтынгавае агенцтва “Standard & Poor’s” засьцерагае: пры найгоршым абароце справы гэты паказьнік можа ўзрасьці да 35-50%: “Ва ўмовах крызісу беларускае кіраўніцтва вярнулася да савецкай традыцыі кіраваньня эканомікай з дапамогай цыркуляраў”, -- піша далей газэта. Лукашэнка забараніў прадпрыемствам скарачаць аб’ёмы вытворчасьці больш чым на 20% параўнальна з мінулым годам. Але экспарт упаў напалову, і цяпер БелАЗ і іншыя вытворцы адчайна спрабуюць распрадаць лішкі.


Асноўныя гандлёвыя партнэры Беларусі. 2009


Па зьвестках Нацыянальнага статыстычнага камітэту, ад пачатку году аб’ём зьнешняга гандлю Беларусі з шэрагам дзяржаваў зьнізіўся больш, чым удвая. Экспарт зьменшыўся на 43% у параўнаньні з такім жа пэрыядам мінулага года і склаў 15 мільярдаў даляраў, імпарт -- на 34% (падзеньне з 30 да 20 мільярдаў даляраў). У гэты пэрыяд прадукцыя зь Беларусі пастаўлялася на рынкі 135 дзяржаваў, імпартавалася са 167-мі. Асноўныя гандлёвыя партнэры: Расея (47% ад агульнага аб’ёму таваразвароту), Нідэрлянды (7,9%), Нямеччына (6,2%), Украіна (5,9%), Латвія (3,5%), Польшча (3,3%), Кітай (2,5%), Вялікая Брытанія (2,1%).

Самы адчувальны рэгрэс у стасунках з колішнім стратэгічным гандлёвым партнэрам – Расейскай Фэдэрацыяй. Экспарт тавараў у Расею склаў 4 мільярды 729 мільёнаў даляраў, што амаль на 50% менш, чым за 9 месяцаў мінулага года; імпарт з Расеі — 11 мільярдаў 748 мільёнаў (на 38% меней).



20 гадоў таму ў Беларусі зарэгістраваны першыя фэрмэрскія гаспадаркі. Усяго было створана больш як 6 тысяч, але на цяперашні час ацалелі толькі 2 тысячы. У юбілейны год фэрмэры атрымалі найменшыя крэдыты. У якіх умовах ім даводзіцца працаваць сёньня?

У Гомелі старшыня рэгіянальнай асацыяцыі фэрмэраў Міхаіл Байда наладзіў прэс-канфэрэнцыю з нагоды 20-х угодкаў пачатку фэрмэрскага руху. Зараз у рэгіёне -- 261 фэрмэрская гаспадарка. Гэта на 169 меней, чым было ў 1996-м:
Міхаіл Байда
“І што асабліва выклікае заклапочанасьць: не працуе, як належыць, артыкул 3 закону пра дзяржаўную падтрымку сялянскіх (фэрмэрскіх) гаспадарак і 25-ы артыкул, паводле якога фэрмэры маюць права атрымліваць ільготныя крэдыты. Чацьвёрты год, як дзейнічае новы закон, а мы праз банк, як належыць паводле закону, крэдытаў не атрымлівалі ні разу”.

Сёлета з заплянаваных 122 мільёнаў рублёў Міністэрства фінансаў адшкадавала на фэрмэраў рэгіёна толькі 7 мільёнаў. Фэрмэрка Валянціна Крупенка са Сьветлагорскага раёну кажа, што ў мясцовых уладаў нават сьпісаную тэхніку цяжка атрымаць:

“Мы нагледзелі камбайн, паехалі ў адзін калгас, другі, але там — адны колы. У аўтапрадпрыемстве нафтавікоў ёсьць камбайн — яму 10 гадоў, ён на хаду. Я падала заяву ў аб’яднаньне “Беларуснафта”. Напісала, што ёсьць закон — прадайце па рэшткавым кошце. Яны зачынілі камбайн у бокс — не парэзалі на мэталялом, а толькі зачынілі. Але не прадаюць, хаця ён на полі не працуе”.

Цяпер фэрмэры на Гомельшчыне валодаюць толькі 1% зямлі, якая ёсьць у рэгіёне. Тым ня менш фэрмэры вырошчваюць каля 10% прадукцыі расьлінаводзтва, у тым ліку 9% — бульбы, 15% — гародніны.

Фэрмэр са Шклоўшчыны Ўладзімер сваёй справай займаецца ад 1993 году. У яго шматпрофільная гаспадарка. Крызіс моцна ўдарыў па ягоных прыбытках:

“З 1993 году ў мяне не было такога цяжкога становішча. Неразьлікі ідуць, бюджэт голы. Шмат якія бюджэтныя арганізацыі завінаваціліся. Зерне шмат каму патрэбна, але грошай ні ў каго няма. Нават у комплексаў буйных. Сёлета неяк лягчэй было — былі запасы. Многія былі вінаватыя. Паступова праз суд вярталі, разьлічваліся. А наступны год — ня ведаю, запасаў няма”.

Арганізацыі купляюць сёлета фуражную пшаніцу па леташніх цэнах — 284 тысячы рублёў за тону. Каб яе прадаць, многія заніжаюць кошты. Спадар Уладзімер прадае на 10% таньней на птушкафабрыку. Бульбу ў Расею, як раней, ня возяць, бо нявыгадна, кажа ён. Там цэны ніжэйшыя за беларускія.

Гаспадарка фэрмэра з Бабруйскага раёну Ўладзімера Сямашкі з-за невысокіх закупных цэнаў таксама нясе адчувальныя страты:

“Мы цэлы год вырошчвалі зерне, бульбу, а цэны засталіся леташнія. І даляр на дваццаць працэнтаў вырас. Паліва, хімікаты, угнаеньні — усё падаражэла. За зерне нам плацілі па цэнах 2008 году. Працэнтаў на 45 меншы даход мы атрымалі, чым чакалі”.

Колькасьць фэрмэраў на Віцебшчыне даўно не павялічваецца. У Аршанскім раёне сярэдні тэрмін існаваньня фэрмэрскай гаспадаркі складае 3 гады — пакуль ёсьць ільготы і няма падаткаабкладаньня. Потым многія ці мяняюць свой статус на прадпрымальніцкі, ці ўвогуле ліквідуюцца. Але ёсьць яшчэ й трэці шлях: пераход на так званае “дзікае фэрмэрства”, як называе гэтую зьяву жыхарка вёскі Ларынаўкі спадарыня Ганна:

“Яны калупаюцца, але не рэгіструюцца ў якасьці фэрмэраў, па статусе “сялянская гаспадарка” ідуць. У Ларынаўцы так гадуюць сьвіней — і прадаюць, і збыт знаходзяць. У Пішчалаве ёсьць такі “дзікі фэрмэр”, у яго больш за 20 кароў, прычым дужа малочных. І цялушак ён прадае. Цьвіце й пахне, як кажуць. Але мне заявіў: “Баюся рэгістравацца ў якасьці фэрмэра”.

Цяпер на Аршаншчыне зарэгістравана 27 фэрмэрскіх гаспадарак. Але 12 фэрмэраў ужо паклалі заявы на выхад з гэтага свайго статусу.



Тым часам місія Міжнароднага валютнага фонду пацьвердзіла, што дасягнула пагадненьня зь беларускімі ўладамі аб прадастаўленьні чарговага траншу крэдыту stand-by. Канчатковае рашэньне аб выдзяленьні Беларусі 700 мільёнаў даляраў прыме ў сьнежні Рада дырэктараў МВФ. Місія, якая працавала ў Беларусі з 9 па 19 лістапада, адзначыла добрае выкананьне ўзгодненых ўмоваў эканамічнай праграмы.

Праграма на 2010 год, якую гатовы падтрымаць МВФ, прадугледжвае правядзеньне ўзважанай манэтарнай і бюджэтнай палітыкі з мэтай скарачэньня дэфіцыту плацёжнага балянсу і зьніжэньня інфляцыі.

Папярэдні транш ў памеры 699,5 мільёнаў даляраў паступіў у Беларусь 26 кастрычніка. А ўсяго МВФ выдаткаваў краіне ў межах праграмы 2,23 мільярда даляраў з заплянаваных 3,63 мільярдаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG