Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія міліцыянты скардзяцца на карупцыю


Чацьвёра расейскіх міліцыянтаў разьмясьцілі свае відэазвароты да ўладаў пра карупцыю ў сыстэме ўнутраных спраў на YouTube, а адна супрацоўніца сьвярдлоўскай міліцыі выступіла ў мясцовых друкаваных СМІ. Гэта адбылося пасьля таго, як маёр Дымоўскі зьвярнуўся да Ўладзімера Пуціна праз інтэрнэт і распавёў пра службовыя злоўжываньні ў міліцыі Новарасійску.

Старшыня прафсаюзу міліцыянтаў Масквы Міхаіл Пашкоў паведаміў агенцтву АР, што бліжэйшым часам можна чакаць новыя відэа незадаволеных міліцыянтаў. Ён казаў, што да яго зьвярнуліся ўжо 10 супрацоўнікаў міліцыі з просьбай запісаць і разьмясьціць відэазвароты ў інтэрнэце.

У Беларусі сёлета праз YouTube да кіраўніка дзяржавы зьвярнуліся міліцыянты Гомельшчыны. Яны прасілі Аляксандра Лукашэнку ўмяшацца ў вайну паміж МУС , КДБ і пракуратурай, вынікам якой стала крымінальная, так званая “паляўнічая” справа. Але гэтая справа дайшла да суду, і кіраўнік дзяржавы не заступіўся за міліцыянтаў.

Пасьля гэтага ў інтэрнэце зьявіўся ананімны ліст нібыта ад супрацоўнікаў міліцыі, у якім тыя заклікалі міністра МУС Уладзімера Навумава падаць у адстаўку. Яго падначаленыя абвінавачвалі міністра ў тым, што той з-за сваёй некампэтэнтнасьці рэзка зьнізіў аўтарытэт міліцыі ў вачах грамадзтва.

Літаральна празь некалькі дзён Уладзімера Навумава вызвалілі ад пасады міністра.

Сьвятлана Калінкіна
Шэф-рэдактар “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна апавяла, што 16 лістапада па электроннай пошце рэдакцыя атрымала ліст ад міліцыянтаў, у якім тыя распавялі пра злоўжываньні і карупцыю ў органах МУС. Паводле Сьвятланы Калінкінай, рэдакцыя час ад часу атрымлівае аналягічныя лісты пра факты карупцыі.

Міністар унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў падпісаў распараджэньне, згодна зь якім у мэтах прафіляктыкі кожнага міліцыянта, які кіраваў аўтамабілем у нецьвярозым стане ці пад дзеяньнем наркотыкаў альбо зьявіўся ў такім выглядзе на службу, будуць здымаць на відэа. Распараджэньне міністра апублікавала газэта “На страже”. Паводле міністра, такія відэафільмы будуць дэманстраваць асабоваму складу міліцыі з мэтай прафіляктыкі п’янства сярод міліцыянтаў.

Між тым сёлета цягам 9 месяцаў колькасьць выяўленых злачынстваў у сфэры карупцыі вырасла на 20% у параўнаньні зь мінулым годам. Сёлета зарэгістравана 2 824 карупцыйныя злачынствы. Большую частку зь іх складае хабарніцтва. Амаль 30% ад зарэгістраваных злачынстваў — крадзяжы шляхам злоўжываньня службовым становішчам. Да адказнасьці прыцягнута 1304 чалавекі. У суды накіравана 2013 крымінальных спраў паводле фактаў карупцыі.

6 лістапада на паседжаньні каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй намесьнік генэральнага пракурора Ўладзімер Конан зазначыў: праведзены аналіз сьведчыць пра тое, што зробленыя захады маюць спыняльны і забаронны характар, але не прадугледжваюць структурных пераўтварэньняў сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, якія б выключалі ці блякавалі магчымасьць узьнікненьня і пашырэньня рынку карупцыйных паслугаў.

У краіне ня створана сыстэма першаснага кантролю за фактамі карупцыйных паводзінаў кіраўнікоў, якія займаюць найбольш рызыкоўныя ў гэтым дачыненьні пасады, і не забясьпечваецца апэратыўнае адхіленьне іх ад працы.

Дадзеныя афіцыйнай статыстыкі, апублікаваныя на афіцыйным сайце пракуратуры, сьведчаць толькі пра актыўнасьць органаў, якія перасьледуюць асобаў, злоўленых на карупцыйных злачынствах.

Праваахоўныя органы ўмоўна выдзяляюць тры асноўныя віды карупцыі: побытавая карупцыя, карупцыя ў органах улады, карупцыя ў судовых, праваахоўных і кантрольных органах.

На каардынацыйнай нарадзе прагучала думка, што на побытавым узроўні фармуецца нэгатыўнае стаўленьне грамадзян да ўлады, бо паступова ствараецца стэрэатып карупцыі як этычна прымальнай формы вырашэньня праблемаў і такім чынам зьніжаецца парог маральнай цярпімасьці да хабарніцтва і пабораў.

Сёлета 3 мільярды 927 мільёнаў рублёў грашыма і маёмасьцю забралі на карысьць дзяржавы ў справах, узбуджаных па фактах карупцыі. Частку гэтых грошай абвінавачаныя добраахвотна аддалі ў часе сьледзтва.

Накладзены арышт на маёмасьць абвінавачаных на суму 42,7 мільярда рублёў.

Нягледзячы на гэта, колькасьць крымінальных спраў у сфэры карупцыі расьце. Толькі ў выніку пракурорскіх праверак выяўлена 335 карупцыйных злачынстваў. Гэта на 23% больш, чым у мінулым годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG