Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прапануе аслупаваць месцы для мітынгаў


Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем галасуе на парлямэнцкіх выбарах
Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колем галасуе на парлямэнцкіх выбарах

Удасканаленьне выбарчага працэсу не павінна адбіцца нэгатыўным чынам на кіраванасьці сытуацыі ў Беларусі.

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па выбарчым заканадаўстве.

Паводле А.Лукашэнкі, “нам трэба захаваць стабільнасьць і кіраванасьць у краіне. Галоўнае, каб усе зьмены адпавядалі літары і духу нашай Канстытуцыі”.

Пры гэтым ён адзначыў, што “ціснуць на нас — контрапрадуктыўна. Гэта і ў Эўропе разумеюць”.

Паводле Лукашэнкі, прапануецца фармаваць выбаркамы так, каб ня менш за траціну іх складалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый.

“Я наагул ня бачу праблемы ў гэтым пытаньні. Калі ласка, на месцах ёсьць партыі, аб'яднаньні. Ідзіце ў райвыканкамы, дзе прымуць рашэньне і ўключаць вас у выбаркамы. Але сілай прымушаць уключаць траціну ці палову ня трэба.

Я ня бачу праблемы, каб спрасьціць вылучэньне і рэгістрацыю кандыдатаў. У тым ліку дазволіць палітычным партыям вылучаць сваіх кандыдатаў незалежна ад таго, ці ёсьць у рэгіёнах іх структура, ці няма”, — сказаў А.Лукашэнка.

Адносна прапановы пра магчымасьць правядзеньня масавых мерапрыемстваў па перадвыбарчай агітацыі ў паведамляльным парадку, А.Лукашэнка заявіў, што “тут таксама няма ніякай праблемы”.
трэба раз і назаўсёды аслупаваць, будзь тое ў Гомелі, Менску ці Берасьці, Бярозе ці ў нейкім сельскім Савеце, вызначанае месца ...

“Але трэба раз і назаўсёды аслупаваць, будзь тое ў Гомелі, Менску ці Берасьці, Бярозе ці ў нейкім сельскім Савеце, вызначанае месца. І іншага месца быць не павінна”, — сказаў А.Лукашэнка.

Адносна магчымасьці стварэньня выбарчых фондаў ён адзначыў, што “калі ў некага ёсьць грошы, няхай паказваюць, агітуюць, ствараюць гэтыя фонды”.

А.Лукашэнка таксама лічыць магчымым скасаваць парог яўкі выбарцаў, які неабходны для прызнаньня мясцовых выбараў.

“Майце на ўвазе, што ацэнка мясцовым органам будзе вельмі жорсткая, каб не было самаўхіленьня ад правядзеньня выбараў. Агітацыя ісьці на выбары павінна быць. Што да прэзыдэнцкіх выбараў, то тут парог яўкі чапаць нельга”, — сказаў А.Лукашэнка.

Адносна пашырэньня правоў назіральнікаў на тое, каб аглядаць падлік галасоў, А.Лукашэнка адзначыў, што тут таксама ня бачыць праблемы:

“Старшыня камісіі ў нас на месцы вырашае, як назіраць, у якім куце стаяць. Калі мы тут будзем прымаць нейкае рашэньне, то гэта ўжо будзе ціск і нівэляваньне таго падыходу, які сёньня існуе”.

Кіраўнік краіны прапанаваў абмеркаваць унесеную прапанову ў гэтым пляне.

Паводле А.Лукашэнкі, прапанаваныя навацыі — гэта “гіганцкі крок наперад па зьмене выбарчага працэсу. Наступствы гэтых крокаў павінны быць ясна пралічаны. Нам патрэбныя нацыянальныя інтарэсы, а не мерапрыемствы на дагоду замежным арганізацыям і дзяржавам”.

А.Лукашэнка выказаў пажаданьне прыняць рашэньне сёньня, каб гэтыя прапановы на гэтай сэсіі разгледзела Палата прадстаўнікоў. Ён папярэдзіў, што разгляд гэтых прапаноў ня можа стаць стартам палітычных кампаніяў.

“Бо калі мы ў гэты няпросты з пункту гледжаньня эканомікі час пачнем бразгаць палітычнай зброяй, то мы ніколі ня выберамся з гэтага стану”, — заявіў кіраўнік краіны.

Паводле А.Лукашэнкі, выбары павінны прайсьці “спакойна, як яны ў нас праходзяць”. Таксама ён прапанаваў “не зьвяртаць ўвагі на гэты піск, віск знутры краіны і з-за мяжы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG