Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наталка Бабіна — пра самыя “смачныя” беларускія кніжкі


Наталка Бабіна
Наталка Бабіна

Пісьменьніца, журналістка і гасьцінная гаспадыня вялікага дому Наталка Бабіна свой чарговы кніжны рэйтынг прысьвяціла тым кнігам, на старонках якіх, на яе думку, найбольш калярытна і апэтытна пададзеныя нацыянальныя беларускія стравы.





Мысьліцелі і асьветнікі Беларусі, энцыкляпэдычны даведнік. Менск, “Беларуская Энцыкляпэдыя”, 1995.

Як ні дзіўна прагучыць, першым у нашым рэйтынгу будзе сур’ёзны навукова-папулярны даведнік. Таму што мысьліцелі і асьветнікі таксама ядуць, і, больш за тое, дбаюць пра такую зьяву нацыянальнай культуры, як нацыянальная кухня!

400 гадоў таму жыў на Слонімшчыне беларускі шляхціч Іван Мялешка, уладальнік славутых Жыровічаў. У гісторыі ён застаўся вядомым дзякуючы “Прамове Мялешкі” — свайму выступу на сойме ў прысутнасьці караля, які зьмешчаны ў гэтай кнізе. Сярод сур’ёзных эканамічных, ваенных і духоўных праблем Мялешка казаў і пра беларускую кухню: “І то вельмі страшная шкода — гологузые куры ховать: іх достатком варыты. А за моей паметі прысмаков гэтых не бывало; добра было: гуска з грыбкамі, кашка с перчыком, печонка з цыбулькою ілі чосныком, а колі на перепышные достаткі — каша рыжовая з шафраном. Віна венгерского не зажывалі перед тым — малмазыю скромно піялі, медок і горелочку дзюбалі. А грошы подостатком мевалі, муры муровалі і войну славную крепко і лучей держалі, как теперь”.



Уладзімер Караткевіч. Дзікае паляваньне караля Стаха. Збор твораў у 8 тамах, том 7. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1990.

“Хутка на маім блюдзе ляжаў вялізны гусь з брусьнічным варэньнем, індыковая ножка зь яблыкамі, салёныя грыбы, дзясятак калдуноў, а з усіх бакоў толькі і чутно было:

— А вось пампушкі з часнаком... А вось, пане, кавалачак шыначкі дзікага япрука, наперчаны. Агнём гарыць. Памяцьцю маці заклінаючы — вазьміце... А вось цудоўная... А вось незвычайны...

— Вось як у нас па-беларуску частуюць, — рагатаў гаспадар, пабачыўшы, што я зусім разгубіўся”.

Ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце, халодныя пірагі з гусінай пячонкай, бліны з мачанкаю, “надзвычайныя штонікі з маслам, так і плаваюць у масьле, сьвятыя такіх ня елі” — усе гэтыя далікатэсы кухні нашых продкаў апісаны Караткевічам так калярытна і смачна, што зусім не зразумела, чаму зараз у рэстаранах Беларусі іх падаюць радзей, чым, скажам, піццу ці сушы!


Якуб Колас, Новая зямля. Менск, “Мастацкая літаратура”, 2001.

У гэтай энцыкляпэдыі народнага жыцьця шмат смачных апісаньняў — і блінцы, якія дзеці ловяць зь лёту, проста з патэльні, і верашчака са скварачкамі, і тварог са сьмятанай, які гаспадыня з пашанай падае на сьвяточны сьняданак, і нават клёцкі зь бярозавым сокам, на якія вялікія спадзяваньні ўскладаў дзядзька Антось. Праўда, тут дзядзька-кухар троху падкачаў, затое яго шчырае прызнаньне сваёй кухарскай паразы стала папулярнай прымаўкай:

— Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?
— Паскудзтва, брат, і не пытайся!




Міхаіл Герчык. Здабыццё надзеі. Менск, “Мастацкая літаратура, 1979.

Міхаіл Герчык — адзін зь лепшых беларускіх пісьменьнікаў, хоць амаль усе (ці нават усе) ягоныя раманы напісаныя па-расейску. Але, нягледзячы на гэта, яны настолькі беларускія паводле духу, тэмаў і стылю, што мне хочацца ўключыць ягоны раман “Здабыцьцё надзеі” ў свой рэйтынг. Рызыкну перакласьці, напрыклад, такі ўрывак: “Ёй падабаліся сытныя пахі кухні: востры — сельдэрэю, салодкі — ванілі, рэзкі — перцу ды цыбулі, што падпальваецца на патэльні; падабалася шыпеньне, бульканьне, скварчэньне, выгляд нашынкаванай гародніны і люстраны бляск кафлі... У выхадныя яна езьдзіла на Камароўскі рынак, набірала поўныя торбы прадуктаў і адводзіла душу: смажыла, пякла, варыла... Усё ў яе атрымлівалася смачна і прыгожа, але нішто не давала хатнім ды гасьцям столькі асалоды, як тушаныя ў сьмятане грыбы: немудрагелістая беларуская страва, пра якую нават Наташка, якая не адзначалася зайздросным апэтытам, казала: “Смачна!” — і патрабавала дабаўкі.

Вольга Міхайлаўна сваімі рукамі, нікому не давяраючы, старанна перабірала і чысьціла кожны грыбок, мыла ў пяці водах, рэзала, адварвала, смажыла да тонкага хрусту, потым дадавала сьмятану, і грыбы млелі ў ёй, пакуль на другой патэльні смажылася нарэзаная саломкай бульба; затым грыбы з бульбай зьмешваліся і ставіліся падтушыцца на малы агонь, і па доме расьцякаўся такі водар, што нават Мікалай Аляксандравіч не прымушаў сябе чакаць да стала, а зьяўляўся, як толькі паклічуць”.

Ці ня праўда, гэта вельмі па-беларуску і вельмі смачна?


Уладзімір Раговіч. Песенны фальклёр Палесься. Збор у 3-х тамах, том 2. Менск, “Чатыры чвэрці”, 2002.

У гэтай цудоўнай кнізе ўласна апісаньняў страў няшмат. Тут сабраныя песьні, якія з глыбіні стагоддзяў суправаджалі аўтэнтычнае палескае вясельле. Але калі чытаеш гэтыя сапраўды геніяльныя, аўтэнтычныя словы, то так і ўстае перад вачыма багаты стол, шчыльна-шчыльна застаўлены старадаўнімі дый сучаснымі стравамі. Тут табе і духмяная, мяккая баранінка, тушаная кавалкамі з часнаком ды перцам, тут і агромністы фаршыраваны шчупак, заліты топленым маслам ад сваёй кароўкі і засыпаны здрабнёнай пятрушкай, тут і “мухаморы” — яйкі ад сваіх курачак (не галагузых!), звараныя накрута, накрытыя палавінкамі сваіх жа памідораў з крапінкамі маянэзу, і галубцы, і качка, запечаная ў пакеце ад мукі, і паляндвіца з кропелькамі туку, і сальцісон...

Ай! Не магу больш! Зараз жа пайду дадому ды згатую хоць нешта з гэтых страў! Так усё гэта ўкусна, як сказаў бы Іван Мялешка, што няма сілы больш трываць! Так што заходзьце ў госьці!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG