Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аптэках па-ранейшаму ажыятаж і няма лекаў


Міністар аховы здароўя ў інтэрвію дзяржаўным мэдыям заявіў, што аптэчная сыстэма Менску забясьпечаная лекамі айчыннай вытворчасьці. У прыватнасьці, завезьлі 7 тысяч пакункаў супрацьвіруснага сродку беларускай вытворчасьці “Арпэтол” і 90 тысяч масак. Напярэдадні ў менскіх аптэках не было шмат якіх антывірусных прэпаратаў і цягам дня стаялі вялікія чэргі. Як зьмянілася сытуацыя?

У самым цэнтры Менску, у аптэцы № 26 дзяржаўнага прадпрыемства “Белфармацыя” на вуліцы Леніна, сёньня зранку, як і ўчора, стаялі чэргі. На шкле перад кожным касавым апаратам вывешаная абвестка: “Арпэтолу, аксалінавай мазі, рэмантадыну, анафэролу і масак у аптэцы няма”. Загадчыца аптэкі не назвала свайго імя і ўстрымалася ад камэнтароў:

“Усе пытаньні без камэнтароў — да кіраўніцтва “Белфармацыі”, калі ласка”.

У аптэцы “Белфарма-Цэнтр” на праспэкце Незалежнасьці камэнтаваць сытуацыю таксама адмовіліся, але ў прыватнай гутарцы паведамілі, што яшчэ толькі чакаюць паступленьня антывірусных прэпаратаў.



Тым часам наведнікі аптэкаў у гутарцы выказваліся гэтак:

Спадарыня: “Я маску элемэнтарную хацела набыць — не атрымалася. Учора казалі, што ўчора павінен быў быць завоз. Сёньня кажуць, што сёньня будзе завоз”.

Карэспандэнтка: “Якія лекі яшчэ вы спрабавалі набыць?”

Спадарыня: “Пра грапрынасін зараз спыталася ў фармацэўта, яна кажа, што гэты прэпарат можна ўжываць толькі пры лячэньні. Аднак жа ўчора мужу прадалі, і мы ўжо пачалі яго прымаць як прафіляктычны”.

Карэспандэнтка: “Вы ў марлевай павязцы, бачу, самаробнай?”

Іншая спадарыня: “Так, сама рабіла. Да гадзіны ночы штодня раблю для ўсёй сям’і , бо іх жа мяняць трэба праз пару гадзін. А зь лекамі справа такая, што за дзень я абыходжу 3—4 аптэкі і набываю мінімум. Павязак няма, супрацьвірусных прэпаратаў няма. Набыла толькі нямецкія кроплі як прафіляктычныя”.

Іншая спадарыня: “Я была ў аптэцы на Лабанка, на Прытыцкага. Вось тут — нідзе нічога няма — як не было, так і няма. Гэта проста галаслоўныя абяцанкі, якія яны рабілі па тэлевізіі”.

Карэспандэнтка: “Што вы думаеце пра такую сытуацыю?”

Спадарыня: “Я лічу, што час страчаны. Што трэба было не хаваць ад людзей і не наладжваць перапіс насельніцтва, калі распаўсюджваецца інфэкцыя, а рабіць так, як Эўропа — набываць своечасова лекі. Трэба крыху зьвяртаць увагу, што робіць Захад”.


Атрымаць камэнтар у Міністэрстве аховы здароўя гэтымі днямі немагчыма: сакратаркі ў прыёмных адказваюць, што вышэйшыя чыноўнікі альбо занятыя, альбо іх няма на месцы. Прэсавая сакратарка Раіса Чудук заявіла наступнае:

“Міністар аховы здароўя ўчора даваў камэнтар па сытуацыі зь лекамі. На жаль, ён ня мае часу, каб усім даваць камэнтары. Калі вы лічыце, што вы павінны атрымаць гэты камэнтар, то, калі ласка, пісьмовы запыт, і мы будзем працаваць”.


Чаму сталася так, што заявы чыноўнікаў ад мэдыцыны істотна разыходзяцца з рэальным становішчам у сыстэме аховы здароўя, цікаўлюся ў палітоляга Аляксандра Класкоўскага:

“Гэтая эпідэмія — толькі прыватны выпадак. Увогуле ж чыноўнікі — яны проста ня ўмеюць элемэнтарна размаўляць з народам. Яны толькі прывыклі рапартаваць начальству, што ў нас усё добра. Пры гэтым чарговым выкліку мы толькі бачым анахранізм збудаванай сыстэмы. Яна сама, на жаль, хранічна хворая на прапагандысцкую хлусьню”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG