Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арпэтол паступіць у аптэкі толькі 9 лістапада


На некаторых інтэрнэт-сайтах паведамілі, што менскія аптэкі зачыняюцца на санітарны дзень. Гэтую інфармацыю карэспандэнту “Свабоды” абверг генэральны дырэктар “Белфармацыі” Ігар Кавальчук.


“У зьвязку з такім складаным становішчам мы ня сталі рабіць санітарныя дні, ня сталі рабіць выходных — цяпер аптэкі будуць працаваць і ў суботу, і ў нядзелю. Таксама мы не праводзім плянавых інвэнтарызацый, якія трэба рабіць у лістападзе-сьнежні, мы іх перанесьлі, пакуль не нармалізуецца сытуацыя. Аптэкі і аптэчны склад працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, робім усё, што можам”.

Паводле спадара Кавальчука, у аптэках не хапае мэдычных павязак і лекаў з-за, фактычна, беспадстаўнага ажыятажнага попыту. Адносна мэдычных масак ён патлумачыў:
Сёньня ідзе ў сетку 90 тысяч упаковак ...

“Больш-менш цяпер наладзілі закуп, каналы паставак вялікай колькасьці. Сёньня ідзе ў сетку 90 тысяч упаковак. Заўтра-пасьлязаўтра атрымоўваем яшчэ 250 тысяч упаковак. Але гэта толькі пачатак. Мы раскручваем гэтае кола. Бо немагчыма стартаваць так, каб адразу бегчы на ўсю моц”.

Марлевыя павязкі тэрмінова пачнуць шыць на Баранавіцкім баваўняным аб’яднаньні. Яшчэ адзін беларускі вытворца, “Прамсіз”, пастаўляе партыю сёньня і будзе вырабляць ня менш за 20 тысяч масак у дзень.

Што да арпэтолу, то тут праблема насамрэч ёсьць. Спадар Кавальчук патлумачыў:

“Мы працуем “з колаў” з вытворцам “Лекфарм”, які ня мог прадбачыць расходу, што перавысіў звычайны ў два разы. У яго мы практычна ўсё забралі. Напрацоўка наступнай партыі — з 6 лістапада. Бо ён атрымлівае зь Нямеччыны субстанцыю, якая зараз ляціць, 6-га пачынаецца напрацоўка. 9-га ён павінен быць у аптэках. І бесьперабойнае забесьпячэньне будзе наладжана. Увесь расейскі арбідол сыходзіць у Расею. То бок нам пакуль не даюць. Яны забясьпечваюць свой унутраны рынак, для іх гэта першачарговае. Як толькі там намацаем канал, адразу ж будзем закупляць расейскі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG