Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы, дзе працавала памерлая настаўніца, ФАП даўно зачынены


У вёсцы Толкава, дзе настаўнічала памерлая ад сьвінога грыпу жанчына, даўно зачынены фэльчарска-акушэрскі пункт і няма да каго зьвярнуцца па першасную мэдычную дапамогу. Дачку памерлай настаўніцы выпісалі з Драгічынскага шпіталю.

У вёсцы Толкава, дзе настаўнічала памерлая ад сьвінога грыпу жанчына, даўно зачынены фэльчарска-акушэрскі пункт і няма да каго зьвярнуцца па першасную мэдычную дапамогу. Дачку памерлай настаўніцы выпісалі з Драгічынскага шпіталю.

Сёньня, калі яшчэ не былі агучаныя вынікі аналізаў у Берасьці,
“Свабодзе” ўдалося пагутарыць з 13-гадовай Ірынай — дачкой настаўніцы, якая памерла ў мінулую пятніцу.

Нагадаю, 37-гадовая жанчына працавала настаўніцай у вясковай базавай школе. Захварэла пасьля паездкі ва Ўкраіну. А наведвалася ў суседнюю краіну, каб купіць там таньнейшыя, чым у Беларусі, харчы.

У гутарцы дачка Ірына паведаміла нашаму радыё:

“Я цяпер ужо дома. А калі вам гаварылі, што я ў рэанімацыі, то гэта няпраўда. У мяне была звычайная прастуда. Але мяне вылечылі, і ўсё. Я вось толькі вярнулася дахаты”.

Ірына ўдакладняе, што ў лякарню ў Драгічыне трапіла разам з маці:

“У мамы бралі аналізы і ў мяне… Урачы спасылаюцца, што яна нібыта своечасова не лячылася...”

Я ня мог не пацікавіцца ў сіраты (бо ў Ірыны на сёньня з родных засталася толькі бабуля) пра апеку з боку мэдыкаў, псыхолягаў й настаўнікаў. Дзяўчынка ж узгадала толькі пра грошы.

“Давалі грошыкі... Гэта — было”.

Панікі ў вёсцы пакуль няма

Як у вёсцы Толкава, дзе настаўнічала памерлая ад сьвінога грыпу жанчына, рэагуюць людзі на грып і яго трагічны вынік? Фэльчарска-акушэрскі пункт (ФАП) у тамтэйшым аграгарадку ўжо даўно зачынены.

“У нас няма фэльчара, і таму сюды штотыдзень у чацьвер прыяжджае ўрач-тэрапэўт з Антопальскай паліклінікі. Прыяжджае і дзіцячы ўрач, а таксама, пры патрэбе, і іншыя”, -- расказвае тамтэйшая жыхарка спадарыня Алёна.

Пытаюся ў суразмоўцы: ці ня выклікала ў вёсцы паніку сьмерць маладой жанчыны, калі й зараз ФАП зачынены і няма да каго зьвярнуцца нават па першасную дапамогу?

“Калі б тут у нас на месцы быў фэльчар, то можа... Але што той фэльчар?! Ёсьць пытаньні. Людзей не прымусіш зачыніць рот, калі яны кажуць і тое, і другое... Але панікі няма, што, маўляў, усё тут дрэнна. Хто больш-менш адукаваны, то разумеюць самі, што меры засьцярогі трэба выконваць асабіста”.

На Берасьцейшчыне ў сувязі з пагрозай сьвінога грыпу зачынены на карантын усе школы. Паводле дадзеных кіраўніка рэгіянальнага прадстаўніцтва РУП “Фармацыя” Вячаслава Гніцыя, попыт на прафіляктычныя лекі павялічыўся больш як у 10 разоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG