Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: гэта хоць і невялікая, але перамога апазыцыі


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што папраўкі ў Выбарчы кодэкс Беларусі, якія плянуецца разгледзець на восеньскай сэсіі парлямэнту, улічваюць пажаданьні АБСЭ, выказаныя паводле вынікаў парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Маўляў, гэта праца над памылкамі, якую прапанавала АБСЭ. Законапраект яшчэ не распрацаваны. Спадарыня Ярмошына апавяла пра меркаваныя зьмены.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што тое, што адбываецца цягам апошніх двух дзён, — гэта хоць і невялікая, але перамога апазыцыі.

“АГП і Нацыянальны камітэт, якія я ачольваю, прыкладалі шмат намаганьняў для таго, каб арганізаваць унутрыпалітычную дыскусію па гэтым пытаньні і зрабіць усё магчымае, каб гэтая праблема стала пунктам міжнароднага парадку дня, які выпрацоўвае Брусэль па Беларусі. Як мінімум, мы вітаем тую дыскусію, якая пачалася. Я нагадаю, што мы выпрацавалі сваю пазыцыю яшчэ напрыканцы мінулага году. Яна была перададзена і ў БДІПЧ, які, як лічылася, вядзе дыялёг зь беларускімі ўладамі, і ў адміністрацыю Лукашэнкі. І сем рэкамэндацый, выпрацаваных БДІПЧ, у значнай ступені ўлічваюць прапановы апазыцыі.

Што тычыцца заяваў, то да іх трэба ставіцца як да словаў, можа — як да элемэнта піяру. Хаця трэба вітаць, што такія словы ёсьць і такая дыскусія пачатая. Завершанымі фразамі будзем гаварыць толькі пасьля таго, як у нас на стале будзе ляжаць праект закону, які перададзены ў Палату. А ўжо самыя апошнія ацэнкі трэба даваць таму, што будзе прынята. Бо тое, што сёньня анансуецца і што атрымаецца на выхадзе беларускага канвэера, можа нагадваць адэскую сытуацыю: адно і другое — дзьве вялікія розьніцы.

Што да тых заяваў, якія прагучалі, то, на жаль, яны не даюць адказу на найгалоўнейшыя пытаньні. Усё ж такі ці будзе забясьпечаны празрысты падлік галасоў і ці будуць уключаны прадстаўнікі апазыцыі ў выбарчыя камісіі? Плюс я дадаў бы яшчэ і ліквідацыю альбо вельмі жорсткую рэглямэнтацыю датэрміновага галасаваньня. На гэта пакуль адказу няма. А ўсё астатняе, што тычыцца магчымасьці вылучаць кандыдатаў незалежна ад таго, зарэгістравана на тэрыторыі выбарчай акругі партыйная структура ці не, — гэта мы вітаем. Тое, што будуць арганізаваны нейкія дэбаты і што мы адыдзем ад сытуацыі “гаваркой галавы” на тэлебачаньні, гэта таксама можна вітаць, як і шэраг іншых заяваў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG