Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене абмяркоўваюць новага кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску


У Вене працягваюцца кансультацыі аб прызначэньні новага кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску. Пра гэта паведаміў намесьнік кіраўніка офісу АБСЭ ў Мінску Жандос Асанаў.

Раней паведамлялася, што офіс АБСЭ ў Менску ўзначаліць жанчына-дыплямат зь Фінляндыі. Імя названае не было.

Агенцтва БелаПАН цытуе Жандоса Асанава:

"У гэты працэс уцягнута кіраўніцтва АБСЭ, зацікаўленыя дэлегацыі. Пасол прызначаецца са згоды ўсіх 56 краін — удзельніц АБСЭ".

Дыплямат нагадаў, што пасада кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску вызвалілася толькі 1 кастрычніка. "Гэтае пытаньне вельмі важнае, таму зойме пэўны час", — сказаў Асанаў. Паводле яго слоў, разглядаецца некалькі кандыдатур на пасаду кіраўніка офісу, але іх прозьвішчы пакуль не называюцца.

Папярэдні кіраўнік офісу Ганс-Йохэн Шмітпрацаваў у Беларусі зь лютага 2008 года.

Апошнім часам прадстаўнікі беларускай апазыцыі неаднаразова выказвалі нездавальненьне дзейнасьцю і выказваньнямі дыплямата. Паводле БелаПАН, вядома як мінімум аб чатырох скаргах на Шміта, якія былі нібыта пададзеныя ў цэнтральны офіс АБСЭ ў Вене: ад прадстаўнікоў міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія), ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл, а таксама ад былой супрацоўніцы і былога кіроўцы офісу.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цэнтральны офіс АБСЭ ў Вене праводзіў праверку дзейнасьці Шміта ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG