Сяргей Калякін, першы сакратар ПКБ:
“Мы паглядзім падчас мясцовых выбараў, наколькі спраўдзяцца заявы ўлады аб тым, што будуць максымальна лібэральныя ўмовы — і ў рамках дзейнага заканадаўства, і калі будуць істотныя зьмены. І калі на мясцовых выбарах мы заўважым, што няма ніякага прагрэсу, то чакаць яго на прэзыдэнцкіх выбарах, ад выніку якіх залежыць амаль усё ў нашай краіне, ня трэба. Я думаю, наадварот, калі нават будзе нейкая лібэралізацыя на мясцовых выбарах, то ўлада будзе карэктаваць сваю дзейнасьць на прэзыдэнцкіх, каб тут занадта вольніцы не дапускаць”.
Спадар Калякін адзначыў, што зьмены ў заканадаўстве будуць, але ён не перабольшвае таго, што будзе зроблена, бо ўчора нічога не было сказана пра тое, напрыклад, што будзе лібэралізавана сыстэма падліку галасоў і будзе пры гэтым празрыстасьць.
“Самае галоўнае ня тое, як людзі будуць галасаваць ці як яны будуць агітаваць, а як падлічаць галасы. Гэта вельмі важна. Я ня веру, што адбудуцца істотныя зьмены, якія могуць даць давер да падліку галасоў. І што будуць дапушчаныя назіральнікі і прадстаўнікі палітычных партый да таго, каб бачыць падлік галасоў, каб ён быў празрысты. Каб нельга было казаць, што ў бюлетэнях было адно, а абвясьцілі іншае. Вось гэтых істотных зьменаў, я думаю, ня будзе”.
Мікола Статкевіч, адзін з каардынатараў “Эўрапейскай кааліцыі”:
“Гэта вельмі кепская прыкмета, бо такія заявы гучаць кожны раз пад выбары і кожны раз рэчаіснасьць усё больш і больш брутальная”.
Адносна адмовы ад сумяшчэньня дзьвюх выбарчых кампаній — мясцовай і прэзыдэнцкай — М.Статкевіч сказаў, што тут ёсьць тры прычыны:
“Першая. Улада, магчыма, усё ж пойдзе на нейкія касмэтычныя саступкі па выбарчым заканадаўстве, якое мае тры ступені абароненасьці, якія ператвараюць яго ў сыстэму імітацыі падліку бюлетэняў. Гэта падпісаньне пустых пратаколаў яшчэ да пачатку папярэдняга галасаваньня сябрамі выбаркамаў пад ціскам дырэктараў прадпрыемстваў, дзе яны працуюць. Бескантрольнае папярэдняе галасаваньне як па колькасьці тых, хто прагаласаваў, так і па магчымасьці падмены урнаў папярэдняга галасаваньня, іх зьмесьціва. І адсутнасьць у назіральнікаў права назіраньня за падлікам галасоў. Магчыма, нейкую з гэтых ступеняў прыбяруць. Але трэба будзе праверыць, як адладжана працуе сыстэма імітацыі падліку бюлетэняў пры такой мадэрнізацыі і ва ўмовах крызісу, каб за астатні час да прэзыдэнцкай кампаніі зрабіць замены ў выбаркамах, якія не спрацавалі.
Другая прычына. Гэта прымусіць апазыцыю патраціць яе мізэрныя фінансавыя сродкі, правёўшы дзьве кампаніі, а не адну сумешчаную.
І трэцяя прычына — гэта абцяжарыць супраціў грамадзтва супраць фальсыфікацыяў выбараў, якія відавочна будуць. Бо калі выбары сумешчаныя, то ёсьць сотні апазыцыйных кандыдатаў па ўсіх рэгіёнах Беларусі, за якімі тысячы іх прыхільнікаў. І калі гэтыя людзі прыходзяць на назіраньне, яны больш скіраваныя на барацьбу супраць фальсыфікацыяў. Яны схільныя нават стаць ядром вулічных акцый пратэсту ў Менску. А калі кандыдат недзе там у Менску, то асабістай матывацыі тут значна меней. І гэта можа зьнізіць градус магчымых пратэстаў.
Лукашэнка сказаў, што патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты могуць праверыць свой асабісты рэйтынг. Я не выключаю, што некаму яны гэты рэйтынг падымуць, зрабіўшы яго дэпутатам, напрыклад, Менскага гарсавету, каб атрымаць патрэбнага для сябе кандыдата. Кандыдата, які, атрымаўшы ад Ярмошынай вынікі чарговай бліскучай перамогі Лукашэнкі, нічога ня будзе рабіць, апроч вызначаных законам крокаў — напісаньня ўсялякіх скаргаў.
Я думаю, перанос даты мясцовых выбараў найбольш яскрава сьведчыць пра тое, што спадар Лукашэнка зьбіраецца гэтыя прэзыдэнцкія выбары правесьці паводле прадказальнага для сябе сцэнара з загадзя вызначаным вынікам”.
Уладзімер Лабковіч, адказны сакратар управы Партыі БНФ
Лабковіч адзначыў, што падобныя заявы А.Лукашэнкі і Л.Ярмошынай гучаць перад кожнымі выбарамі:
“На жаль, чамусьці ад 1996 году не прызнаюцца ніводзін рэфэрэндум і ніводныя выбары. Пакуль што рана казаць пра тыя лібэральныя зьмены, якія нібыта рыхтуюцца да зацьвярджэньня парлямэнтам, бо беларускі ўрад фактычна не кантактуе з БДІПЧ АБСЭ, і пра гэта неаднаразова было заяўлена спадаром Ленарчычам, які ўзначальвае гэты інстытут. Вельмі шкада, што яны рыхтуюцца без уліку чаканьняў грамадзтва, непразрыста, няма абмеркаваньня. Гэтыя так званыя лібэральныя зьмены знаходзяцца ў поўнай таямніцы ад грамадзтва. Таму вялікага, нават асьцярожнага аптымізму няма пасьля ўчорашняй заявы”.
Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні руху “За свабоду”
Заявы пра адкрыты і дэмакратычны характар выбараў прагучалі не выпадкова. Яны зьвязаныя з працэсам дыялёгу, які адбываецца зараз паміж Лукашэнкам і Эўропай. Напярэдадні паседжаньня Рады міністраў ЕС рэжыму патрэбна прадэманстраваць хоць нейкі прагрэс, прынамсі на словах. Бо вядома, што 2009 год канкрэтнымі справамі ў гэтым кірунку насычаны ня быў.
Я не выключаю, што выбары ў мясцовыя саветы, якія пройдуць вясною 2010-га, будуць мець больш дэмакратычны і празрысты характар у параўнаньні зь мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў у кастрычніку 2008-га. Іх вынікі ніякім чынам не паўплываюць на зьмену палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Затое могуць даць моцны аргумэнт для працягу дыялёгу ці прынамсі захаваньня нэўтральнай пазыцыі ЭЗ у адносінах да Лукашэнкі на ўвесь 2010 год, ажно да выбараў прэзыдэнта. Па якім сцэнары пройдуць тыя выбары, зараз казаць цяжка. Гэта будзе залежаць ад многіх фактараў, як унутраных, так і зьнешніх.
Разьнясеньне выбарчых кампаніяў з інтэрвалам у 8—10 месяцаў можна расцэньваць як пазытыўны факт, які дазволіць сканцэнтраваць сілы на кожнай кампаніі паасобку. Сярод апазыцыі ёсьць значная частка сілаў, якія зьбіраліся прымаць удзел у выбарах мясцовых, што ў выпадку сумяшчэньня кампаніяў значна зьніжала эфэктыўнасьць працы на перамогу ў прэзыдэнцкіх выбарах.