Копыл: Я нарадзіўся на Ільлін дзень – другога жніўня, то бок сам сабе выбраў імя, цяпер ідзе 76-ы год...
Карэспандэнт: А выпадкова не ў мястэчку Ільля пад Менскам?
Копыл: Не, мая вёска паміж Докшыцамі і Бягомлем. Прафэсійны ваенны па адукацыі.
Карэспандэнт: Паспрабую ўгадаць: вы – палкоўнік запасу?
Копыл: Не – усяго толькі маёр!
Карэспандэнт: А што перашкодзіла? Не зь ідэалёгіяй гэта выпадкова зьвязана?
Копыл: У тым ліку... Напрыклад, усю вайну прабыў пад акупацыяй... А служыў ня дзе-небудзь, а ў сьвятая сьвятых – ракетных войсках стратэгічнага назначэньня.
Карэспандэнт: Тут, у шахтах, у нашых лясах?
Копыл: Не – вельмі далёка ад Беларусі – у Кіраўскай вобласьці.
Карэспандэнт: А як у адстаўку, то сюды перабраліся?
Копыл: Прыехаў на Радзіму ў сьнежні 1981 году.
Карэспандэнт: Сям’я вялікая ў вас?
Копыл: Два сыны – яны асобна ад мяне, а жонка памерла...
Карэспандэнт: Як цяпер жывецца адзінокаму беларускаму пэнсіянэру? Дарэчы, у вас пэнсія вайскоўца?
Копыл: Так, таму мне крыху лягчэй.
Карэспандэнт: І колькі атрымліваеце, як не ваенная тайна?
Копыл: 850 тысяч.
Карэспандэнт: Многія кажуць: ну – гэта ледзьве не мільянэр!
Я фактычна як у турме быў – жыцьцё за калючым дротам пад электранапругай, у глухім лесе...
Карэспандэнт: Дыскусійнае пытаньне: а вось цяпер беларускія вайскоўцы, беларускія міліцыянты, беларускія чэкісты – ці вартая іхняя служба таго, каб ім плацілі такую падвышаную ў параўнаньні з асноўнай масай пэнсію?
Копыл: Многа тут розных акалічнасьцяў... Усё ж армія ня цукар. Я фактычна як у турме быў – жыцьцё за калючым дротам пад электранапругай, у глухім лесе... Так што пытаньне вельмі складанае!
Карэспандэнт: То бок у вас спрацоўвае ў пэўным сэнсе прафэсійная салідарнасьць?
Копыл: Ну, магчыма і так...
Толькі заікнесься наконт правоў, чуюць: ня хочаш – можаш звальняцца.
Копыл: Шмат хто падпрацоўвае. У асноўным вартаўнікамі. Я б асабіста ня змог – вельмі цяжкая праца. Знаёмцы скардзяцца, што стаўленьне да іх з боку адміністрацыі далёка не заўсёды на належным узроўні. Патрабуецца, скажам, каб працавалі 3, а то і 4 зьмены вартаўнікоў, а фактычна дзяжураць удвох. Толькі заікнесься наконт правоў, чуюць: ня хочаш – можаш звальняцца. Чарга вунь...
Карэспандэнт: Вам даводзіцца час ад часу зьвяртацца па мэдычную дапамогу?
Копыл: Бывае... Ды ў мяне ўсё збольшага ладна, бо прымацаваны да вайсковага шпіталю, а вось суседзі і сваякі, якія ў звычайных паліклініках, там ужо ўсё наадварот – мала парадку, не хапае талёнаў, вялізныя – не дастаяцца да спэцыялістаў – чэргі... А гэта ж усё людзі немаладыя, без здароўя... І мэдыкамэнты зь цяжкасьцю купіш, як грошай не хапае.
Калі размаўляеш з чалавекам сам-насам, чуеш ад яго адно, а натоўп – супрацьлеглае.
Копыл: Гэты стэрэатып склаўся неяк штучна. Скажам, я – ваенны пэнсіянэр, а рэжым ніколі не падтрымліваў! Разумееце, калі размаўляеш з чалавекам сам-насам, чуеш ад яго адно, абураецца, а натоўп – супрацьлеглае, іншы малюнак. Псыхалёгія... Магчыма, савецкі адгалосак.
Карэспандэнт: На бліжэйшых выбарах людзі так ужо дружна за адзінага кандыдата галасаваць ня будуць? Ці ўсё застанецца па-ранейшаму?
Копыл: Усё застанецца па-ранейшаму, як бы людзі ні прагаласавалі!
Карэспандэнт: А я маю на ўвазе не папяровыя – “падсумаваныя”, а – рэальныя вынікі?
Копыл: Каб людзі прагаласавалі за нейкую другую кандыдатуру, яе трэба паказваць у СМІ год-паўтара, і найперш па тэлевізары. А ў нас ўсё аднаго дэманструюць – вось народ і ня ведае, за каго больш галасаваць... Так і пытаюць: а за каго? А хто – калі ня ён? Тое, што апазыцыя шукае адзінага кандыдата сярод кіраўнікоў партый, гэта памылка. Патрэбен праект з чалавекам з боку, які задавальняў бы ўсе партыі і народ. А так на дэмлідэрах вельмі шмат... адмецін.
Карэспандэнт: А хто вам імпануе з дэмакратычных беларускіх палітыкаў?
Любы новы гіпатэтычны прэзыдэнт стане ўвасабленьнем пераходнага пэрыяду.
Карэспандэнт: Многія слухачы Свабоды ў сваіх званках кажуць, што ня варта столькі ўвагі, колькі аддае гэтаму нашае радыё, надаваць праблеме беларускай мовы. Вы згодныя?
Копыл: Мова – гэта нацыянальнасьць, гэта народ. І калі яе няма, то маеш справу з насельніцтвам, якое пражывае на пэўнай тэрыторыі.
Карэспандэнт: І напрыканцы: як я зразумеў, вы пачалі асвойваць кампутар у свой 75-гадовы юбілей, так?
Копыл: Век жыві – век вучыся. Сваякі зрабілі такі агульны падарунак: сын, нявестка, сват... Паказалі, як уключаецца, а з астатнім, маўляў, сам разьбярэсься – з ракетамі ж разьбіраўся... Вось і навучыўся тую самую Свабоду чытаць у інтэрнэце, знайшоў сайт “Аднаклясьнікі”, цяпер штодня размаўляю са сваімі саслужыўцамі. А жывуць яны нават у Ізраілі!
Карэспандэнт: Шыкоўна, бо лічыцца, што тое – прэрагатыва толькі маладых!
Копыл: Няпраўда...