Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як гаворыце дома?” — “Як прэзыдэнт”


У Беларусі трэці дзень праходзіць агульнанацыянальны перапіс насельніцтва. Ён доўжыцца цягам 10 дзён — з 14 да 24 кастрычніка. Зьвесткі пра дэмаграфічны склад і сацыяльна эканамічны стан беларусаў запісваюць на стацыянарных пунктах і непасрэдна па месцы жыхарства грамадзян.

Пэнсіянэрка Лідзія Пянькоўская шмат гадоў сьвядома і паўсюдна карыстаецца беларускай мовай. Яна кажа, што найчасьцей ёй даводзіцца адстойваць гэтае права, а таму і да перапісу рыхтавалася адпаведна. З мовай пытаньняў, аднак, ня ўзьнікла, але зьявіліся іншыя, кажа спадарыня Лідзія:

“14 кастрычніка прыйшоў перапісчык і я адразу запыталася: беларускія блянкі ёсьць? “Ёсьць” — адказаў. Тады — заходзьце. Мы зь ім паразмаўлялі: родная мова беларуская, размаўляю па-беларуску. А пасьля ён задаў вельмі недарэчнае пытаньне, якое нас усіх зьдзівіла: ці прыходзіў хто-небудзь да вас у госьці ў ноч з 13 на 14? Мы пытаемся — патлумачце, калі ласка, што гэта за пытаньне? Што яно азначае? І ён ня здолеў патлумачыць і зусім не зразумела, навошта гэтае пытаньне было зададзена”.

У адрозьненьне ад людзей цывільных, палітпрызыўніку Франаку Вячорку давялося нават выслухаць пагрозы вайсковага кіраўніцтва, перш чым удалося дамагчыся беларускамоўнага блянку. Гаворыць Вінцук Вячорка:

“Калі мой сын абсалютна законна папрасіў выдаць яму блянк па-беларуску, то гэта неспадзявана сустрэла жорсткі адпор з боку кіраўніцтва батальёну. У грубай форме яму было адмоўлена і было сказана, што калі ня спыніш свае прыхамаці, то тут зьявіцца і камэндатура і пракуратура. Бо твае прыхамаці ўсіх ужо дасталі”.

Рэдактарка беларускага парталу “Царква” Наталка Васілевіч у сваім інтэрнэт-блогу таксама паведамляе, што падчас перапісу ў яе сям'і перапісчыкі нават не задавалі пытаньня пра родную мову, але аўтаматычна запісалі “расейская”. Як перапісвалі іншых вядомых людзей цікаўлюся ў аднаго зь іх, сябра сойму партыі БНФ Віктара Івашкевіча:

“Размаўляў перапісчык па-расейску, але мяне разумеў і блянкі меў беларускія. Ніякіх дзеяньняў, якія б выклікалі незадавальненьне, перапісчык не дапускаў”.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч кажа, што перапісчыкі да яго не зьяўляліся, як і падчас папярэдняга перапісу:

“Ніякага перапісчыка я ня бачыў і мінулы раз — дзесяць год таму, здаецца. А ўлёткі раскідалі, пытаньні я прачытаў. Гэта ж шпіянаж суцэльны, бо яны тычацца прыватнага жыцьця. Маўляў, прыватныя зьвесткі будуць захоўвацца ў сакрэце. Але, прабачце, які можа быць сакрэт, калі там пазначана тваё прозьвішча. Які можа быць сакрэт для спэцслужбаў, падатковай службы і гэтак далей?”

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў таксама заяўляе, што перапісам пакуль не задаволены і вось чаму:

“У мяне не былі і нават папярэдне не прыходзілі, толькі раскідалі ўлёткі. Таму я пакуль не задаволены. Прыйдуць — дык прыйдуць, а калі не, то сам пайду. Трэба ісьці і блянкі беларускія патрабаваць, бо перапіс — гэта сьвятая справа. І той, хто кажа, што будзе ігнараваць гэтую акцыю, нагадвае мне беларуса, які набыў квіток і нікуды не паехаў назло чыгунцы”.

Свой уплыў на адказы грамадзянаў перапісчыкам зрабіў публічны паказ у тэлевізіі перапісу ў Аляксандра Лукашэнкі. Вось якімі назіраньнямі падзялілася перапісчыца Ася Паплаўская ў сваім блогу:

Учора абсалютная большасьць на пытаньне "На якой мове размаўляеце дома?" адказала: "Як прэзідэнт!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG