Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не зажымаць самакрытыку, blin!


Казімір Малевіч, Чорны квадрат
Казімір Малевіч, Чорны квадрат

Шаноўныя чытачы! Усё зло на сьвеце ад зажыму крытыкі і самакрытыкі. А задача цэнзуры – якраз зажымаць тых, хто зажымае.

Вашы напісаныя кроўю ўнутраных і часам вонкавых органаў камэнтары джаляць сэрца, але dura lex sed lex - іх альбо публікуем цалкам, альбо зусім не – як кажуць, tertium non datur.

Што азначае -- ізноў на мінулым тыдні мы злосна ігнаравалі Канстытуцыю РБ, Усеагульную дэклярацыю правоў, і да т.п. і г.д.
Вось ўважлівы чытач Г. пытаецца:

«Ну, скажите, кто-нибудь, зачем М. презжал на "Радио Свобода"? С девочками поболтать? Но он же , говорят, женат. Да и возраст уже не тот.»

Чытач, зразумела, ведае, што М. прыяжджаў у Прагу не на Радыё, а выкраіў гадзіну і адказаў на столькі пытаньняў з больш чым сотні за адзін прысест, на колькі пасьпеў, запісаў таксама тэлеперадачу і паабяцаў адказаць на ўсе астатнія крыху пазьней. Але не надрукавалі камэнтар, канечне, зь іншай прычыны: за дыскрымінацыю па ўзросьце, па гендэрным прынцыпе, і прамы замах на свабоду слова зь дзяўчатамі, на што мы пайсьці ня можам, бо homo sum, humani nihil a me alienum puto, што азначае – самі ведаеце.

Даўгі допіс Г., дарэчы, рэдактары на прамілы Бог прасілі дазволіць надрукаваць хоць часткамі, кажуць, шмат там разумнага і добрага і нават вечнага. Вось, напрыклад, што аўтар прачытаў пра Буша ў амэрыканскай прэсе:

«Трудно найти того кто бы его не назвал его убийцей, собутыльником Саудовского принца, идиотом, живодером, алкоголиком, тупарём, преступником etc.»

Г. лічыць, што і беларускія палітыкі павінны быць гатовыя да такога, на тое яны й палітыкі. Што ж, калі пачнуць выпіваць з прынцамі – тады калі ласка. А пакуль - aut Caesar aut nihil – усё альбо нічога, бо на разьліў няма ліцэнзіі.

Незразумела, на што спадзяваўся яшчэ адзін няўрымсьлівы аналізатар, калі пісаў:

“Тое што А. усебеларускі жарабец сьведчыць хлопчык Б. без маці і дзяцінства.”


Даводзім да вашага ведама, шаноўны аналізатар: зьвесткі пра кентаўраў у Беларусі зьяўляюцца строгай дзяржаўнай тайнай, якая ахоўваецца законам, амонам, амапам і рымскім папам, які не памыліўся, хаця прамаўляў не ex catedra, бо самі ведаеце, куды ўсе шляхі вядуць, калі што ня так.

Новае слова ў тэорыю эстэтыкі ўнёс А., прыхільнік нацыянальнай бібліятэкі, які вырашыў абараніць яе ад тытулу аднаго з самых брыдкіх будынкаў сьвету:

“Нармальны будынак. Лепш, чым паляванне на людзей ілі продаж зброі, чым займаюцца суседзі.»

А таксама лепш, чым дождж са сьнегам, піва з водкай ці тры гады з канфіскацыяй. На жаль, свой шанец увайсьці ў аналы параўнальнай архітэктуры аўтар згубіў, бо перад гэтым неэстэтычна выказаўся пра іншых суседзяў па плянэце.

Плакалі, калі чыталі наступны крык душы:

“А я так сама не веру гэтаму прахвосту. За яго панаваннем беларуская мова амаль знiшчана да шчэнту. И мне дзiуна, што нехта яго яшчэ называе беларусам.”

Па-першае, спадар М., па-беларуску правільней – не “прахвост”, а “прайдзісьвет”, па-другое, прыслоўе “дашчэнту” пішацца разам, а хто як каго называе па лацінску будзе, на жаль, mea culpa...

Скончым зажымам самакрытыкі. Цэнзар як мог тлумачыў мінулым разам, чаму забараніў адзін камэнтар:

"Калі нехта думае, што не надрукавалі з прычыны таго, што аўтар памыляецца, то ён памыляцца, хаця аўтар памыляецца і вызначэньне “сялянская” ужываецца не толькі да гатункаў кілбасы, але і для нацыяў, якія гэту кілбасу вырабляюць.”


У адказ прышоў такі допіс:

«Цензор, Вы хоть сами поняли что тут написали? :)) "...Аўтар памыляецца, то ён памыляцца, хаця аўтар памыляецца.."
Блин, я просто ржу! Кого держат в цензорах на "Свабодзе"?:)) Филологи! Мать Вашу!:))»


У выніку службовага расьсьледаваньня быў выдадзены наступны

«Загад № 1 «Аб зажыме крытыкі і самакрытыкі ў «Кутку цэнзара»:

Беручы пад увагу,

– што цэнзар павінен разумець, што забараняе, а ня што піша;

– што нататкі цэнзара выклікаюць іржаньне, а пры такіх цэнах на бэнзін за коньніцай будучыня;

– што калі нехта думае, што гэты загад выдаецца таму, што цэнзар памыліўся, то ён памыляецца, хаця цэнзар і памыліўся, спалучыўшы складаназалежны сказ са складаназлучаным з дапамогай уступальна-супраціўнага злучніка і сэмантычна неспэцыялізаванга карэляту без канкрэтызатара, бо трэба ж разумець, што камэнтатар Дз. не памыляецца не таму, што не памыляецца, а таму, што не памыляецца ніколі,

Загадваю:

1. Забараніць цэнзарам спалучаць складаназалежныя сказы са складаназлучанымі з дапамогай уступальна-супраціўнага злучніка і сэмантычна неспэцыялізаванга карэляту без канкрэтызатара.

2. У сувязі з ужываньнем у тэксьце загаду № 1 складаназалежнага сказу са складаназлучаным з дапамогай уступальна-супраціўнага злучніка і сэмантычна неспэцыялізаванга карэляту без канкрэтызатара – гэты загад забараніць.»

Як казалі самі сабе старажытныя рымляне, tace – пра астатняе памаўчу.

Бывайце здаровы, шаноўныя камэнтатары, стараўся пакрыўдзіць каго як мог, але дзе ж даць рады ўсім, выбачайце, Humanum Erarre Est, што азначае –

Ваш дзяжурны Цэнзар – філёляг, blin.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG