Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добра забытае мінулае


Будучыню магу сабе ўявіць толькі дзякуючы ведам пра мінулае.

Памятаю, бабуля распавядала пра брыгадныя мэтады навучаньня, зь якімі яна сутыкалася ў дваццатыя гады. Гучала як дзіва — таму і запомніў. Кляса дзялілася на некалькі брыгадаў. Яны атрымлівалі заданьне. Потым адзін чалавек адказваў — і ўся брыгада паводле яго адказу атрымлівала адзнаку. Мне гэта здавалася дзіўным і несправядлівым. Для таго, каб што называецца “добра вучыцца”, дастаткова было мець у брыгадзе аднаго разумнага вучня.

Памятаю таксама, што на вялікі двор, у якім мы жылі (чатыры дамы на сто кватэраў), толькі адзін дарослы чалавек рэгулярна карыстаўся роварам, як транспартным сродкам. Гэтым чалавекам быў мой дзядзька Васіль Цітоў. Дарэчы, добры фатограф-жанравік. Праўда, па шэрагу абставінаў ня надта ацэнены ў свой час.

На думку сваякоў, дзядзя Вася быў несур’ёзным пэрсанажам, і на ягоны шасэйнік глядзелі паблажліва. Сам ён сябе лічыў чалавекам несыстэмным, насіў доўгія валасы, слухаў розныя пінкфлойды і стараўся не карыстацца магілёўскім грамадзкім транспартам. Але, добра падумаўшы, аўтобусы з магілёўскіх вуліц 70-80-ых цяжка назваць камфортнымі. І сёньня троху дзіўна, што магілёўцы лічылі за лепшае штурхацца (як мінімум два разы на дзень) у перапоўненым транспарце, а ровары трактавалі як падлеткавую забаву ці атрыбут вясковага быту. Да аўтамабільнай рэвалюцыі было яшчэ далёка, але з чаго гэта раптам салідны інжынер-канструктар трэцяй катэгорыі пачне круціць пэдалі, як нейкі калхозьнік?

Яшчэ добра памятаю той дзень калі ўпершыню пабачыў чалавека з электронным гадзіньнікам. Я добра памятаю акалічнасьці гэтай сустрэчы. Я яго сустрэў на Аўтазаводзкай вуліцы, побач з Домам Культуры. Адпаведна, сустрэча адбылася не раней за 1981 год, калі мае бацькі пераехалі на пасёлак Кірава. Як выглядаў той уладальнік, ужо не ўзгадаю. Але сам гадзіньнік на мэталічным ланчужку зь белага мэталю, з чырвоным непразрыстым цыфэрблятам запомніў. Я набраўся сьмеласьці, падышоў і спытаўся: “Каторая гадзіна?” Дзядзька падняў левую руку, націснуў на кнопачку (старыя цыфэрбляты электронных гадзіньнікаў вымагалі дадатковай падсьветкі) і ветліва адказаў на маё пытаньне.

Гэты кароткі эпізод афарбаваў мой дзень. У двары я хваліўся сябрам, што бачыў чалавека з электронным гадзіньнікам, і мне па-беламу зайздросьцілі.

Можна, на самой справе шмат чаго ўспомніць, і пра многае таксама. Дык вось сёньня калектыўныя мэтады навучаньня ў модзе, на роварах у Вільні езьдзіць людзей больш, чым ходзіць пешкі, калі і прадаюцца якія наручныя гадзіньнікі — то пакупнікі звычайна выбіраюць храномэтры са стрэлкамі. Нібыта ўсё зьмянілася, але па сутнасьці нічога новага.

Калі я зараз напішу, што ў бліжэйшай будучыні скараціцца колькасьць мабільных тэлефонаў і кампутараў, узрасьце роля пасажырскіх перавозак па чыгунцы, спыніцца жорсткі і бессэнсоўны перасьлед курыльшчыкаў і пачнуць масава адчыняцца гурткі макрамэ — прынамсі, адно з гэтых прадказаньняў спраўдзіцца. Ня важна, ці хочацца вам гэтага і ці ў стане вы мне паверыць.

Андранік Антанян

Андранік Антанян, antanian.draniki.com/profile
Літаратар, перакладчык. Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Дыліжане. Ад 1993 года жыве ў Вільні. Працаваў шмат дзе, друкаваў рэцэнзіі, артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры на старонках “Нашай Нівы”, “Спадчыны” і “Архэ”. Пару гадоў таму перафакусаваў сваю ўвагу на фатаграфію. Амбасадар Зарачанскай Рэспублікі ў Беларусі.

1. Навошта я пішу блог

Так ужо склалася.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Апэратыўнасьць і расслабленасьць.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Не задумваўся над гэтай тэмай.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

adnosna.wordpress.com, svetlyak, 8020photo, amirko, chadeyka

Ну і Яна Максімюка ўсім раю чытаць. Ён — зэ бэст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG