Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З ізалятара ў Беларусі — на канфэрэнцыю ў Швэцыю


Андрэй Ажароўскі
Андрэй Ажароўскі

Расейскі фізык-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, асуджаны на 7 сутак арышту падчас грамадзкіх слуханьняў на тэму будаўніцтва АЭС у Астраўцы, заўтра павінен выйсьці на волю. І таксама на заўтра ён запрошаны на навуковую канфэрэнцыі у Стакгольме.


АСТРАВЕЦ

Андрэя Ажароўскага ў Астраўцы адведаў расейскі консул у Беларусі разам з адвакатам. Яны дапамаглі асуджанаму скласьці скаргі ў абласны суд і абласному пракурору. Пра гэта “Свабодзе” паведаміла рэдактар беларускага экалягічнага партала Тацяна Новікава. Яна таксама нагадала, што Андрэй Ажароўскі быў арыштаваны пры ўваходзе ў астравецкі кінатэатар, дзе адбываліся грамадзкія слуханьні.

Наш дакумэнт — гэта крытыка афіцыйнай ацэнкі ўплыву АЭС на навакольнае асяродзьдзе.
Са словаў Тацяны Новікавай, міліцыянты адабралі ў Андрэя Ажароўскага некалькі асобнікаў крытычнага матэрыялу адносна будаўніцтва АЭС у Астраўцы:

“Наш дакумэнт — гэта крытыка афіцыйнай ацэнкі ўплыву АЭС на навакольнае асяродзьдзе. Мы гэта абмяркоўвалі ў прафэсійных колах, сярод навукоўцаў і яны давалі свае заключэньні. Там прыведзены альтэрнатыўныя лічбы, абгрунтаваньня, чаму тое ці іншае — няпраўда, альбо дрэнна”.

У судзе супраць Андрэя Ажароўскага сьведчылі 5 міліцыянтаў, якія даводзілі, што затрыманы брыдка лаяўся. Тацяна Новікава кажа іншае.

“Андрэй паводзіў сябе спакойна. Гэта, па-першае, бачылі сьведкі, паказаньні якіх суд не ўлічыў і гэта бачыла я асабіста. Але мяне ў суд не ўпусьцілі. З будынка мяне папросту выкінуў нейкі вышыбала, які назваўся Анатолем”.

Тацяна Новікава папракае расейскія СМІ. Яны пасьпяшаліся паведаміць, што Андрэя Ажароўскага асудзілі нібыта за хуліганства. Калегу Тацяна Новікава характарызуе як сапраўднага навукоўца.


РАСЕЯ


Расейская група “Экаабарона” пісьмова зьвярнулася да міністра замежных спраў Расеі Сяргей Лаўрова з просьбай узяць пад асабісты кантроль сытуацыю з арыштам Андрэя Ажароўскага ў Астраўцы. Тлумачыць сябра групы “Экаабарона” Вольга Падасёнава зь Екацярынбургу:

Калі нават да нас на Ўрал трапіў чарнобыльскі сьлед, то я ўяўляю, якая бяда побач.
“Андрэя я ведаю даўно. Лічу яго паплечнікам ў антыядзерным руху. Ён чалавек вельмі прынцыповы. Аўтарытэтны ў міжнародных колах. Пры ААН ўдзельнічаў у якасьці экспэрта ў дасьледаваньні складаных праектаў. Увогуле, Андрэй вельмі актыўны”.

Вольга Падасёнава падкрэсьлівае таксама салідарнасьць з Андрэем Ажароўскім супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Яна заяўляе:

“Калі нават да нас на Ўрал трапіў чарнобыльскі сьлед, то я ўяўляю, якая бяда побач. Таму падтрымліваю цалкам Андрэя. І я салідарная зь беларусамі, якая актыўна пратэстуюць супраць будаўніцтва АЭС”.


АСТРАВЕЦ


І сёньня ў другой палове дня “Свабода” даведалася, што, каб сустрэць Андрэя Ажароўскага, пасьля вызваленьня выехалі ў Астравец яго сябры зь беларускага грамадзкага экалягічнага аб'яднаньня “Экадом”. Ірына Сухій паведаміла:
Мы змагаліся на ўзроўні аргумэнтаў, а не на ўзроўні міліцыі.

“Мы жудасна зьдзіўленыя такой сытуацыяй, таму што раней мы сустракаліся і з прадстаўнікамі міністэрства аховы прыроды, міністэрства энэргетыкі, і з дырэкцыяй будаўніцтва АЭС. Мы змагаліся на ўзроўні аргумэнтаў, а не на ўзроўні міліцыі. І, калі гаварыць па шчырасьці, гэты арышт Ажароўскага выклікае непаразуменьне. Відавочна, што ў дадзеным выпадку сілавыя структуры перастараліся”.

Суразмоўніца Радыё Свабода таксама паведаміла, што ў 44-гадовага Андрэя Ажароўскага двое дзяцей. Сям'я пражывае ў Маскоўскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG