Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хойніччына: “Усё ямо са свайго агароду”


На Гомельшчыне ў заражаных радыяцыяй вёсках людзі без абмежаваньня спажываюць вырашчаную на прысядзібных участках прадукцыю. Яе нават ня ўсюды правяраюць на радыяцыю. Лагодныя беларускія дапушчальныя ўзроўні ўтрыманьня радыёнуклідаў у прадуктах харчаваньня дазваляюць накіроўваць у гандлёвую сетку малочныя й мясныя прадукты, якія не вытрымліваюць радыяцыйнага кантролю у суседніх дзяржавах — Расеі й Украіне.

Сёньняшні расповед у чарговым фотарэпартажы з цыклу “Прэс-тур у чарнобыльскую зону”, зарганізаваным Беларускай асацыяцыяй журналістаў, прысьвечаны менавіта прадуктам харчаваньня.

У вёсцы Губарэвічы Хойніцкага раёну апошнія тутэйшыя жыхары, якія засталіся пасьля чарнобыльскай катастрофы, спажываюць усё, што вырошчваюць. Лішкі прадаюць дзяржаве.

Апавядае мясцовая жыхарка спадарыня Рыма:

“Усё ямо са свайго агароду — моркву, буракі й бульбу. Малако не спажываем, я яго, напрыклад, ня пью. Малако здаём дзяржаве. Сьвіней на продаж забіраюць камэрсанты”.

Спэцыялістка сельгаспрадпрыемства “Стралічава”, да якога належыць і вёска Губарэвічы, кажа, што малако з прыватных гаспадарак разам з саўгасным накіроўваюць у Хойнікі на прадпрыемства “Малочныя сыры”. Пасьля перапрацоўкі яго вяртаюць у мясцовыя крамы:

“Малако саўгаснае й ад насельніцтва здаём на Хойніцкі завод. З Хойнікаў вяртаецца ўсё да нас. Наша ж прадукцыя ідзе ў нашыя крамы, і мы яе купляем. І хлебазавод у нас ёсьць у Хойніках — усё адтуль ідзе нам. Нават наш старшыня райвыканкаму казаў: калі ў нас ёсьць сваё, то навошта нам чужое купляць”.

Прыкладна такая ж схема забясьпечваньня насельніцтва прадуктамі харчаваньня дзейнічае і ў суседнім Брагінскім раёне. Ён таксама адпраўляе малако на перапрацоўку ў Хойнікі, збожжа — на сьпіртзавод у Стралічава, а мяса — на Гомельскі мясакамбінат.

Валянцін Гануш
Гаворыць намесьнік старшыні Брагінскага райвыканкаму ў чарнобыльскіх пытаньнях Валянцін Гануш:

“Бруднае збожжа ідзе на сьпірт. З малака атрымліваецца чыстае мяса. Мы працуем у такім накірунку: жывёла спачатку спажывае брудныя кармы, а потым цягам месяца яе кормім кукурузным сіласам. Кукуруза менш набірае радыяцыю. Нам з мясакамбіната ў апошнія гады спынілася вяртаньне жывёлы з-за радыяцыі. Хіба толькі цяпер у Расеі нормы забруджваньня сталі больш жорсткімі, але зваротаў практычна няма ці яны вельмі рэдкія”

Гаспадаркі раёну сталі выкарыстоўваць цяпер некаторыя землі, якія раней былі выведзены зь сельскагаспадарчага абароту. Галоўны эканаміст КСУП “Чамярыскі” Сьвятлана Шаўчэнка распавяла, што для адкорму жывёлы на мяса выкарыстоўваюцца землі ў ваколіцах выселенай вёскі Савічы:

Сьвятлана Шаўчэнка
“Мы заключалі дамовы зь інстытутам радыялёгіі, і яны аказваюць нам дапамогу ў атрыманьні чыстай прадукцыі. Вырошчваем зялёную масу на корм. У азімым рапсе стронцыю — 362 бэкэрэлі на кіляграм, 83 — цэзію. Такое ўтрыманьне радыяцыі ў зялёнай масе. Ня ведаю, але кажуць, што прадукцыю чыстую яны там атрымліваюць”

Вяскоўцы тым часам на радыяцыйную бясьпеку ўвагі не зьвяртаюць — прадукты наогул не правяраюць.

Вось што кажа на гэты конт пэнсіянэрка зь вёскі Дублін, што на Брагіншчыне:

“Куды я яе важу, дзе я яе правяраю?! Ем, што пасаджу й вырашчу, — і задаволеная. Бульбы багата, гарбузоў багата й буракоў хапае. Гуркоў усякіх поўны склеп. Кабан у хляве, ды не адзін. А кароўкі няма — кароўку цяпер вельмі цяжка трымаць. Малако можна і ў лаўцы купіць. А вось без каня нельга жыць — конь цяпер лепей, чым карова”.

Гарбузы ўрадзілі ў Дубліне.
XS
SM
MD
LG