Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфармацыі адмовіла ў рэгістрацыі газэце “Магілёўскі час”


Ганна Ільіна
Ганна Ільіна

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у тэлефоннай размове чыноўнік міністэрства назваў падставай адсутнасьць у рэдактаркі вышэйшай адукацыі.


Беларуская асацыяцыя журналістаў на сваім сайце паведамляе, што сёньня рэдактарцы “Магілёўскага часу” Ганьне Ільіной пазваніў чыноўнік Міністэрства інфармацыі Віктар Гурэцкі і паведаміў, што газэце ў рэгістрацыі адмоўлена, бо яе рэдактарка ня мае вышэйшай адукацыі.

Мінінфармацыі бязь ведама Ганны Ільіной зьбірала асабістыя зьвесткі пра яе асобу.
Паводле БАЖ, дакумэнты на рэгістрацыю спадарыня Ільіна накіравала 10 верасьня. “Магілёўскі час” плянаваўся як выданьне грамадзка-палітычнай тэматыкі. Дагэтуль газэта некалькі гадоў выходзіла як малафарматнае выданьне накладам да 299 асобнікаў.

Юрысты БАЖ зьвяртаюць увагу на тое, што ў законе “Аб СМІ” (арт. 15 — “Падставы для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ”) прыведзены вычарпальны пералік выпадкаў адмовы.

“Такой падставы, як адсутнасьць вышэйшай адукацыі ў рэдактара, там няма, — падкрэсьлівае намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Наогул, гэткіх дакумэнтаў для рэгістрацыі выданьняў не патрабуецца. Гэта значыць, што Мінінфармацыі бязь ведама Ганны Ільіной зьбірала асабістыя зьвесткі пра яе асобу”.

Тым часам, прэсавая служба БАЖу паведамляе, што прадпрыемства “Белпошта” чарговы раз адмовілася ўключыць у рэспубліканскі падпісны каталёг недзяржаўную “Рэгіянальную газэту” (Маладэчна).

“Рэгіянальная газета” зарэгістраваная як рэспубліканскае выданьне, але праз падпіску мае магчымасьць распаўсюджвацца толькі па Менскай вобласьці. Ужо некалькі гадоў рэдакцыя дамагаецца вяртаньня ў сетку распаўсюджваньня па ўсёй краіне — пакуль безвынікова. У лісьце ад 7 кастрычніка за подпісам начальніка ўправы распаўсюджваньня друкаваных СМІ Марыны Вараб’ёвай паведамляецца, што РУП “Белпошта” лічыць “немэтазгодным” уключэньне “Рэгіянальнай газеты” ў падпісны каталёг на 1-е паўгоддзе 2010 года.

Цяпер шэраг нацыянальных і рэгіянальных газэтаў пазбаўленыя магчымасьці трапляць да чытача праз падпіску. У гэтым пераліку “Новы час”, “СНплюс. Свободные новости плюс”, “Товарищ”, “Борисовские новости”, “Вольнае Глыбокае”, “Газета Слонімская”, “Ганцавіцкі час”, “Intex-press” (Баранавічы). Івацэвіцкае выданьне “Газета для Вас”, як і “Рэгіянальная газета”, распаўсюджваецца праз падпіску абмежавана — толькі ў сваім раёне. Рэдакцыя зацікаўленая пашырыць тэрыторыю і распаўсюджвацца праз падпіску ў Бярозаўскім, Пружанскім і Драгічынскім раёнах Берасьцейскай вобласьці. Адмову ад “Белпошты” нядаўна атрымала таксама выданьне-спадкаемца недзяржаўнага “Витебского курьера М” — зарэгістраванае ў Расіі выданьне “Витебский курьер”. (Беларускі “Витебский курьер М” прыпыніў выхад у тым ліку і з-за праблем з распаўсюджваньнем).
XS
SM
MD
LG