Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада РФ чакае адказу ад МЗС Беларусі


Амбасада Расейскай Фэдэрацыі сёньня зьвярнулася з нотай у Міністэрства замежных справаў Беларусі з нагоды затрыманьня ў Астраўцы расейскага эколяга Андрэя Ажароўскага. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў супрацоўнік амбасады Вадзім Гусеў.

Вадзім Гусеў афіцыйна пацьвердзіў факт перадачы ноты:

“Але нота якая? Яна з запытам — аб дэталях яго затрыманьня, у чым яго абвінавачваюць і г.д. Яна запытная , а не пратэсная, вось у чым справа”.

Спадар Гусеў дадае, што Расея і Беларусь маюць спэцыяльнае пагадненьне:

“Пры арышце, што беларусаў на тэрыторыі Расеі, што расейцаў на тэрыторыі Беларусі, МЗС мусіць тэрмінова інфармаваць амбасаду. Нас праінфармавалі вусна, паколькі былі выходныя дні. А цяпер мы ў рабочым рэжыме запытваем пра абставіны затрыманьня. Мы працуем у шчыльным кантакце з консульскім упраўленьнем МЗС Беларусі”.

У МЗС Беларусі факт атрыманьня ноты пацьвердзілі. Цяпер на яе рыхтуюць адказ. Згодна з дыпляматычнымі нормамі, час на яго не абмежаваны.



Каардынатара расейскай групы “Экозащита” фізыка-атамшчыка Андрэя Ажароўскага затрымалі ў мінулую пятніцу падчас грамадзкіх слуханьняў у Астраўцы адносна будаўніцтва атамнай станцыі. Ён быў асуджаны судом Астравецкага раёну да сямі сутак арышту. Эколяга абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Андрэй Ажароўскі лічыць, што будаўніцтва АЭС у Беларусі прывядзе не да зьніжэньня, а, наадварот, да павелічэньня коштаў на электраэнэргію. Ён тлумачыць гэта так:

“Як толькі пабудуюць АЭС, неабходна будзе траціцца на яе абслугоўваньне. Па-першае, трэба будаваць магільнік, якога ў праекце няма, але які павінен будзе зьявіцца. Па-другое, неабходны будуць і вялікія грошы на закупку ядзернага паліва. Ёсьць вядомы прыклад Армэніі. Ёй АЭС дасталася ад былога СССР. І калі пасьля працяглага перапынку станцыю хацелі запусьціць, то высьветлілася, што кошт адной загрузкі параўнальны з гадавым бюджэтам усёй Армэніі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG