Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапіс беларусаў і хобітаў


Шмат бедаў за шматпакутную гісторыю Беларусі абрынулася на наш гаротны народ. Але зараз прыйшла самая страшная — перапіс.

“Вялікі Брат” зь зялёным партфэлем і значком перапісчыка прыйшоў па цабе. Не адчыняй яму дзьверы, заблытай яго сваімі хітрымі адказамі, не выдавай яму галоўную тайну — сваю нацыянальнасьць. Прынамсі, чытаючы некаторыя форумы ў Інтэрнэце, можна пераканацца, што менавіта ў гэтым некаторыя людзі бачаць усю сваю грамадзянскую сьмеласьць — сказаць “фі” дзяржаве ў цэлым і канкрэтнаму перапісчыку ў прыватнасьці. Здаецца, такія людзі ўжо сасьпелі да вялікага “грамадзянскага ўчынку” — не ўпусьціць перапісчыкаў у свой дом альбо адказаць, што іхняя нацыянальнасьць — хобіт.

Прызнаюся, гэта ў мяне выклікае прыблізна тую ж іранічна-злобую рэакцыю, як паведамленьне, што антыглябалісты дзе-небудзь у Эўропе разьбілі вокны Макдональса. Ведаеце, у сьвеце, дзе ў Іране асуджаюць на сьмерць за ўдзел у апазыцыйных акцыях, дзе ў некаторых краінах забіваюць толькі за іншую сэксуальную арыентацыю, і — можаце лічыць гэта банальнасьцю — у Афрыцы тысячы дзяцей паміраюць ад голаду, — дык вось у такім сьвеце ёсьць праблемы больш гарачыя, чым Макдональс.

Тое самае і ў Беларусі — здаецца, для многіх дылема “пускаць ці не ў свой дом перапісчыка, і што яму гаварыць” стала ці не адзіным, вельмі лёгкім і зручным спосабам праявіць сваю “сьмеласьць”. А вось вам, дарэчы, і погляд “зь іншага боку” — беларускамоўная студэнтка-перапісчыца піша пра свае першыя прыемныя ўражаньні. Калі хто думае, што ён “герой”, то для перапісчыкаў яны — “хамло”. Дарэчы, нешта я пакуль ня чуў, каб перапіс непакоіў тых, хто рэальна супрацьстаіць уладам — апазыцыйныя партыі ці нават праваабаронцаў. Не, пераважна дзіды ломяцца “кухоннымі рэвалюцыянэрамі”, якія за апошнія гады дзякуючы разьвіцьцю інтэрнэту размнажаюцца, нібыта “нечароўныя трусікі”, у геамэтрычнай прагрэсіі. Гэта такі беларускі фэномэн, калі на акцыі прысутнічае 500 чалавек, а 20 тысяч чытаюць пра онлайн-рэпартаж гэтай акцыі ў Інтэрнэце.

Што б хацелася сказаць такім рэвалюцыянэрам, для якіх увесь “пратэст” выяўляецца ў альтэрнатыве, паказаць усім дулю альбо сярэдні палец? Паўдзельнічайце ў нейкім праекце, уступіце ў партыю, грамадзкую арганізацыю... Не падабаюцца ўсе існуючыя — стварыце сваю. Змагайся за што-небудзь, дакажы, урэшце, што ты ня хобіт.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG