Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Лукашэнкі і Юшчанкі агульны вораг?


Сёньня ў Кішынэве прайшоў саміт СНД. Многія аглядальнікі назвалі яго “самітам ва ўсечаным фармаце”, паколькі не прыехалі лідэры чатырох краін — Казахстану, Таджыкістану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.

Для кіраўніка Беларусі адметнай стала ягоная сустрэча з калегам з Украіны Віктарам Юшчанкам. Сёньня прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны правялі двухбаковую сустрэчу. Пасьля яе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён чакае “сур’ёзных зрухаў у дачыненьнях з Украінай у бліжэйшыя паўтара-два месяцы”.

Кіраўнік Беларусі сказаў, што сёньня не было магчымасьці грунтоўна паразмаўляць па цэлым шэрагу праблемаў, якія насьпелі. Ён прапанаваў сустрэцца бліжэйшым часам, каб абмеркаваць усе пытаньні. А перад гэтым параіў правесьці сустрэчу двух прэм’ераў.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што нічога новага Лукашэнка сёньня не сказаў.

“Ягоныя словы нагадваюць мне тое самае, што Лукашэнка ўжо казаў сёлета падчас сустрэчаў зь Юшчанкам у Чарнігаве і Гомелі. І гэта сьведчыць толькі пра тое, што разьвіцьцё двухбаковых дачыненьняў, пра якія раней дамаўляліся два прэзыдэнты, марудзіцца.

І калі мы чуем, што Лукашэнка зноў кажа, што зьбяруцца прэм’еры, то такія абяцанкі ўжо былі. Ужо павінны быць іншы этап — афіцыйны альбо працоўны візыт Лукашэнкі ў Кіеў. Але яго дагэтуль няма”.

Спадар Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што сёньня беларускі кіраўнік зрабіў некалькі камплімэнтаў на адрас свайго ўкраінскага калегі:

“Зразумела, што за гэтым стаіць такі аб’ект, як Расея. І гэта, найперш, газавыя праблемы”

Карэспандэнт: “А ці не маглі сёньня два кіраўнікі дамовіцца аб сумесных дзеяньнях у газавай сфэры на перамовах з “Газпромам”?”

“Падыходы тут усё больш і больш супадаюць. Пра гэта сьведчаць і рэвэрансы ў бок Юшчанкі з боку Лукашэнкі. Але ў праблемах, як газавых, так і дачыненьняў з Расеяй наагул, у Кіеве няма адзінай думкі. Падыходы да гэтага ў Юліі Цімашэнкі і Віктара Юшчанкі вельмі разыходзяцца”.

Лідэры краінаў СНД пазуюць для “сямейнага фота” на саміце ў Кішынэве

Дырэктар кіеўскага Цэнтру палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Міхаіл Паграбінскі свой камэнтар для “Свабоды” пачаў з таго, што згадаў: ужо ў студзені ва Ўкраіне адбудуцца прэзыдэнцкія выбары:

“Я наагул думаю, што дамаўляцца пра нешта сур’ёзнае зь Віктарам Юшчанкам, будаваць пэўныя пляны на асабістых зь ім перамовах — беспэрспэктыўная справа. Ён, і гэта абсалютна ясна, заканчвае сваю палітычную кар’еру на гэтай пасадзе. Таму і дамаўляцца трэба было б яшчэ, як мінімум, зь Юліяй Цімашэнкай, калі гаворка ідзе пра некалькі месяцаў”.

Кіеўскі аналітык кажа, што сустрэча Лукашэнкі і Юшчанкі ў Кішынэве мае сваю адметнасьць:

“Так выглядае, што нібыта ў іх ёсьць агульны вораг — Уладзімер Пуцін. Лукашэнка днямі вельмі жорстка характарызаваў як яго, так і яго дзейнасьць. І Юшчанка вельмі энэргічна настроены супраць Пуціна. І чамусьці і Лукашэнка адважыўся на такі выпад.

Таму я б не пераацэньваў значэньне сёньняшніх кантактаў. І я ня думаю, што калі Лукашэнка зойме антыпуцінскую пазыцыю, то ён будзе захоўваць сяброўскія стасункі зь Мядзьведзевым. Наўрад ці гэта магчыма”.

Застаецца дадаць, што ні Лукашэнка, ні Юшчанка сёньня ў Кішынэве не праводзілі асабістых сустрэч з прэзыдэнтам Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG