Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як? Хочаш зьмяніць сьвет, пачні з сябе…


Сяргей Дубавец на сустрэчы з чытачамі.
Сяргей Дубавец на сустрэчы з чытачамі.
Прэзэнтуючы ў Горадні кнігу “Як?” з бібліятэкі “Свабоды” аўтар Сяргей Дубавец зазначыў, што паставіў у ёй толькі пытаньні, але не імкнуўся даць на іх адказы. Настойлівым чытачам, якія ўсё ж дамагаліся адказу, аўтар параіў зьмяняць сьвет пачынаючы з сябе.

Сустрэча з літаратарам, крытыкам і выдаўцом, сталым аўтарам “Свабоды” Сяргеем Дубаўцом адбывалася ў памяшканьні Таварыства беларускай мовы. Як заўсёды тут было шматлюдна.

Сяргей Дубавец адпачатку распавёў пра што ён напісаў: “Я напісаў кніжку пра сучасную этыку. Сёньня пра гэта гавораць мала, маральных пытаньняў ніхто не падымае, тым ня менш мы бачым нямала людзкіх сутыкненьняў, сутыкненьняў розных інтарэсаў, розных супольнасьцяў, у тым ліку і ў палітыцы. І ўвесь час з гэтага выпадае этычны момант”.

Аўтар распавёў, што ўсю кніжку склаў толькі з пытаньняў на падставе свайго досьведу і ня даў на іх адказаў. Але, на яго думку, галоўнае, каб любыя адносіны, нават апазыцыі з уладай, складаліся з маральных і этычных пачаткаў.

Пытаньняў да аўтара было шмат і датычылі яны болей нават не літаратуры, а сучасных палітычных, грамадзкіх працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, адносін апазыцыі і ўлады ў кантэксьце менавіта маралі і этыкі.

На сустрэчы было шматлюдна
Найбольш настойлівым чытачам аўтар давёў усё ж — як перамагаць…

Дубавец: “Як перамагаць? Трэба ў першую чаргу перагледзяць сябе. Гэта не пытаньне бою, а хутчэй самаарганізацыі, самаацэнкі”.

Пасьля сустрэчы я пацікавіўся ў некаторых чытачоў — ці падзяляюць яны погляды Сяргея Дубаўца?

Спадар Віктар: “Надта маралізавацца з цяперашняй уладай, на маю думку, усё ж ня сьлед”.

Спадар Андрэй: “Аўтар, з аднаго боку, правільна гаворыць, што апазыцыя стварае шмат бясплодных канфліктаў з уладай. Але зь іншага боку, калі казаць пра Гарадзеншчыну, то ніякія спробы дамовіцца з уладай нават па самых банальных пытаньнях не атрымоўваюцца. Таму гэта развага аўтара здаецца трохі рытарычнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG