Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ваенная інтэграцыя — адзінае, дзе бакі заходзяць паразуменьне”


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Як можна ацаніць вынікі вучэньняў “Захад-2009”, якія палітычныя наступствы можа мець такі высокі ўзровень беларуска-расейскага ўзаемадзеяньня ў ваеннай сфэры? Ці выпадкова менавіта ў дзень прыезду Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Беларусь стала вядома, што пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі пакуль не ўвайшло ў парадак дня чарговай сэсіі Палаты Прадстаўнікоў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: Прэзыдэнты Беларусі і Расеі вельмі высока ацанілі ўзровень праведзеных сумесных вучэньняў. Ці можа такая шчыльная ваенная каапэрацыя непасрэдна ўплываць на палітычныя адносіны?

Фёдараў: Вядома, можа. Тое, што праводзяцца такія шырокамаштабныя вучэньні , што на іх прысутнічаюць кіраўнікі дзяржаваў, — сьведчаць, што беларуска-расейская ваенная інтэграцыя — магчыма, адзіны пункт, дзе абодва бакі знаходзяць паразуменьне. Але пакуль нельга сказаць, што гэтыя шчыльныя вайсковыя дачыненьні знаходзяць працяг у нейкіх іншых сфэрах.

Цыганкоў: Аналітыкі адзначаюць, што Беларусь абменьвае вайсковую блізкасьць з Расеяй на пэўныя эканамічныя прэфэрэнцыі ад Масквы. Але ці можна сказаць, хто тут больш ад каго залежыць, хто каму больш патрэбны?

Фёдараў:
Беларуска-расейская ваенная інтэграцыя — магчыма, адзіны пункт, дзе абодва бакі знаходзяць паразуменьне.
Залежнасьць двухбаковыя. Беларусь залежыць ад Расеі, бо мы ня можам самі вырабляць тыя ўзбраеньні, якія, як лічыць наша кіраўніцтва, Беларусі патрэбныя. Зь іншага боку, мы ведаем, што Расея вельмі зацікаўленая ў тым, каб на заходнім накірунку ў яе быў бы хаця б адзін хаўрусьнік. Беларусь у гэтым сэнсе адыграе гэтую ролю. Таму я не выключаю, што ўзамен Менск па-ранейшаму будзе атрымліваць нейкія эканамічныя прэфэрэнцыі.

Цыганкоў: У дзень прыезду Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Беларусь стала вядома, што пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі пакуль не ўвайшло ў парадак дня чарговай сэсіі Палаты Прадстаўнікоў. Ці выпадкова гэтае паведамленьне прагучала менавіта сёньня?

Фёдараў: Падобна на тое, што ўсё ж істотныя разыходжаньні паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі застаюцца, і яны не дамовіліся па шэрагу пытаньнях. Каля тыдня таму прагучала, што Палата павінна разгледзець прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Супастаўленьне гэтага з тым фактам, што гэта пытаньне пакуль не было ўключана ў парадак дня — сьведчыць, што пэўныя рознагалосьсі застаюцца. Наўрад ці зьяўленьне гэтай інфармацыі выпадковае — бо той дзень, калі будзе зацьвярджацца парадак дня сэсіі, быў вызначаны даволі даўно. Таму, на мой погляд, гэта даволі сымбалічна.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG