Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Эўропай і Расеяй: на чыю карысьць балянс?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. (эфір 11-га верасьня)


Эўрапейскія палітыкі сустракаюцца з Аляксандрам Лукашэнкам, нягледзячы на неэўрапейскую сутнасьць ягонай палітыкі. Чаму афіцыйнаму Менску ўдаецца пасьпяхова гнуць сваю лінію? Чаму Эўропа інтэнсыфікуе кантакты зь беларускім рэжымам? Як доўга можа працягвацца балянсаваньне?

Удзельнікі: аналітык зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў і міжнародны аглядальнік газэты “Наша ніва” Сяргей Богдан.

Чаму Лукашэнку ўдаецца пасьпяхова гуляць з ЭЗ?


Валер Карбалевіч: “Апошнім часам беларускія ўлады зрабілі шэраг крокаў, якія наўрад ці спадабаюцца Захаду. Гэта і правядзеньне на тэрыторыі Беларусі самых буйных беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў. І візыт прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавеса, якія працягвае будаваць антыамэрыканскую “вось зла”, як ён сам пра гэта сказаў. І жорсткі разгон акцыі пратэсту апазыцыі.

Гледзячы па ўсім, Лукашэнка ўпэўнены, што Захад, найперш Эўропа, будзе глядзець на ўсё гэта скрозь пальцы і ня зьменіць сваёй палітыкі адносна Беларусі. Маўляў, праглынуць, нікуды ня дзенуцца, будзем разьвіваць адносіны на нашых умовах. На чым грунтуецца такая ўпэўненасьць?”

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
: “Яна грунтуецца на ягоным разуменьні, чаго ад яго хочуць ЭЗ і Расея. ЭЗ хоча ад Беларусі бясьпекі транзыту, стабільнай палітычнай сытуацыі і прадказальнасьці кіраўніцтва, пэўнай геапалітычнай пазыцыі, найперш — непрызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, адсутнасьці ў Беларусі палітычных вязьняў. Лукашэнка гэта разумее і лічыць, што невялікія флюктуацыі ягонай палітыкі не паўплываюць кардынальна на беларуска-эўрапейскія дачыненьні”.

Карбалевіч: “Сп. Мельянцоў сказаў, што ЭЗ зацікаўлены ў стабільнай палітычнай сытуацыі. Але стабільная палітычная сытуацыі тут азначае захаваньне дыктатуры Лукашэнкі”.

Сяргей Богдан: “Каб трансфармаваць дыктатарскі рэжым, часам зь ім варта ўступіць у шчыльныя стасункі, каб ён загруз у кантактах. З
Сяргей Богдан
свайго боку, Лукашэнка прыйшоў да высновы, што ЭЗ сам загруз у кантактах зь Менскам так, што ня будзе рэзка кідаць з-за, напрыклад, кантактаў з Чавэсам. Таму можна дазваляць сабе такія крокі, як вы пералічылі.

Зь іншага боку, Лукашэнка разумее, што зашмат “эўрапейскасьці”, ангажаванасьці ў стасунках з ЭЗ можа быць для яго сьмяротным у палітычным сэнсе. Таму ў яго існуе памкненьне — можа, не да канца ўсьвядомленае — прыпадобніцца да Чаўшэску ў Румыніі падчас “халоднай вайны”, які лявіраваў паміж двума блёкамі”.

Чаму Эўропа інтэнсыфікуе кантакты зь беларускім рэжымам?


Карбалевіч: “Якраз напярэдадні беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў кантакты кіраўніцтва Беларусі з эўрапейскімі палітыкамі пашырыліся. У панядзелак Менск наведаў міністар замежных спраў Славакіі, які прадстаўляў Эўразьвяз. У чацьвер тут пабываў вядомы палітык, былы міністар замежных спраў Нямеччыны Геншэр. Наступным тыднем Лукашэнка наведае Літву. МВФ ахвотна і бесьперапынна дае Беларусі вялікія крэдыты. Калі раней любыя рэпрэсіі супраць апанэнтаў выклікалі заявы з боку эўрапейскіх інстытуцый і палітыкаў, то цяпер нічога гэтага няма. Эўропа заплюшчыла вочы на зьяўленьне ў Беларусі новых палітвязьняў. Чаму так?

Рэагуючы на тэзіс сп. Богдана, хачу адзначыць, што мы ведаем шмат выпадкаў, калі дыктатарскія рэжымы ўступалі ў цесныя стасункі з Захадам, але гэта мала ўплывала на іх дыктарскую сутнасьць”.
У Брусэлі перамагла думка, што палітыка ізаляцыі Беларусі не дала выніку.


Мельянцоў: “Бясьпека для ЭЗ важнейшая за дэмакратыю ў іншых краінах. Адзін з прыярытэтаў у вонкавай палітыцы ЭЗ — пабудова поясу добрасуседзтва вакол Эўразьвязу. Гэтае пытаньне актуалізавалася пасьля леташняй Каўкаскай вайны. Пасьля гэтага была прынятая праграма “Ўсходняе партнэрства”. У Брусэлі перамагла думка, што палітыка ізаляцыі Беларусі не дала выніку. Таму трэба праводзіць палітыку ўцягваньня Беларусі, размаўляць ня толькі зь беларускай апазыцыяй, але і з уладамі. Для гэтага трэба павялічваць колькасьць міжнародных праектаў, у якія ўцягваецца Беларусь: гандаль, культурныя, адукацыйныя абмены.

Брусэль лічыць, што цяпер ёсьць спрыяльныя ўмовы, каб рэалізаваць сваю стратэгію. На гэта ўплывае і эканамічны крызіс, і пагаршэньне беларуска-расейскіх дачыненьняў. Лукашэнка прадае ЭЗ геапалітычную ляяльнасьць і атрымлівае ўзамен грошы альбо палітычную падтрымку. Узамен ЭЗ бярэ абавязкі не трансфармаваць тут палітычны рэжым”.

Карбалевіч: “Але буйныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні неяк дрэнна стасуюцца з паняцьцем “геапалітычнай ляяльнасьці” ў адносінах да ЭЗ. І другое пытаньне: наколькі дыктатарскія рэжымы бясьпечныя для суседзяў?”

Богдан: “Узьнікае пытаньне: хто выконвае ролю хваста, а хто ролю сабакі?”

Мельянцоў: “Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні знаходзяцца па-за зьдзелкай Беларусі з ЭЗ. Да таго ж Расея трансфармавала сутнасьць гэтых вучэньняў. Яны ўжо мысьляцца не як беларуска-расейскія вучэньні, а як вучэньні АДКБ. Абвешчана, што ў іх будзе ўдзельнічаць армянскі вайсковы кантынгент. Зь іншага боку, беларускі вайсковы кантынгент удзельнічае ў вучэньнях НАТО, хоць пра гэта шырока не абвяшчаецца.

Пытаньне наконт бясьпечнасьці для суседзяў дыктатарскіх рэжымаў спрэчнае. Пытаньне ў тым, наколькі ЭЗ зможа кантраляваць працэсы ўнутры Беларусі. Уцягваньне Эўразьвязам Беларусі ў свае праекты падвысіць ступень кантраляваньня беларускага рэжыму”.

Богдан: “Дзякуючы самому свайму існаваньню і выжываньню, рэжым Лукашэнкі змог усталяваць сябе ў міжнароднай палітыцы і атрымаць міжнародную легітымацыю. ЭЗ цяпер разумее, што рабіць з гэтым рэжымам.
Уцягваньне Эўразьвязам Беларусі ў свае праекты падвысіць ступень кантраляваньня беларускага рэжыму.


Дзьве прычыны прывялі да зьмены стаўленьня ЭЗ да Беларусі. Пагроза з боку Расеі Эўропе і дэградацыя на межах Эўразьвязу. У Брусэлі лічаць, што больш прымальная сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі, чым дэградацыя, падобная да той, якая існуе ў трэцім сьвеце.

Зь іншага боку, Лукашэнка засвоіў навуку дыктатараў. Прэзыдэнт ЗША сказаў пра дыктатара Самосу ў Нікарагуа: “Гэта нягоднік, але наш нягоднік”. Лукашэнка прыйшоў да высновы, што неабавязкова быць “сваім нягоднікам” для ЭЗ, дастаткова быць “патрэбным нягоднікам”. Але тут узьнікае пытаньне: хто выконвае ролю хваста, а хто ролю сабакі?”

Ці доўга можна сядзець у шпагаце?


Карбалевіч: “Некаторыя экспэрты кажуць, што такая палітыка балянсаваньня доўга працягвацца ня можа. Нямецкі палітоляг Рар яшчэ мінулым годам казаў: маўляў, пагляджу, як Лукашэнка зможа вытрымаць такі шпагат паміж Расеяй і Эўропай. Але, гледзячы па ўсім, Лукашэнка вельмі пасьпяхова вытрымлівае гэты шпагат. І няма ніякіх прыкметаў таго, што гэта хутка скончыцца. І такая палітыка дапаможа Лукашэнку пасьпяхова выйграць прэзыдэнцкія выбары”.

Мельянцоў: “У палітыцы лявіраваньня ёсьць патэнцыял. Кіраўніцтва Швэцыі, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, заявіла, што падчас крызісу праграма “Ўсходняе партнэрства” ня будзе стаяць высока на парадку дня Эўразьвязу. Наступнае прэзыдэнцтва будзе за Гішпаніяй, якая ня вельмі зацікаўленая ў гэтай праграме. А Лукашэнку гэтае зацягваньне з рэалізацыяй “Усходняга партнэрства” ў пэўным сэнсе выгоднае. Бо ад яго не патрабуецца канчаткова вызначыцца, у якім інтэграцыйным праекце Беларусь будзе ўдзельнічаць — у эўрапейскім ці расейскім.

Таму Лукашэнка імкнецца захаваць эканамічныя прэфэрэнцыі, вайскова-палітычную падтрымку з боку Расеі. А ад ЭЗ Менск хоча атрымаць інвэстыцыі, пазыкі. І такім чынам забясьпечыць сабе трывалае становішча падчас прэзыдэнцкіх выбараў”.

Богдан: “Калі шпагат будзе той самы, то доўга знаходзіцца ў ім Лукашэнка ня зможа. Але ён будзе мяняць сам шпагат. Лукашэнка перамяшчае цяжар сваіх стасункаў у бок ЭЗ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG