Місія МВФ станоўча ацаніла зрухі, якія адбыліся ў эканоміцы Беларусі цягам апошняга часу. На думку экспэртаў фонду, беларускі ўрад збольшага выконвае умовы, прадугледжаныя крэдытнай праграмай. Разам з тым, МВФ патрабуе больш жорсткай крэдытнай палітыкі, якая мае стрымаць унутраны попыт і палепшыць плацёжны балянс краіны.
У кастрычніку Выканаўчая рада дырэктараў МВФ пачне разгляд пытаньня пра пералічэньне Беларусі трэцяга траншу крэдыту ў памеры каля 700 мільёнаў даляраў. Сёньня старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч падчас справаздачы ў Аляксандра Лукашэнкі выказаў спадзяваньне, што чарговая транша ад МВФ можа быць атрыманая ўжо ў другой палове кастрычніка.
У жніўні рада дырэктараў МВФ ухваліла дадатковыя крэдыты для краін-сябраў арганізацыі на суму 250 мільярдаў даляраў. Аднак, як паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ у Менску, Беларусь з гэтай сумы нічога не атрымае:
“Не, яны ніяк не зьвязаныя. Мы ўжо атрымалі павелічэньне сумы на 1 мільярд даляраў пасьля першага агляду місіі МВФ. І пакуль усё, на гэты момант нейкіх іншых магчымасьцяў не разглядаецца. Паколькі нам падвысілі суму яшчэ раней, таму нічога дадаткова не разьмяркоўваецца. Бо ў нас ужо ёсьць адмысловая праграма, і ў рамках гэтай праграмы выдзяляюцца 3,5 мільярда даляраў. Як яшчэ можа быць інакш?”
Паралельна ўлады Беларусі спрабуюць дамовіцца з кіраўніцтвам Расеі, каб атрымаць стабілізацыйныя крэдыты на паўмільярда даляраў і 100 мільярдаў расейскіх рублёў. Аднак сёньня прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін даў зразумець: спадзявацца на такую магчымасьць складана. Ён заявіў, што Расея бліжэйшым часам ня будзе сама карыстацца зьнешнімі крэдытамі, а таксама не зьбіраецца выступаць у якасьці “донара”.
Як кажа эканаміст Валерый Кругавы, у сучасных умовах Беларусі асабліва не выпадае разьлічваць на іншыя варыянты, як толькі прасіць пазыкі ў МВФ. Ён перакананы, што фонд і надалей будзе вымушаны нарошчваць выдаткі на падтрымку эканомік, якія пацярпелі ад крызісных зьяваў. На яго думку, менавіта пра гэта будзе весьціся гаворка і заўтра ў Лёндане на сустрэчы міністраў фінансаў краінаў “вялікай дваццаткі”, і 24—25 верасьня на саміце кіраўнікоў G20 у амэрыканскім Пітсбургу:
“Рэсурсы МВФ на гэтыя мэты павялічаныя, бо самі па сабе рэсурсы прадугледжаныя якраз для краінаў, якія разьвіваюцца, для краінаў, якія знаходзяцца ў найбольш складаным становішчы. Бо са сродкаў МВФ не крэдытуюцца ні ЗША, ні Японія. Ну, і натуральна, што Беларусь у ліку патэнцыйных прэтэндэнтаў будзе таксама. Ці дастанецца штосьці з павялічаных фондаў МВФ? Разумееце, ёсьць пэўныя працэдуры. Ёсьць палітычнае рашэньне, якое яшчэ павінна быць адпрацавана тэхнічна. На гэта пойдзе шмат часу. Потым яшчэ трэба сабраць грошы, і толькі тады будзе раздача. Натуральна, што Беларусь стаіць у якойсьці чарзе, але не на самым першым месцы. У любым выпадку давядзецца пачакаць. Але дачакаюцца”.
У студзені Беларусі выдзелены крэдыт stand-by у памеры блізу 2,5 мільярда даляраў пад праграму эканамічных рэформаў, разьлічаную на 15 месяцаў. 800 мільёнаў даляраў атрыманыя напачатку 2009 году, другая транша паступіла 2 ліпеня — блізу 680 мільёнаў даляраў. У чэрвені МВФ ухваліў павелічэньне аб'ёму крэдытнай праграмы яшчэ на 1 мільярд, агулам — да 3,5 мільярда.