Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзкае малако павязуць у Акапульку


Лідзкае малако зараз будуць спажываць там, дзе прыдумалі тэкілу - у Мэксыцы. Праўда, яго давядзецца разводзіць вадой, бо яно будзе ў парашку. Які мэханізм такіх паставак?


У Мэксыку Лідзкі малочна-кансэрвавы камбінат дамовіўся паставіць трыста пяцьдзясят тонаў сухога малака. Я пацікавіўся ў дырэктара камбінату Андрэя Эйсымонта, як удаецца знаходзіць новыя рынкі збыту. Гэтым займаецца аддзел маркетынгу і зьнешніх сувязяў прадпрыемства, а ці дапамагае яшчэ нехта?

Эйсымонт: “Усе дапамагаюць, усе цяпер займаюцца гэтым, прэзыдэнт усім паставіў задачу прадаваць, усе й прадаюць. Дапамагаюць - і райвыканкам дапамагае, і Мінсельгасхарч, і самі мы займаемся. Як тут падзяліць?”

Пошукамі партнэраў за акіянам, якія гатовыя набыць беларускае парашковае малако, займаюцца таксама беларускія дыпляматы. Гаворыць дырэктар лідзкага малочна-кансэрвавага камбінату Андрэй Эйсымонт:

“Працуюць пасольствы нашыя ў краінах розных, таксама знаходзяць партнэраў, вызначаюць рынак пэўнай прадукцыі, зводзяць нас з партнэрамі, таксама ўдзельнічаюць у гэтай справе. Так што тут мноства чыньнікаў. Нельга сказаць: вось адзін такі рэцэпт - і так трэба працаваць”.

Сто тонаў лідзкага сухога малака ў бліжэйшым часе мяркуюць адправіць у Аўганістан. Як удалося знайсьці пакупнікоў у гэтай краіне - пытаньне да дырэктара камбінату Андрэя Эйсымонта:

“Ёсьць структуры, якія займаюцца пастаўкамі ў Аўганістан. Мне цяжка сказаць, я пад кулі ня езьдзіў”, - адказаў Андрэй Эйсымонт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG