Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто гаворыць праўду: Лукашэнка ці Ярмошына?


А.Лукашэнка і Л.Ярмошына
А.Лукашэнка і Л.Ярмошына

Калектыўны зварот да Генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча ініцыюе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Падстава звароту — публічнае прызнаньне Аляксандрам Лукашэнкам фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.


Подпісы пад дакумэнтам у Генэральную пракуратуру паставяць 50 вядомых грамадзянаў Беларусі.

Збор подпісаў пачаўся ад сёньняшняга дня. Мяркуецца, што на гэта пойдзе тры-чатыры дні, пасьля чаго зварот перададуць Генэральнаму пракурору, а таксама накіруюць у шэраг міжнародных структураў — ад АБСЭ да Эўразьвязу, кажа Анатоль Лябедзька:

“Зьвязана гэта з заявай Аляксандра Лукашэнкі, ужо другой, дарэчы, у якой ён шчыра прызнаецца ў фальшаваньні вынікаў выбарчай кампаніі. Да таго ж гэта гучыць напярэдадні новай прэзыдэнцкай кампаніі, мясцовых выбараў. І я лічу, што гэта даволі цынічны выклік і грамадзянам Беларусі, і міжнароднай супольнасьці. І калі на гэта не рэагаваць, то гэта азначае, што мы прымаем да ведама інфармацыю, якую агучыў Аляксандар Лукашэнка. І таксама, што праз год будзе новая ксэракопія старых падзеяў. Таму наша задача — прыцягнуць увагу ўнутры краіны і міжнароднай супольнасьці да праблемы свабодных выбараў у Беларусі”.

У інтэрвію, якое Аляксандар Лукашэнка даў першаму намесьніку генэральнага дырэктара ІТАР-ТАСС Міхаілу Гусману, кіраўнік Беларусі сказаў:

“За мяне на апошніх выбарах прагаласавала, да ведама, 93%. І я прызнаўся потым, калі мяне проста пачалі ціснуць, што мы сфальшавалі выбары. І я груба сказаў: “Так, сфальшавалі”. Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80%, я ня памятаю, колькі. Таму што за 90 — гэта ўжо псыхалягічна не ўспрымаецца. Але гэта была праўда”, — прызнаецца кіраўнік Беларусі.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына сёньня ў эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода пракамэнтавала гэтае выказваньне так:

“Я магу сказаць: Цэнтральная выбарчая камісія не атрымлівала ніякіх указаньняў. І надрукавала тыя лічбы, якія яна атрымала з тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Таму тое, што атрымалі, тое і перадалі, тое і падсумавалі.

Мы гатовыя прадэманстраваць усе пратаколы тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, каб цалкам пацьвердзіць усю нашу статыстыку. Яна адкрытая, нашы зборнікі надрукаваныя і маюцца ў бібліятэках”.

Анатоль Лябедзька ўдакладняе, хто падпішацца пад зваротам:

“І тыя, хто ўдзельнічаў у апошняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты, і тыя, хто вылучаўся кандыдатамі ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах. А таксама прадстаўнікі інтэлігенцыі, культуры. Ад гэтага павінен быць моцны рэзананс.

Паралельна мы павінны дамагацца сыходу з пасады спадарыні Ярмошынай і ўсіх тых, хто рабіў фальшаваньне, пра якое шчыра сказаў Аляксандар Лукашэнка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG